«У маратоне будзем бегчы да перамогі». Баскетбалістка Сныціна пра нацыянальныя каманды не для заўзятараў, пераезд у Вільню і Ціханоўскую

Кацярына Сныціна падчас Маратону свабоды ў Вільні.

Кацярына Сныціна, экс-капітан баскетбольнай зборнай Беларусі, падпісантка ліста вольных спартоўцаў, пасьля завяршэньня сэзону ў турэцкай камандзе «Нэсібэ Айдын» вырашыла не вяртацца ў Беларусь і часова пераехала ў Вільню.

Кацярына расказала Свабодзе Premium пра тое, чым плянуе займацца ў Вільні, ацаніла стан беларускага спорту падчас рэпрэсій і падзялілася ўражаньнямі ад сустрэчы зь лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай. Раней Сныціна заявіла пра завяршэньне кар’еры ў зборнай Беларусі, патлумачыўшы гэта тым, што ня хоча быць часткай прапаганды рэжыму.

Сьцісла

  • У большасьці заўзятараў няма інтарэсу падтрымліваць нацыянальныя каманды. Яны не заўзеюць за тых, хто іх не падтрымаў.
  • Спорт пацярпеў, як і ўсе сфэры жыцьця, вылучаць адзін спорт проста не магу. Цяпер ніхто не ў бясьпецы ў краіне. Могуць прыйсьці да кожнага.
  • З аднаго боку, ад Ціханоўскай нейкае цяпло ідзе, а з другога боку, адчуваеш гэтую сілу, бачыш, што ідзе моцная і сьветлая жанчына, якая прадстаўляе моцны і сьветлы народ.


Пра рашэньне застацца ў Вільні

— Пасьля завяршэньня сэзону па дарозе дадому я вырашыла заехаць у Вільню, бо тут у мяне родныя і сябры. Былі сумневы, ехаць ці ня ехаць дадому, але пасьля таго, як прыйшлі па Tut.by, мне сталі шмат людзей пісаць і раіць ня ехаць. І я задумалася, бо разумела, што, прыехаўшы ў Менск, не змагу шмат чаго рабіць, як цяпер. Не змагу даваць інтэрвію, бо прыйдуць, гэта дакладна. Не змагу ўдзельнічаць ні ў якіх акцыях, не змагу расказваць аб праблемах у Беларусі, не змагу рабіць усё тое, што цяпер раблю і бачу ў гэтым нейкую місію, сваю частку ў агульнай барацьбе. Таму я прыняла рашэньне ня ехаць дадому, як бы гэта сумна ні гучала, застацца ў Вільні і рабіць усё, што я магу, менавіта адсюль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хачу быць часткай прапаганды рэжыму». Баскетбалістка Сныціна заявіла пра завяршэньне кар’еры ў зборнай

Пра сваю ролю ў барацьбе за перамены


— У Вільню вельмі шмат прыяжджае міжнародных рэпартэраў, я дала ўжо некалькі інтэрвію міжнародным СМІ. Тут знаходзяцца офісы «Маланкі», «Страны для жизни». Вельмі шмат людзей хочуць узяць у мяне інтэрвію, я нікому не адмаўляю. Тут вельмі вялікая беларуская дыяспара, мы некалькі разоў перасякаліся на розных акцыях.

Калі арыштавалі Tut.by, хадзілі на акцыю да амбасады Беларусі, выходзілі да офіса ЭЗ патрабаваць санкцыяў. Фонд спартовай салідарнасьці запусьціў Маратон свабоды, і я сабрала чалавек 40, зь якімі мы з задавальненьнем праехаліся па Вільні. На гэтым дабрачынным маратоне быў мінімальны ўнёсак 10 эўра, і ўсе сабраныя грошы пайшлі на дапамогу сем’ям палітвязьняў і рэпрэсаваных спартоўцаў. Я расказваю сьвету, што адбываецца ў Беларусі, са спартовага боку. Я падтрымліваю людзей, якія знаходзяцца ў Беларусі, а таксама беларусаў, якія прыехалі сюды і 24/7 «дзяўбуць» рэжым, кожны як можа. Гэта вельмі цяжка, калі ты ня дома. Я гэта добра адчула.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі ня думала, што давядзецца выбіраць: або спартовец, або грамадзянка», — капітан зборнай Беларусі ў баскетболе

Пра выступленьні ў турэцкім клюбе

— Сэзон выдатны атрымаўся. Я думала, як такое можа быць — большую частку часу думкамі я была ў Беларусі, але цела добра гуляла ў баскетбол. Мы занялі трэцяе месца ў чэмпіянаце. Былі «цёмным конікам», і нечакана для ўсіх добра каманда згуляла. Я ў вельмі добрых стасунках з клюбам, вырашылі падпісаць кантракт яшчэ на адзін сэзон. Хочацца ўжо вышэй за трэцяе месца ўзьняцца. Мэты самыя высокія ў гэтага клюбу цяпер.


Пра заяву трэнэра баскетбольнай зборнай Трафімавай, што каманда гуляе для заўзятараў, і пра новага капітана, якая адзіная са зборнай падпісала праўладны ліст


— Я трымаюся ўбаку. Магла б пісаць дзяўчатам і пытацца, што адбываецца, але ня хочацца даведвацца ўнутраныя падрабязнасьці. Ксюша Малашка сказала, што ў яе няма траўмы (на траўму спасылалася кіраўніцтва, не ўключыўшы яе ў зборную. — РС), яе проста не ўзялі. Бывае, што з трэнэрам не сыходзяцца характары. Ня ведаю, што насамрэч адбылося. Тое, што Юлія Рыцікава стала капітанам... Галасавалі яны за яе ці не, ці яна стала капітанам таму, што падпісала праўладны ліст спартоўцаў, не магу адказаць дакладна.

