Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зрынуць санкцыі Лукашэнку? Дыскусія экспэртаў


Саміт Эўразьвязу, Брусэль, 24 чэрвеня 2021
Саміт Эўразьвязу, Брусэль, 24 чэрвеня 2021

Дзеля якіх мэтаў былі ўведзеныя сэктаральныя санкцыі адносна Беларусі? Якімі могуць быць наступствы ваеннага становішча, якое паабяцаў у адказ на санкцыі ўвесьці Лукашэнка? Якой будзе рэакцыя грамадзтва на санкцыі, ці выклічуць яны грамадзкі пад’ём?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» адказваюць палітоляг, кіраўнік Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў і былы дыплямат, старшы палітычны аналітык Цэнтру новых ідэяў Павал Мацукевіч.

Вусаў

  • Мэта санкцыяў — выкананьне палітычных патрабаваньняў: вызваленьне палітвязьняў, спыненьне тэрору, арганізацыя новых свабодных дэмакратычных выбараў.
  • На думку эўрапейскіх палітыкаў, ёсьць легітымны прадстаўнік ня толькі беларускай апазыцыі, але і беларускага грамадзтва — гэта Сьвятлана Ціханоўская.
  • Іншымі словамі, мэта санкцыяў — выхад з палітычнага крызісу і дэмакратызацыя краіны.
Павал Вусаў
Павал Вусаў
  • Эўразьвяз непасьлядоўны ў сваёй палітыцы, чацьвёрты пакет санкцыяў быў прыняты толькі тады, калі ўлады пайшлі на сілавы прымус да пасадкі самалёта Ryanair.
  • Такія санкцыі, якія ўведзеныя цяпер, павінны былі быць уведзеныя пасьля выбараў 2020 году.
  • Але тады ЭЗ спадзяваўся, што Лукашэнка пойдзе на перамовы.
  • Аднак стала зразумела, што нічога мяняць ён не зьбіраецца, сыходзіць не зьбіраецца, і ЭЗ не засталося нічога іншага, як перайсьці да больш жорсткіх дзеяньняў.
  • Пакуль Эўразьвяз вагаўся з санкцыямі, загінулі 12 чалавек.
  • Адна з мэтаў санкцыяў — пазбаўленьне рэжыму і яго элітаў камфортнага існаваньня.
  • Праблема санкцыяў у іх непасьлядоўнасьці. Калі ЭЗ адносна рэжыму будзе праводзіць такую ж палітыку, якую ён праводзіў з 2006 году — уводзяць санкцыі, палітвязьняў вызваляюць, санкцыі здымаюць, але сыстэма не мяняецца.
  • Лукашэнка можа пайсьці на вызваленьне некаторых палітвязьняў, як гэта было ў 2012 годзе.
  • Цяперашні прымус палітвязьняў пісаць прашэньні аб памілаваньні — гэта пачатак той самай гульні, якая была і пасьля 2006 году, і пасьля 2010 году.
  • Лукашэнка ня вызваліць ні Бабарыку, ні Калесьнікаву да таго часу, пакуль Захад не прызнае яго легітымным кіраўніком.
  • Тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку, будуць абвінавачваць у санкцыях Захад.
  • Тыя, хто супраць Лукашэнкі, хто разумее, чаму былі ўведзеныя санкцыі, той будзе падтрымліваць гэтыя санкцыі.
  • Я мяркую, што падзел будзе напалову.
  • Ва ўмовах жорсткага рэжыму і нават ваеннага становішча нават пагаршэньне эканамічнага стану рэдка прыводзіць да адкрытых масавых выступаў.

Мацукевіч

  • У якасьці асноўнай прычыны эканамічных санкцыяў называецца інцыдэнт з самалётам.
  • Мяне крыху дзівіць, што рашэньне аб сэктаральных санкцыях прымаецца фармальна да завяршэньня міжнароднага расьсьледаваньня інцыдэнту з самалётам.
  • Гэтае рашэньне — беспрэцэдэнтнае для беларуска-эўрапейскіх адносінаў.
Павал Мацукевіч
Павал Мацукевіч
  • Насамрэч мэта санкцыяў — прывесьці да зьмены палітычнага рэжыму ў Беларусі.
  • Я ня бачу, у чым шкода для рэжыму, для Лукашэнкі ад гэтых і папярэдніх санкцыяў.
  • Яны дакладна паўплываюць на фінансавае становішча насельніцтва і прадпрыемстваў.
  • Рабочыя БелАЗу і МАЗу, акрамя заробкаў, ня маюць іншых даходаў, у адрозьненьне ад «кашалькоў» рэжыму.
  • Я мяркую, што праз пэўны час адкрыецца канфідэнцыйны канал паміж рэжымам і Захадам, па якім пачнуць абмяркоўваць узаемныя саступкі.
  • Пакуль рэпрэсіўная машына ў Беларусі не збаўляе ходу, яна жыве па сваёй праграме.
  • Улады заяўляюць, што санкцыі — гэта абвяшчэньне вайны.
  • Ваеннае становішча азначае нават фармальнае права ўладаў на любыя дзеяньні.
  • У нашую «камэру» пускалі паветра тады, калі была нармалізацыя адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам.
  • Ва ўладных калідорах мала людзей, якія былі б задаволеныя гэтым санкцыйным змаганьнем.
  • Мы ў пэўным сэнсе рушым у бок Паўночнай Карэі, ізаляцыя ўжо тычыцца і свабоды перасоўваньня, Беларусь заблякаваная.
  • Паводле апошніх сацыялягічных апытаньняў, за Лукашэнку не 3%, а 25%.
  • Беднасьць дакладна не спрыяе пратэстам.
  • У жніўні летась на пратэсты выходзілі ня бедныя.
  • Калі б падобныя санкцыі былі ўведзеныя ў леташнім жніўні, яны маглі б мець грамадзкі эфэкт.

Што было раней

  • Рада Эўразьвязу ўвяла ў дачыненьні да Беларусі сэктаральныя санкцыі, якія раней на гэтым тыдні зацьвердзілі амбасадары ЭЗ. Санкцыі тычацца нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу ЭЗ.
  • 21 чэрвеня міністры замежных справаў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцыяў супраць беларускага рэжыму.
  • Аляксандар Лукашэнка скрытыкаваў заходнія санкцыі, ён лічыць, што беларускія прадпрыемствы абавязаныя паказаць іх неэфэктыўнасьць.
  • Ён заявіў, што дапускае «ўвядзеньне ваеннага становішча ва ўмовах санкцыяў з боку Захаду».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG