«Распальваньне варожасьці» — так сьледзтва і суд трактавалі нэгатыўныя камэнтары ў «Тэлеграме», якія Дзьмітрый пакінуў пад эмоцыямі, калі даведаўся, што ягоны прыяцель нібыта загінуў ад рук АМАП.
Дзьмітры — сын палітзьняволенай Тацяны Канеўскай. Увесну яе пакаралі 6 гадамі пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі» і «пляны захопу будынкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераных асоб Ціханоўскай з Гомля пакаралі пазбаўленьнем волі ад 6 да 6 з паловай гадоўНа судзе Дзьмітры тлумачыў, што сапраўды на эмоцыях напісаў камэнтары ў адным з тэлеграм-чатаў. Ён даведаўся, што нібыта ягонага саслужыўца забіў АМАП. І таму напісаў у «Тэлеграме» гнеўныя камэнтары на адрас міліцыі.
Адвакат Алена Грыбок прасіла суд апраўдаць абвінавачанага.
«Ён не зьбіраўся помсьціць, не зьбіраўся нікому прычыняць шкоду. Ён пісаў, бо быў у вялікай ступені эмацыйнага ўзбуджэньня, і таму напісаў такія фразы, як „гарыце ў пекле“ і іншыя. Канеўскі пісаў у чаце, што я „разумею, што я на эмоцыях“, бо яны „забралі маю маці, а цяпер забілі сябра“. Ён абсалютна паверыў у тую інфармацыю, якую яму паведамілі — што сябра забілі. Калі б ён не давяраў гэтай інфармацыі, то ён бы нічога не пісаў. Я лічу, што ў дзеяньнях майго падабароннага няма складу злачынства. Гэта быў эмацыйны парыў і набор агульных словаў», — казала ў спрэчках Грыбок.
17 чэрвеня Дзьмітры Канеўскі выступіў у судзе з апошнім словам. Ён сказаў, што вельмі шкадуе пра свой учынак, цалкам раскайваецца, прасіў не караць яго сурова. «Гэта было зроблена ў гневе і злосьці», — дадаў малады чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самаму малодшаму 4 гады. Хто яны — шматдзетныя маці, якіх перасьледуюць у Беларусі «за палітыку»?