Мне кожны раз рэжа вуха, калі футбалісты, хакеісты, а цяпер і баскетбольная зборная заяўляюць, што найперш гуляюць для заўзятараў. Адбыліся вялікія рэпрэсіі ў спорце, гэта закранула практычна кожны від спорту, і фраза, што нацыянальныя каманды менавіта цяпер гуляюць для заўзятараў... (17 чэрвеня беларуская каманда стартуе на чэмпіянаце Эўропы. — РС) Або гэта новая прапісная ісьціна ў спорце, што пра яе трэба згадваць на кожнай прэсавай канфэрэнцыі? Якраз цяпер нацыянальныя каманды гуляюць не для заўзятараў, а ў большасьці заўзятараў няма інтарэсу падтрымліваць нацыянальныя каманды. Яны не заўзеюць за тых, хто іх не падтрымаў. І гэта нармальна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня спрынт, а маратон». Пазытыўная размова з баскетбалісткай Сныцінай аб продажы мэдаля і змаганьні за перамены як каманднай гульні

Пра тое, як рэпрэсіі зьмянілі жыцьцё спартоўцаў

— Практычна ў кожным відзе спорту адбыліся рэпрэсіі. У дачыненьні да больш тытулаваных спартоўцаў яны больш вядомыя, у некаторых відах спорту мы можам і ня ведаць, што пад іх падпалі, напрыклад, дзіцячыя трэнэры. Спорт пацярпеў, як і ўсе сфэры жыцьця, вылучаць адзін спорт проста не магу. Цяпер ніхто не ў бясьпецы ў краіне. Могуць прыйсьці, пагрукаць у дзьверы, выламаць дзьверы і ўвайсьці ў кватэру. Толькі выйшаў на свабоду Дзьмітрый Рута, які сядзеў за бел-чырвона-белы шалік у ягонай машыне, пры тым, што гэта быў шалік Фэдэрацыі футболу.

Шмат спартоўцаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, ня могуць цяпер трэнавацца. Бягусе Сьвятлане Кудзеліч забаранілі прыходзіць трэнавацца. А яна амаль 20 гадоў свайго жыцьця, здароўя і часу аддала нацыянальнай камандзе, годна прадстаўляла яе на ўсіх сусьветных спаборніцтвах, і ёй груба кажуць: «Ты больш сюды не прыходзь». Спартоўцам, якія падпалі пад рэпрэсіі, даводзіцца забываць пра спорт і пачынаць недзе працаваць ці нейкімі спосабамі ўсё ж трэнавацца, падтрымліваць форму і проста працягваць жыць далей.

Пра сустрэчу зь Ціханоўскай


— У мяне 15-гадовы стаж выступаў за нацыянальную каманду і на розных чэмпіянатах. Я гуляла фінальныя гульні, калі 10 тысяч заўзятараў у залі так крычалі, што не было чуваць сяброўку па камандзе. І гэта мяне ня так «выбівала», як калі я падышла да Сьвятланы і ня ведала, што мне сказаць. А яна мне прапанавала абняцца. Я яе проста абняла і падзякавала. Было такое пачуцьцё, што нібыта мы знаёмыя сто гадоў.

Кацярына Сныціна і Сьвятлана Ціханоўская

Калі мяне запрашалі на выставу (там і мой партрэт вісіць), запыталася, што апрануць. Думала пінжак і джынсы, маўляў, мяне, Сныціну, ніхто не прымусіць прыйсьці ў касьцюмных штанах. А калі даведалася, што Сьвятлана будзе, сказала: «Хутчэй па нагавіцы». З аднаго боку, ад яе нейкае цяпло ідзе, яна проста сьветлы чалавек, а з другога боку, ты адчуваеш гэтую сілу. Яна спакойна ідзе, ты глядзіш і бачыш, што ідзе моцная і сьветлая жанчына, якая прадстаўляе моцны, сьветлы народ. Яна сымбалізуе нас — што мы моцныя, спакойныя і сьветлыя. Людзі Сьвятланай захапляюцца, гэта проста чыстая любоў. Гэтаму ня вучаць у школе, не ўбіваюць у галаву дубінкамі. Гэта ўнутранае пачуцьцё, калі людзі яе паважаюць, любяць і стаяць за яе гарой.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Ігара Лосіка малое дзіця, як і ў мяне». Алімпіец Андрэй Краўчанка трымае галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьнямі. ВІДЭА

Пра беларускую мірную рэвалюцыю як маратон


— Гэта ўсё яшчэ маратон. Я ня ведаю, калі ён скончыцца. У нас ёсьць пункт адліку. Калі будзе фініш? Можа, ён цяпер за паваротам, можа, нам трэба будзе яшчэ бегчы і бегчы. Я перакананая, што беларусам хопіць сілаў. Усё, што было, беларусы забыць ня змогуць, і ня змогуць з гэтым зьмірыцца. Як раней — ня будзе, гэта дакладна. Калі трэба бегчы, мы будзем бегчы да канца, да перамогі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дайце нам адзін дзень без рэпрэсій, і пабачыце, як нас шмат». Баскетбалістка Алена Леўчанка — пра беларускую мару