Котаў тлумачыць, чаму канкрэтныя кампаніі трапілі ў санкцыйныя сьпісы, хто галоўныя адрасаты санкцый і якія могуць быць нечаканыя наступствы сэктаральных санкцый.
Глядзіце размову на відэа цалкам.
Асноўныя тэзісы Анатоля Котава
Першая рэакцыя на санкцыі — ня толькі эмацыйная
— Самым яскравым пацьверджаньнем, што санкцыі працуюць, будзе вызваленьне палітвязьняў. Тры асноўныя патрабаваньні — вызваленьне палітвязьняў, прыцягненьне да адказнасьці фальсыфікатараў і вінаватых у рэпрэсіях і новыя дэмакратычныя выбары з новым ЦВК пад назіраньнем міжнароднай супольнасьці.
Эмацыйную рэакцыю на санкцыі мы пачулі 22 чэрвеня. Выказаліся ўсе — ад прапагандыстаў да прэм’ер-міністра і палітыка Аляксандра Лукашэнкі, што гэта ўсё «паўторка з Другой сусьветнай вайны». Было шмат эмацыйных наратываў, але насамрэч у гэтыя дні, паводле нашых крыніцаў, праходзяць нарады як на прадпрыемствах, так і на ўзроўні Савету міністраў, што рабіць з гэтымі санкцыямі. Ёсьць уражаньне, што да самага апошняга моманту ўсе нібыта да іх рыхтаваліся, але чакалі нейкага цуду, які ня здарыўся. Цудаў ня трэба. Выканайце тры патрабаваньні, і санкцыі будуць зьнятыя.
Як спрабуюць абысьці санкцыі і ці магчыма гэта
— Цяпер улады шукаюць варыянты, як высьлізнуць з-пад санкцый, як іх абысьці — праз стварэньне дадатковых субʼектаў гаспадараньня, празь якія будуць праводзіцца трансакцыі. Некаторыя беларускія прадпрыемствы ўжо ня пішуць у сваіх паперах, адкуль нейкі тавар паходзіць, шукаюць новыя транспартныя кампаніі, якія будуць дапамагаць хаваць сапраўднае паходжаньне таго ці іншага тавару. Пэўныя спосабы абыходу такіх санкцый ёсьць, але яны даволі лёгка выкрываюцца. У любым выпадку падвышаецца кошт трансакцыяў.
Беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы, якія нешта вырабляюць, і так няшмат зараблялі, бо вялізарная доля прыбытку заставалася заўсёды на рахунках кампаній, якія знаходзяцца за мяжой, якія створаныя як так званая гандлёвая сетка. Цяпер прыбытак беларускіх прадпрыемстваў зьменшыцца ў разы.
Як дзякуючы прымусовай пасадцы самалёта ЭЗ стварыў новы мэханізм сэктаральных санкцый
— Усе ў чаканьні, што ж адбудзецца найбліжэйшымі днямі, калі будзе задзейнічаны новы мэханізм. Трэба падкрэсьліць, што мэханізм увядзеньня сэктаральных санкцый ЭЗ стварыў дзякуючы беларускаму кейсу. Да чэрвеня ў ЭЗ нават не было заканадаўства, якое дазволіла б такія санкцыі ўвесьці. Сэктаральныя санкцыі будуць уведзеныя, як можна здагадацца, на экспартна-імпартныя апэрацыі, незалежна ад таго, якая беларуская фірма прадае ці купляе тавар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі абвалілі цэны на сувэрэнныя эўрааблігацыі БеларусіЯк санкцыі заблякуюць беларускі экспарт і імпарт
— Санкцыі ў стане заблякаваць даволі значную частку беларускага экспарту і імпарту. Калі экспарт, то гэта выручка, а калі імпарт, то гэта якраз камплектуючыя, неабходныя для вытворчасьці пэўных відаў прадукцыі. Немагчыма знайсьці цягам тыдня ці месяца расейскія ці кітайскія аналягі высокатэхналягічных дэталяў, якія выкарыстоўваюцца ў беларускай прамысловасьці. Тыя самыя МАЗы і БелАЗы, якія ідуць на прэміюмныя рынкі, маюць амэрыканскія і эўрапейскія рухавікі і іншыя дэталі, бо зь іншымі дэталямі яны проста на гэтыя рынкі ня трапяць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Управіць мазгі», «вешаць без суду». Што кажуць прапагандысты, якія трапілі пад санкцыі ЭЗХто галоўныя адрасаты санкцый
1. Аляксандар Лукашэнка, якога перадапошнім разам папярэджваюць і прапаноўваюць вярнуць Беларусь на шлях нармальнага дэмакратычнага разьвіцьця.
2. Атачэньне Лукашэнкі, якое на словах вельмі шмат разважае пра сувэрэнітэт, асаблівую эканамічную мадэль, патрыятызм. Патрыёты ў дачыненьні да сваёй краіны так ня робяць, калі бачаць, што кожнае іх рашэньне прыводзіць да пагаршэньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі, да разрыву стасункаў зь міжнароднай супольнасьцю.
3. Бізнэс, які вельмі відавочна працуе на рэжым. Зьявіліся ў санкцыйным сьпісе імёны «гаманцоў» рэжыму, гэта значыць, што ўсе гульні са зьнешнім гандлем у кантрабанду, усе гульні «ўшэрую» і часам нават «учорную» скончыліся. І калі яны яшчэ не прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці, то відавочна, што ў ЭЗ няма ніякай бізнэс-будучыні ў людзей, якія знаходзяцца ў сьпісе, бо яны займаліся кантрабандай. І ім трэба задумацца, што трэба зрабіць, каб зьмякчыць наступствы.
