Дзяніс расказаў Свабодзе Premium пра першыя дні ў Кіеве, рэакцыю бацькоў на адʼезд, патлумачыў, як сілавікі прымушаюць людзей рабіць «прызнаньні» на камэру, а таксама выказаўся пра адказнасьць тых, хто вінаваты ў вымушанай эміграцыі тысячаў беларусаў.
Глядзіце інтэрвію цалкам на відэа.
Сьцісла
- Цяпер мне падаецца, што трэба было выказацца больш канкрэтна, больш жорстка, называючы імёны, прозьвішчы, асудзіць ня толькі АМАП, які разганяў чаргу ля Symbal.by.
- Ёсьць тэлеканалы і радыёстанцыі, якія бяруць расейскамоўных, а з другога боку — вывучыць украінскую мову нам ня будзе складана.
- Да мяне прыйшлі на Акрэсьціна і сказалі, што трэба запісаць. Я сказаў, што ня буду. Мне адказалі: «Дзяніс Ігаравіч, няўжо вы думаеце, што мы да вас прыйшлі, каб пачуць адмову...» І далей рэчы, пра якія я ня буду гаварыць.
- Якое пакараньне за прымус да эміграцыі? Асабіста я папрасіў бы, каб некалькіх чалавек мне аддалі на гадзіну. Напэўна, я проста паглядзеў бы ім у вочы — што ж вы тварылі, гады... Але павінен быць толькі суд.
- "Там жа ж, ва Ўкраіне, забаранілі расейскую мову, бандэраўцы па вуліцах ходзяць, па сьметніцах людзі поркаюца«,— кажа мама. У бацькоў такое бачаньне сьвету, я не зьбіраюся з гэтым змагацца.
Тут фрагмэнты гутаркі
Пра першыя крокі ў Кіеве
— Каця была ў Кіеве гадоў пяць таму, апошнім разам я там быў у 1987 годзе, яшчэ ў дзяцінстве. Цяпер Кіеў для мяне абсалютна новы горад, з аднаго боку, зразумелы, з другога — не. Мы толькі прывыкаем да яго, спрабуем уладкавацца, ходзім, глядзім, сустракаемся зь людзьмі. Тут настолькі шмат беларусаў, што мы нават і не ўяўлялі — тыя, хто зьехаў месяц таму, год таму, і тыя, хто пераехаў у Кіеў гадоў дваццаць таму і маюць свае семʼі, справы, бізнэс. З усімі сустракаемся, пʼём каву, гуляем, заводзім нейкія сувязі і гэтак далей. Беларусы моцна дапамагаюць — пачынаючы ад рондля... але найперш гэта парады. Мы яшчэ ня ведаем краіны, гораду, сыстэмы, таму парады і рэкамэндацыі беларусаў вельмі важныя, проста абавязковыя.
Што зрабіў бы інакш, калі б вярнуўся на год назад
— Не шкадую ні пра словы, ні пра ўчынкі. Я дарослы мужчына і адказваю за свае словы і ўчынкі. Хутка год будзе тым падзеям каля крамы Symbal.by. Шмат разоў у размовах зь сябрамі мы да гэтага вярталіся. І я лічу, што больш рэзка мне трэба было, ня так мякка. Я разумею, што і рэпрэсіі тады былі б больш жорсткія і раней бы пачаліся. Але тады мы яшчэ спадзяваліся, што гэтыя разгоны падштурхнуць беларусаў, што дастаткова маленькага шчаўчка, слова, паста ў сацыяльных сетках (мой пост быў усё ж дастаткова асьцярожны), і сытуацыя вырашыцца ў лепшы бок. Але, як паказала гісторыя і практыка, — не. Цяпер мне падаецца, што трэба было выказацца больш канкрэтна, больш жорстка, называючы імёны, прозьвішчы, асудзіць ня толькі АМАП, які разганяў чаргу каля Symbal.by.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядоўца «Славянскага базару» напісаў пост з чаргі ў Symbal.by: «Нельга біць дубінкамі людзей»Пра адʼезд
— Калі б была такая магчымасьць — не задумваючыся, мы з жонкай вярнуліся б у Менск, таму што гэта наша краіна, наш горад. Мы, як і многія-многія, хто быў вымушаны зьехаць, нічога не зрабілі дзеля таго, каб нас такім чынам з краіны выціскалі і выганялі. Цяпер мы ўладкуемся і далей будзем думаць пра глябальныя пытаньні, як усталяваць нашу палітычную і сацыяльную сувязь зь Беларусьсю, пра тое, што мы маем права гаварыць, а што не. Усё ж чалавек, які знаходзіцца ў Беларусі, і чалавек, які знаходзіцца па-за Беларусьсю, маюць крыху розны погляд і стаўленьне. Мы цяпер на свабодзе, свабодныя ў сваіх выказваньнях, і гэта несумленна ў адносінах да тых, хто цяпер у Беларусі, хто пад прэсінгам.
