Алена Анісім нагадала іх кіраўніцтву, што «гэта парушэньне дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
Пра гэта Анісім расказала ў Facebook.
Яна прапанавала «правесьці тлумачальную працу ў сыстэме МУС аб недапушчальнасьці перасьледу зьняволеных за карыстаньне дзяржаўнай беларускай мовай».
Алена Анісім не назвала, у якія канкрэтна папраўчыя ўстановы адправіла звароты, але зазначыла, што ТБМ адсочвае сытуацыю з парушэньнем правоў яго сябраў.
Каго дыскрымінавалі ў турме за беларускую мову
Сярод тых, хто апошнім часам заяўляў пра дыскрымінацыю паводле моўнай прыкметы, зьняволены праваабаронца Валадар Цурпанаў, якога трымаюць у магілёўскай турме № 4. Актывіста двойчы каралі карцарам, бо размаўляе з ахоўнікамі па-беларуску.
Па словах жонкі Ірыны, якая бачылася з мужам на спатканьні 15 чэрвеня, другі раз яго адправілі ў штрафны ізалятар «за злоўжываньне беларускай мовай». З тлумачэньня Валадара яна зразумела, што ня ўсе супрацоўнікі турмы разумеюць беларускую мову, а некаторыя словы лічаць нават абразьлівымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магілёўскага праваабаронцу, асуджанага раней на «хімію», адправілі ў калёнію на 2 гадыУ турму Цурпанаў трапіў пасьля месяца знаходжаньня на «хіміі» ў райцэнтры Круглае. Там яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад адбываньня пакараньня, а суд Круглянскага раёну пакараў яго за гэта двума гадамі калёніі агульнага рэжыму.
На судовым працэсе актывіст заяўляў, што супрацоўнікі Круглянскай спэцкамэндатуры парушалі ягонае канстытуцыйнае права на карыстаньне роднай мовай. Ён сьцьвярджаў, што яны ня толькі адмаўляліся гаварыць зь ім па-беларуску, але ігнаравалі ягоныя патрабаваньні рыхтаваць дакумэнты, якія тычыліся ягонага знаходжаньня пад вартай, на беларускай мове. У судзе супрацоўнікі тлумачылі гэта тым, што справаводзтва ў іх расейскамоўнае, і прызнаваліся, што з такім асуджаным, як Цурпанаў, сутыкнуліся ўпершыню.
Падчас разгляду крымінальнай справы судом не было задаволенае хадайніцтва Цурпанава, каб працэс вёўся па-беларуску. Сваю пазыцыю прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачваньня і судзьдзя аргумэнтавалі тым, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы, таму яны маюць поўнае права з падсудным гаварыць па-расейску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаны па «карагоднай справе» паэт і пчаляр Папека расказаў, што будзе зь ім і з пчоламі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта банальнае забойства». Што сваякі і сябры кажуць пра сьмерць Вітольда Ашурка. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як без прымусу вярнуць беларускую мову. Разьбіраемся з дасьледніцай моўнае палітыкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларуская мова раздражняе ахоўнікаў», — жонка палітвязьня Цурпанава, якому пагражае новы прысуд