На актора Тэатру беларускай драматургіі Ільлю Ясінскага, якому ў лістападзе сілавікі зламалі хрыбеткі, завялі крымінальную справу. Ён вымушаны быў уцякаць з краіны і цяпер знаходзіцца ў бясьпецы за мяжою, піша Беларуская рада культуры.
«У жніўні я адчуў, што мяне нічога ня спыніць у змаганьні за свабоду і справядлівасьць. Зараз я ўражаны тым, колькі штодня робяць беларускія дыяспары! Зь Беларусі гэта ня так відаць, але тут барацьба не спыняецца ніколі. Хваля натхненьня, падтрымкі і гонару за беларусаў надае моцы і ўпэўненасьці ў нашай сьветлай справе!», — зазначыў Ільля.
Ясінскі далучыўся да Рады культуры і дапамагае ў арганізацыі Міжнароднага тыдня беларускай культуры.
Актор паведаміў Свабодзе, што ў першыя дні адаптавацца за мяжой яму паспрыяў фонд «Дапамога». Паводле якога артыкулу на яго ў Беларусі заведзена крымінальная справа, Ільля ня ведае, кажа, што не надае гэтаму вялікай увагі. Яна, на яго думку, можа быць зьвязанай з затрыманьнем у лістападзе летась. На здароўе Ясінскі ня скардзіцца, спадзяецца, што праблемы ўжо ў мінулым.
Актор нарадзіўся 26 верасьня 1984 у Жодзіне. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У РТБД працуе з 2012 году. Вядомыя спэктаклі зь ягоным удзелам — «Бэтон», «Шлюб зь ветрам», «Кар’ера доктара Раўса». Таксама здымаецца ў кіно, выканаў ролю Вацлава Ластоўскага ў фільме «Купала».
15 лістапада 2020 году Ясінскага затрымалі ў Менску і жорстка білі ў аўтобусе і аўтазаку, зламаўшы адросткі двух хрыбетак. Актор ляжаў у лякарні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наста Кудасава: «Чэхі мне прапанавалі жытло, калі б я вырашыла не вяртацца» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нібыта фінансавала пратэсты і не плаціла за гэта падатак». Тэлевядоўца Кустава расказала, чаму сілавікі хацелі яе арыштаваць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я б морду набіў». Дудзінскі — пра вымушаны ад’езд у Кіеў і «прызнаньні» на камэру