Пра пошукі працы
— Амаль штодня сустракаемся з рознымі людзьмі, былі на радыёстанцыях і тэлестудыях. Трэба разумець, што ўкраінскае тэлебачаньне і радыё на 90% украінскамоўнае. На расейскай мове вяшчаюць Яўген Кісялёў і Савік Шустэр. Зразумела, Шустэру і Кісялёву можна вяшчаць на любой мове. Калі мы калі-небудзь станем Шустэрамі і Кісялёвымі, таксама зможам вяшчаць на любой мове. А пакуль — не. Пакуль мы тут людзі незнаёмыя. Нехта нас ведае, аддае належнае нейкім нашым здольнасьцям і спрабуе нас «умантаваць» у гэтую мэдыйную сыстэму. Ёсьць тэлеканалы і радыёстанцыі, якія бяруць расейскамоўных. З другога боку, вывучыць украінскую мову нам, людзям дарослым, з галавой і інтэлектам, ня будзе складана. Магчыма, яна не адразу пойдзе лёгка і свабодна, каб выйсьці ў эфір, але з часам атрымаецца. Мы лёгка вучымся, тым больш я лінгвіст...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Настаўнік X-Factor Belarus Саседаў адмовіўся ад удзелу ў праекце, — Дзяніс Дудзінскі ў эфіры Свабода PremiumПра беларускую мову
— Патрэбная матывацыя, атачэньне і асабістая зацікаўленасьць. Так будзе і зь беларускай мовай у Беларусі. Мы пабачылі за год, што беларуская мова — тая самая сіла, палітычная інстытуцыя, якія можа дапамагчы беларусам усьвядоміць сябе, сваю беларускасьць і сваё месца ў цэнтры Эўропы. Мова найперш. Толькі потым сьцяг і гімн.
Пра пачуцьцё, калі пачынаеш жыцьцё нанава з адной валізкай і заплечнікам
— Калі чалавек зьяжджае, ён гэта робіць не таму, што яму захацелася пагрэцца на сонейку ці паесьці баршчу. Гэтае рашэньне прымаецца раптоўна і пад ціскам пэўных абставінаў. Гэта страх за сябе, за родных, за блізкіх, адсутнасьць веры ў тое, што сытуацыя можа неяк вырашыцца. І таму чалавек хапае заплечнік і зьлятае, зьбягае, сплывае, зьяжджае. І ў гэты момант, калі чалавек перасек мяжу і зразумеў, што за ім ніхто ня гнаўся, з кустоў ня выскачылі шпіёны і не затрымалі яго, першае адчуваньне бясьпекі пераважае. Ты як выдыхнуў. Потым іншае пачынаецца. Ты ж картку там пакінуў, бо па картцы цябе могуць адсачыць. Магчыма, гэта празьмерныя захады бясьпекі, але лепей сурʼёзна да гэтага ставіцца. Адчуваньне бясьпекі найперш. Потым думаеш, дзе будзем спаць, дзе будзем есьці...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлевядоўцаў Дзяніса Дудзінскага і Дзьмітрыя Кахно зноў будуць судзіцьЯкое пакараньне павінна быць за прымус людзей да эміграцыі
— Падзялю адказ на дзьве часткі — асабістую і дзяржаўную. Асабіста я б морду набіў. А другая частка — гэта павінна вырашацца ў адпаведнасьці з эўрапейскімі і сусьветнымі законамі. Тут ня трэба прыдумляць ровар. Такія законы існуюць, іх шмат, многія краіны сьвету праз гэта прайшлі. Якое пакараньне? Асабіста я папрасіў бы, каб некалькіх чалавек мне аддалі на гадзіну. Напэўна, я проста паглядзеў бы ім у вочы — што ж вы тварылі, гады... Але асабістае не павінна перасякацца з прававым полем. Толькі так, як вырашыць суд, наш суд, беларускі, які будзе сапраўдным, чалавечным судом.
Пра бацькоў, якія падтрымліваюць Лукашэнку
— Мы толькі аднойчы зь імі стэлефанаваліся. Была нядоўгая размова.
— Як ты там?
— Нармальна, мама.
— Там жа ж ва Ўкраіне забаранілі расейскую мову, там жа бандэраўцы па вуліцах ходзяць, і там вайна цяпер ідзе.
— Не, мама.
— Ты мне будзеш расказваць. Тут па тэлевізары расказваюць, што там па сьметніцах людзі поркаюцца.
— Не, мама, я тут, усё ня так.
