Суды і выракі 30 чэрвеня: 3 гады калёніі за спробу абараніць маці ад АМАПу, 2,5 гады «хіміі» за абразу сілавікоў

У Беларусі працягваецца крымінальны перасьлед грамадзян за выказваньне палітычнай пазыцыі і пратэсты супраць уладаў. Свабода сочыць на прысудамі і разглядам справаў у судах.

Хацеў абараніць маці — атрымаў тры гады калёніі

У Гомлі пакаралі пазбаўленьнем волі на 3 гады Сяргея Дзецука. У сакавіку АМАП уварваўся ў кватэру, дзе ён жыве з маці, і груба абыходзіўся з 66-гадовай жанчынай, былой выкладчыцай БелДУТ. Сын спрабаваў абараніць маці і трапіў пад крымінальны артыкул.

66-гадовую Валерыю Дзецук у сакавіку абвінавацілі ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» — пікеце ў лесе. Ранкам 6 сакавіка ў кватэру кандыдаткі хімічных навук, былой выкладчыцы ўнівэрсытэту, уварваўся АМАП. Назаўтра сын расказаў Свабодзе, што з маці жорстка абыходзіліся, стукнулі яе, забралі і завезьлі на ІЧУ. Ён канфліктаваў з міліцыяй, калі маці затрымлівалі, і пазьней сам трапіў у СІЗА. Сяргея абвінавацілі ў гвалце над міліцыяй (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу). 30 чэрвеня суд пакараў яго пазбаўленьнем волі на 3 гады.

Сергею Дзецуку — 35 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі пасьля 5 дзён у ізалятары 66-гадовую экс-выкладчыцу пакаралі штрафам за «пікет у лесе»

Прысуд за абразу міліцыянтаў: 2 гады 6 месяцаў «хіміі» за абразу трох сілавікоў

У Магілёве 30-гадовага жыхара Бялынічаў Расьціслава Кушнярова асудзілі на 2 з паловай гады «хіміі» за абразьлівыя камэнтары пра трох міліцыянтаў. Апрача таго, ён мае выплаціць сілавікам па 1 тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Падсуднаму інкрымінавалі «публічную зьнявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў» (369 артыкул КК). Сваю віну ён прызнаў цалкам, на працэсе заявіў, што раскаяўся ва ўчыненым і ў судовай залі папрасіў прабачэньня перад пацярпелымі міліцыянтамі.

Крымінальную справу супраць Кушнярова разглядалі ў судзе Ленінскага раёну пад старшынствам судзьдзі Алены Літвіной. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляла Алена Ісакава з магілёўскай пракуратуры. Падсудны бараніў сябе сам.

Што зрабіў падсудны

Паводле абвінавачаньня, падсудны летась у лістападзе ды сьнежні, быўшы ў Маскве, пакінуў у тэлеграм-канале, які ад 21 сакавіка 2021 году лічыцца экстрэмісцкім, абразьлівыя камэнтары пад фатаздымкамі з асабістымі зьвесткамі міліцыянтаў. У допісе да публікацыяў гаварылася, што гэтыя супрацоўнікі «ўдзельнічалі ў разгонах мірных дэманстрантаў ды давалі лжывыя сьведчаньні ў судах».

Абвінавачаньне настойвала, што ў камэнтарах Кушнярова была дапушчана ў «непрыстойнай форме нэгатыўная ацэнка супрацоўнікаў унутраных справаў». Сваімі выказваньнямі ён «меў намер публічна зьняважыць прадстаўніка ўлады» дзеля «падрыву аўтарытэта дзяржаўнай улады», а таксама прыніжэньня гонару і годнасьці супрацоўнікаў міліцыі ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў.

Камэнтары Кушнярова прызнала зьняважлівымі лінгвістычная камісія.

Прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня прасіла суд пакараць Кушнярова трыма гадамі абмежаваньня волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, а таксама ў поўным аб’ёме задаволіць пазоўныя патрабаваньні пацярпелых. Кожны зь іх ацаніў маральныя пакуты ад камэнтароў абвінавачанага ў 1 тысячу рублёў. Гэтыя сродкі яны зьбіраюцца аддаць на дабрачыннасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рэчыцы за слова «тварь» на адрас міліцыі судзяць хворую на рак пэнсіянэрку

Пазыцыя абвінавачанага

Пра тое, што жыхар райцэнтру трапіў пад крымінальны перасьлед за зьняважлівае выказваньне пра супрацоўніка магілёўскага АМАП, стала вядома ў сакавіку з паведамленьня прэсавага сакратара МУС Вольгі Чамаданавай. На відэа затрыманы мужчына, імя якога не называецца, кажа, што «лепей бы гэтага не пісаў і нікому не рэкамэндую пісаць».

