Злучаныя Штаты Амэрыкі вітаюць увядзеньне новых сэктаральных санкцый Эўразьвязу супраць афіцыйнага Менску і будуць назіраць за разьвіцьцём сытуацыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя тыдні.
Пра гэта заявіла намесьніца памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Кара МакДональд на онлайн-форуме «Новая Беларусь супраць катаваньняў», які арганізавала беларуская дыяспара.
«ЗША, як і многія краіны па ўсім сьвеце, былі глыбока натхнёныя мірным пратэстам беларусаў за магчымасьць прагаласаваць на свабодных і сумленных выбарах, — цытуе дыпляматку БелаПАН. — Але рэжым Лукашэнкі на мірнае жаданьне дэмакратычных пераменаў адказаў рэпрэсіямі і гвалтам».