Мікола Дзядок на судзе выглядае бадзёра, усьміхаецца. Падтрымаць яго прыйшлі каля 30 чалавек, у тым ліку бацькі і нявеста Міколы. Таксама ў залю пусьцілі некалькі журналістаў, піша «Новы час».
Мікола Дзядок заявіў хадайніцтва аб допуску да працэсу ў якасці абаронцы ягонага бацькі Аляксандра Дзядка, які мае юрыдычную кваліфікацыю і досьвед. Таксама абвінавачаны просіць выдаліць з залы суда журналістку газэты «Беларусь сегодня» Людмілу Гладкую, бо яе дапытвалі як сьведку. Абодва хадайніцтвы суд адхіліў.
Пракурор зачытаў абвінавачаньне:
- «23 жніўня не пазьней за 14 гадзін прыбыў на перасячэньне праспэкта і вуліцы Купалы, прыняў удзел у супрацьпраўных дзеяньнях з групай грамадзян, што пацягнула блякаваньне транспартнага руху. Гэта праявілася ў выкрыкваньні лёзунгаў, парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства, ён адмовіўся падпарадкавацца супрацоўнікам у форменным абмундзіраваньні, якія несьлі працу для ахову парадку».
- «Шляхам узьдзеяньня на сьвядомасьць людзей праз інтэрнэт Мікола Дзядок з 4 жніўня па 1 лістапада 2020 года распаўсюдзіў матэрыялы, накіраваныя на падрыў бясьпекі Рэспублікі Беларусь, рабіў штучнае нагнятаньне напружанасьці паміж грамадзтвам і дзяржавай».
- «Дзеяньні Міколы Дзядка пагражалі жыцьцю і здароўю людзей, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь».
- «Пры нявысьветленых абставінах вырабіў дзьве бутэлькі з сумесьсю аўтамабільнага бэнзіну і алею, якую захоўваў па месцы жыхарства ў Магілёўскай вобласьці, давесьці да канца сваю злачынную задуму з гаручай сумесьсю не пасьпеў, бо быў затрыманы».
Мікола Дзядок віну не прызнаў ні па адным артыкуле. Пасьля пачаўся допыт сьведак. Адзін зь іх, 69-гадовы пэнсіянэр Уладзімер Палякоў, які быў панятым пры ператрусе, заявіў, што пры ператрусе ў абвінавачанага былі знойдзеныя экстрэмісцкія брашуры. Тады Мікалай запытаў у яго, ці зьяўляецца пэнсіянэр экспэртам у сфэры экстрэмізму. А калі не, дык як ён мог вызначыць, што знайшлі брашуры менавіта з экстрэмісцкім зьместам.
Адвакат Дзядка Яўген Маслаў сказаў, што знайшоў істотныя супярэчаньні ў паказаньнях сьведкі і хадайнічае агучыць паказаньні Палякова, дадзеныя да суду. Суд пагадзіўся.
Абаронца спытаў, адкуль Палякову быў вядомы год нараджэньня Дзядка, які ён указаў у пратаколе допыту. Сьведка адказаў, што ня ведае. Таксама ён ня здолеў сказаць, адкуль яму вядома, што бутэлькі былі загорнутыя ў матэрыю, як ён указаў падчас допыту. Палякоў сьцьвярджаў, што на кухні падчас ператрусу былі ён і двое супрацоўнікаў. Дзядка і другога панятога не было. Хоць у пратаколе сказана, што ніхто нікуды не адыходзіў падчас ператрусу. Цяпер сьведка сказаў, што адыходзілі, бо ён хадзіў са сваёй «групай» супрацоўнікаў, другі паняты — са сваёй.
Пасьля 15-хвіліннага перапынку ў суд выклікалі яшчэ адну сьведку, гаспадыню кватэры ў Сасновым Вольга Радзівонава. Яна сказала, што прыяжджала да Міколы незадоўга да яго затрыманьня, зазірала ў шафу, дзе потым нібыта знайшлі бутэлькі. Тады там іх не было. Пра тое, што ў яе кватэры быў ператрус, сьведка даведалася з навінаў.
У 12.46 суд перайшоў да дасьледаваньня пісьмовых матэрыялаў справы. Пракурор зачытаў вынікі судова-мэдычнай экспэртызы Дзядка за 17 і 24 лістапада 2020 году: «Крывавадцёкі верхняга і ніжняга павек, паясьніцы, плечавога суставу, сьцёгнаў... 13 траўматычных узьдзеяньняў цьвёрдым тупым прадметам, што не характэрна для падзеньня».
10 сьнежня 2020 году была праведзена экспэртыза вадкасьці з бутэлек, нібыта знойдзеных пры ператрусе. Заключэньне экспэрта: сумесь аўтамабільнага бэнзіну і алею, што зьяўляецца лёгказапальнай вадкасьцю. Але паводле праведзенай 25 лістапада судова-дактыляскапічнай экспэртызы, на бутэльках сьлядоў рук няма.
Лінгвістычная экспэртыза сваё заключэньне стасоўна допісаў Дзядка ў тэлеграм-канале ня скончыла, заявіўшы пра яго немагчымасьць, бо «гэтыя пытаньні выходзяць па-за межы ведаў экспэртаў».
Працэс працягнецца 1 ліпеня а 10.30.
Справа Міколы Дзядка
Аўтара газэты «Новы час» анархіста Міколу Дзядка абвінавачваюць паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў);
- ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе інтэрнэту).
Мікола Дзядок не прызнае віны ні па адным з названых артыкулаў, ацэньвае гэта як перасьлед за погляды, перакананьні і жаданьне гаварыць праўду.
У актывіста застаюцца праблемы са здароўем: частыя галаўныя болі і праблемы са страўнікам. Прасіў абсьледаваць яго і правесьці фібрагастраскапію, аднак усе скаргі ігнаруюцца. Акрамя таго, ён практычна не атрымлівае лістоў, а родным карэспандэнцыя ад яго даходзіць зь перабоямі.
Міколу Дзядка затрымалі позна ўвечары 11 лістапада супрацоўнікі ГУБАЗіК і МУС у загарадным доме ў пасёлку Сасновы. Пры затрыманьні моцна зьбілі, а ў вочы распылілі пярцовы газ. Пасьля затрыманьня Міколу адвезьлі ў Менск у ГУБАЗіК. Там ён чатыры гадзіны праляжаў тварам у падлогу, яго пры гэтым зьбівалі дубінкай, білі электрашокерам па пятках, пагражалі згвалтаваньнем.
Некалькі разоў Міколу пераводзілі ў Жодзіна і назад у Менску у СІЗА на Валадарскага. За час зьняволеньня Дзядка неаднаразова кідалі ў карцар. Палітвязень паведамляў, што турэмная адміністрацыя абмяжоўвае ліставаньне зь ім і не надае неабходнай мэдычнай дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Камэры ў „амэрыканцы“ перапоўненыя, арыштанты ляжаць на „верталётах“». Што новага ў справах затрыманых анархістаўМікола Дзядок раней ужо перабываў у зьняволеньні, прызнаваўся палітвязьнем. 27 траўня 2011 году яго асудзілі да 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкулу 339 ч. 2 (Хуліганства) за напад на амбасаду Расеі ў Менску.
Віны ён не прызнаў, адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. У лютым 2015-га яму прысудзілі яшчэ 1 год турмы за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі».
Вызвалены ў 2015 годзе разам зь іншымі палітвязьнямі.