У судзе Кушняроў прызнаў, што ня ведаў ніводнага з пацярпелых і не валодаў дакладнымі зьвесткамі пра іхную супрацьпраўную дзейнасьць, а ў сваіх меркаваньнях аб сілавіках абапіраўся на матэрыялы, прагледжаныя ў сацыяльных сетках. Мужчына пагадзіўся з пазыцыяй пракурора, што сваімі камэнтарамі «беспадстаўна даваў нэгатыўную ацэнку міліцыянтам», аднак, выказаў сумнеў, што «ананімны тэлеграм-канал можа падарваць бясьпеку краіны».

На ягоную думку, міліцыянты мусяць быць псыхалягічна ўстойлівымі да зьняваг, бо іх да гэтага рыхтуюць і «яны праходзяць тысячы тэстаў». Разам з тым свае камэнтары Кушняроў назваў дурнотаю, паабяцаў далей сачыць за сабою і не зьневажаць людзей.

Што казалі пацярпелыя

Як вынікала з паказаньняў пацярпелых, яны даведаліся пра зьняважлівыя камэнтары ў тэлеграм-канале, у тым ліку выказваньні Кушнярова, ад калег па службе. Міліцыянты настойвалі, што ня ўдзельнічалі ў супрацьпраўных дзеяньнях, а выконвалі свае службовыя абавязкі.

Па словах міліцыянтаў, зьяўленьне зьняважлівых камэнтароў было ўспрынята імі «балюча» і стварала псыхалягічны дыскамфорт. Яны, казаў адзін з пацярпелых, абмяркоўваліся роднымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор просіць максымальнага пакараньня для жыхара Гомля, які абразіў начальніка мясцовага АМАП

1,5 года «хатняй хіміі» за камэнтар у «Аднаклясьніках»

29 чэрвеня ў судзе Бярозаўскага раёну асудзілі Тацяну Дзямідчык, якую вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу. Справу вяла судзьдзя Алена Нямкова, дзяржаўнае абвінавачаньне прадстаўляў пракурор Дзьмітры Яфімаў.

Пацярпелым у справе праходзіў маёр міліцыі з Драгічынскага РАУС Юры Чарнышкоў, які плянуе прасіць суд прыцягнуць да адказнасьці 97 аўтараў камэнтароў пад допісам у «Аднаклясьніках», з-за якога пачалася і гэтая справа.

Пад фота Чарнышкова ў сацыяльнай сетцы Дзямідчык напісала «Маму шкада, вырадка нарадзіла». Згодна з ацэнкай экспэрта, камэнтар утрымліваў нэгатыўную ацэнку супрацоўніка міліцыі. Абвінавачаная віну прызнала. Суду патлумачыла, што знаходзілася дома, дзе даглядае за хворым сьвёкрам, пабачыла ў аднаклясьніках інфармацыю, што Юры Чарнышкоў зьбіваў дзяўчыну, а пасьля здаў яе АМАПу, пад эмоцыямі пакінула камэнтар.

На пытаньне пракурора, чаму жанчына разьмясьціла камэнтар, калі ўсьведамляла, што ён абразьлівы, Тацяна Дзямідчык адказала:

«Эмоцыі сыгралі, быў такі час! Паказвалі ўсё і паўсюль — бязладзьдзе, паводзіны міліцыянтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Наваградку пакаралі годам «хіміі» за два словы ў інстаграме

Міліцыянт Чарнышкоў запярэчыў інфармацыю, апублікаваную пра яго ў інтэрнэце, заявіўшы, што ніякай дзяўчыны не зьбіваў, а затрымліваў 10 жніўня ў Драгічыне толькі дваіх хлопцаў.

Пад фота з выявай Чарнышкова беларусы пакінулі 97 камэнтароў, усіх вінаватых ён зьбіраецца знайсьці і прыцягнуць да адказнасьці. Суд над Тацянай Дзямідчык — ужо пяты працэс, дзе міліцыянт Чарнышкоў праходзіць пацярпелым. Пры гэтым суды ён называе «болем», які ён, аднак, «вымушаны працягваць».

Прысуд Дзямідчык — 1,5 года «хатняй хіміі». Акрамя таго, жанчына павінна выплаціць кампэнсацыю міліцыянту ў памеры 1500 рублёў. Заробак жанчыны пры гэтым складае толькі 250 рублёў штомесяц.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суды і выракі 29 чэрвеня: 1 год «хіміі» за сарваны чырвона-зялёны сьцяг