— Ты яшчэ ня ведаеш. Ладна, калі што, звані, мы за цябе перажываем.
Гэта ўсё. Нічога не зьмянілася. Тата схільны да нейкіх рэфлексій, ён ужо са сьмехам успрымае тое, што гавораць па беларускіх тэлеканалах.
— Дзяніс, тут нядаўна па вашым БТ паказвалі 50 джыпаў на мяжы. Каму такая бязглузьдзіца магла прыйсьці ў галаву? Патлумач ім, ты ж зь імі яшчэ.
— Не, тата, я даўно зь імі ўжо нічога.
— А пра самалёт — гэта сапраўдны тэрарызм, але жа Лукашэнка пра гэта ня ведаў, а так бы наваляў тым, хто гэта загадаў самалёт саджаць.
У іх такое бачаньне сьвету, я не зьбіраюся з гэтым змагацца. Яны маюць на гэта права.
Пра Рамана Пратасевіча
— Маю сытуацыю і Рамана ня варта параўноўваць. Я быў проста на сутках (дзікасьць, цяпер мы гаворым «гэта ж толькі на сутках»). Пратасевіч у больш жорсткіх умовах. Ад ягоных паводзінаў і словаў залежыць многае. Дзяржаўная машына будзе яго выкарыстоўваць па поўнай. Што тычыцца яго інтэрвію, я ня ведаю, ці праўда гэта. Да яго маглі прыйсьці людзі ў гарнітурах і гальштуках адтуль і сказаць: «Каб твае родныя былі ў бясьпецы, ты павінен запісаць гэтае інтэрвію». Пратасевіч: «Я згодны». Яму кажуць: «Ты не зразумеў, ты павінен запісаць гэта так, каб усе паверылі». Пратасевіч: «Так, я зразумеў». Яны: «Не, не зразумеў, ты павінен гэта сказаць так, каб Мэерхольд і Неміровіч-Данчанка, каб сусьветныя рэжысэры паверылі, каб Сьпілбэрг прынёс табе „Оскар“ і сказаў, што верыць».
Можа, да яго запрасілі майстроў па прамовах, па акторскім майстэрстве. Мы ня ведаем, што там адбывалася за кулісамі. Цалкам магчыма, што Пратасевіч гаварыў шчыра, іншая справа, што ім рухала.
Пра тое, як спэцслужбы прымушаюць людзей «прызнавацца» на камэру
— Як мяне запісвалі? Да мяне прыйшлі ў верасьні на Акрэсьціна і сказалі, што трэба запісаць. Я сказаў, што запісваць ня буду. Мне сказалі: «Дзяніс Ігаравіч, няўжо вы думаеце, што мы да вас прыйшлі, каб пачуць адмову. Паверце...» І далей некаторыя рэчы, пра якія я ня буду гаварыць. Гвалт да мяне не прымянялі. Любы чалавек за лічаныя хвіліны запіша ўсё, што трэба. Абсалютна ўсё, калі яны прыходзяць да вас і кажуць, што трэба запісаць.
Ці тычацца іхныя аргумэнты блізкіх людзей? Так, канечне. Яны разумеюць, што ёсьць на што націснуць. Шукаюць кропку, на якую можна націснуць. Падрабязнасьці не магу расказаць, бо ў мяне шмат розных падпісак. Яны гэта ўсё лёгка робяць.
Якая дапамога патрэбная цяпер
— Прапановаў дапамогі ад беларусаў ва Ўкраіне нават больш, чым нам трэба. Калі мы сказалі, што шукаем кватэру, была вялізарная колькасьць прапановаў як ад беларусаў, так і ад украінцаў, іхных знаёмых. Нам прапаноўвалі некаторы час бясплатна пажыць, прапаноўвалі працу. Мы пазнаёміліся з украінскімі тэлевядоўцамі, якія калі даведаліся, што я быў тэлевядоўцам у Беларусі, далі вялізарную колькасьць тэлефонаў, адрасоў, каардынатаў. Нам моцна дапамагаюць і беларусы, і ўкраінцы. Цягаюць на канцэрты і цікавыя мерапрыемствы. Добрае адчуваньне, што ты ня кінуты, ты цікавы, камусьці патрэбны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарачая спрэчка пра сэксізм паміж Дудзінскім, Зарэцкай і ХількоПра вяртаньне
— Вяртаньне. Душэўны боль, усе любімае, што там засталося — гэта ўсё наша. Па цяперашніх адчуваньнях магу паабяцаць, што мы не задумваючыся вярнуліся б у Беларусь, хоць і бачым, што ва Ўкраіне больш магчымасьцяў, большы мэдыйны рынак. Цяпер мы б дакладна вярнуліся. Калі б была такая магчымасьць.