4. Бізнэс у Беларусі. У Менску пачаліся вобшукі ў кампаній, якія сядзелі як мыш пад венікам. Гэта азначае, што цяпер не патрэбныя ніякія падставы, каб заблякаваць дзейнасьць субʼекта гаспадараньня. Рэжыму проста патрэбныя грошы.
5. Працоўныя на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах. Час ужо расплюшчыць вочы, азірнуцца навокал і пабачыць, што яны і так амаль у зруйнаваным стане. Шмат прадпрыемстваў маюць запазычанасьці большыя, чым яны самі каштуюць. Прадпрыемства, якое вартае мінусу, нікому не патрэбнае. Час для рабочых прыняць пэўнае рашэньне. Мы вяртаемся да ідэі страйкаў з патрабаваньнем гаспадарчых зьменаў. На МАЗе і БелАЗе менавіта рабочыя павінны быць атрымальнікамі вынікаў сваёй эканамічнай дзейнасьці, а не замежныя афіліяваныя фірмы, якія забіраюць увесь прыбытак, а рабочым плацяць капейкі.
Чаму канкрэтныя прадпрыемствы падпалі пад санкцыі
— Для ўладаў найбольш адчувальныя санкцыі супраць прадпрыемстваў, зьвязаных са зьнешнегандлёвымі апэрацыямі. Іх даволі шмат. Паводле шматлікіх пацьверджаньняў, яны займаюцца, як мінімум, шэрымі схемамі. Гэта «Глобалкастам-мэнэджмэнт», «Логекс», «Новая нафтавая кампанія», «Брэміна Груп». Гэтыя кампаніі былі створаныя для таго, каб за кошт штучна створаных спрыяльных варункаў яны не плацілі грошы ў бюджэт, а атрымлівалі прыбытак на свае ўласныя рахункі, на прыватныя рахункі кампаній. Многія зь іх вызваленыя ад плацяжу падатку на даданую вартасьць пры імпарце ці экспарце тавараў. Шмат зь іх увозяць тавары на тэрыторыю беларускай і эўраазіяцкай прасторы па заніжаных мытных стаўках. Таму гэта ўдалы ўдар па «гаманцах» Лукашэнкі.
«Белаэранавігацыя» там таксама апынулася невыпадкова — за беспасярэднюю сувязь з інцыдэнтам з самалётам кампаніі Ryanair, бо рэсурсы гэтай арганізацыі былі скарыстаныя, каб змусіць гэты самалёт да пасадкі ў Менску.
За што трапілі ў санкцыйны сьпіс МАЗ і БелАЗ
— БелАЗ трапіў за дзьве рэчы. Увесь зьнешні гандаль БелаАЗу праходзіць не праз само прадпрыемства, а праз спэцыяльна створаныя гандлёвыя дамы, уласьнікам якіх зьяўляецца прэзыдэнцкі спартовы клюб. Якое дачыненьне ён мае да гандлю прадукцыяй БелАЗу? Прычына адна — каб асноўная частка прыбытку трапляла не ў кішэні рабочых, якія там працуюць за капейкі, а ў кішэні дзяржаўных пасярэднікаў. Наступная прычына — на БелАЗе адбываліся рэпрэсіі супраць рабочых, якія спрабавалі страйкаваць.
Аналягічныя прычыны для ўвядзеньня санкцый супраць МАЗу, які ня сам гандлюе, а праз спэцыяльна створаныя фірмы за мяжой. У іх самая разгалінаваная структура за мяжой, калі параўноўваць зь іншымі прадпрыемствамі. І там таксама былі рэпрэсіі супраць рабочых, шмат людзей звольнілі. А таксама за тое, што прадукцыя МАЗу — аўтазакі, якія выкарыстоўваюць для рэпрэсій супраць грамадзкай супольнасьці. Такім чынам, крытэры, па якіх санкцыі былі ўжытыя, — кантрабанда, рэпрэсіі супраць рабочых, непасрэдная падтрымка рэжыму.
Які можа быць эфэкт ад сэктаральных санкцый
— Эфэкт ад сэктаральных санкцый ніхто ня ў стане пралічыць. Ацэнкі розьняцца ад 3% да 15% ВУП Беларусі, ад 8% да 15% беларускага экспарту. У любым выпадку гэта вельмі балюча і сурʼёзна. Гэта непасрэдныя страты рэжыму, але галоўная страта — гэта імідж. Сэктаральныя санкцыі могуць мець даволі нечаканыя наступствы. Хрэстаматыйны прыклад. Амэрыканскія санкцыі супраць нафтавай галіны Беларусі, супраць «Нафтану», прывялі да таго, што расейскія кампаніі адмаўляюць у пастаўках нафты па трубаправодах да таго самага «Нафтану». Ніхто гэтага не чакаў, бо дзе Амэрыка, а дзе Расея, але так адбываецца.
Бо сэктаральныя санкцыі — гэта ўдар па іміджы Беларусі і сыгнал для бізнэсу за мяжой і ўнутры, што з намі ніхто гандляваць ня будзе. Лепей перасьцерагчыся, чым правяраць па рэестры, ці трапіла прадпрыемства пад сэктаральныя санкцыі, ці не, таму лепей пашукаць у іншым месцы партнэра зь меншымі рызыкамі.
Такія сыгналы ўжо ідуць, эўрапейскія банкі адмаўляюцца праводзіць пэўныя плацяжы. Яшчэ няма санкцыяў, але на ўсялякі выпадак лепей падрыхтавацца. Ёсьць дэклярацыі, сумныя для МАЗу і БелАЗу, што амэрыканскія і эўрапейскія вытворцы рухавікоў прыпыняюць пастаўкі, бо для іх гэта больш небясьпечна, чым ня выканаць кантракт зь беларускім прадпрыемствам.