Практыкуючы псыхіятар тлумачыць, калі і каму неабходныя антыдэпрэсанты.
«У дыспансэры лячыўся адзін юнак, на вачах у якога маці стрэлілі ў жывот гумовай куляй»
Ганна працуе псыхіятрам у адным з абласных псыханэўралягічных дыспансэраў. Кажа, што ўсплёск пацыентаў з посттраўматычнымі стрэсавымі разладамі, дэпрэсіямі пачаўся ў жніўні 2020 году і працягваўся ўсю восень.
«Людзі самі зьвярталіся да адмыслоўцаў, бацькі прыводзілі дзяцей. У нашым горадзе была даволі моцная хваля пратэстаў, і сілавікі дзейнічалі надзвычай жорстка. Ведаю ад калегі, што ў іх у дыспансэры быў адзін юнак, на вачах у якога ягонай маці стрэлілі ў жывот гумовай куляй.
Працы хапала. У аддзяленьні з 30 ложкаў 3–5 былі занятыя менавіта пацыентамі з посттраўматычнымі стрэсавымі разладамі і дэпрэсіямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы могуць стаць нацыяй патэнцыйных алькаголікаў і самагубцаў». Псыхатэрапэўт пра стан нацыіЦяпер пацыентаў стала менш, бо тыя, на каго аказваўся сур’ёзны ціск, зьехалі за мяжу», — расказвае доктарка.
На думку Ганны, на павелічэньне колькасьці дэпрэсій і ПТСР паўплывалі розныя фактары.
«На абвастрэньне палітычнай сытуацыі ў краіне наклаўся яшчэ каранавірус, закрыцьцё межаў, людзі адчуваюць сябе „загнанымі ў кут“, разгубленымі, ня ведаюць, што рабіць. Так што колькасьць разладаў вырасла яшчэ і з гэтым. Асабліва пацярпелі маладыя, уразьлівыя — яны апынуліся ў разгубленасьці, у стане трывогі, нявызначанасьці», — кажа яна.
«Часам спрацоўвае і „эфэкт пляцэба“ — „чароўнай таблеткі“»
Бывае, што чалавек сам спраўляецца. Некаторым хапае некалькі гутарак з псыхатэрапэўтам. Калі чалавек разумее, што сам не дае рады, яму патрэбна дапамога адмыслоўцаў, раіць доктарка.
«А тэрапія — гэта рэч, на якую патрэбныя сілы. Калі псыхіку, нэрвовую сыстэму разлад ужо так падрасхістаў, што і сіл ужо няма, тады патрэбныя прэпараты — каб гэтыя сілы зьявіліся.
У нас ёсьць такая практыка: калі чалавек перажыў стрэс, адчувае, трывогу, што зь ім штосьці ня так, яму спачатку рэкамэндуюць папіць валяр’янкі, глогу, заспакаяльнай гарбаты, настою зёлак. І нават набыць безрэцэптурныя заспакаяльныя сродкі, кшталту наафэну ці адаптолу. Пры разладах сну — мэлятанін. Яны прадаюцца без рэцэпту і не нашкодзяць. Але пастаянна, безь перапынку піць іх таксама не рэкамэндуецца, каб не было прывыканьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы можам быць бясьсільнымі, але мы не бездапаможныя». Парады псыхоляга, як спраўляцца з апатыяй і знаходзіць радасьцьЁсьць такі „эфэкт пляцэба“: чалавек прыняў таблетку, якая наагул ня мае лекавага эфэкту, і думае, што яна яму дапаможа. І яна дапамагае, то бок гэтая „чароўная“ таблетка некаторым патрэбная», — кажа доктарка.
Разлады сну, перажываньні могуць быць у межах нормы, бо ўсе людзі па-рознаму рэагуюць, у кожнага ёсьць эмоцыі, і не заўсёды гэта псыхічны разлад. Калі цягам некалькіх тыдняў паляпшэньняў няма і стан пагаршаецца, то трэба ісьці да прафэсіянала — значыць, само ня пройдзе, арганізм не адновіцца, сам не адбудуецца.
«Усё залежыць ад таго, наколькі дэстабілізавалася псыхіка, бо могуць прысутнічаць яшчэ спадарожныя разлады, якія часам здольны вызначыць толькі адмыслоўца. Калі сукупнасьць сымптомаў адпавядае псыхічнаму разладу, то тут патрэбна дапамога спэцыяліста, які вызначае, ці дастаткова з чалавекам правесьці гутарку, проста паразмаўляць, „прапрацаваць“ успаміны, правесьці рэляксацыю. Альбо неабходная мэдыкамэнтозная падтрымка. Гэта залежыць ад выражанасьці сымптомаў», — кажа доктарка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць, калі нічога ня хочацца рабіць? Размова з псыхатэрапэўткай пра эмацыйнае выгараньне
«Антыдэпрэсанты адпускаюцца строга па рэцэптах, і гэта цалкам правільна»
Аднак сур’ёзныя лекі, антыдэпрэсанты, падбор прэпаратаў павінны прызначаць псыхатэрапэўты, псыхіятры — з улікам індывідуальнага стану чалавека.
Пры ПТСР, дэпрэсіях прымяняюцца антыдэпрэсанты двух відаў: або трыцыклічныя (гэта старыя прэпараты, якія аказваюць найбольш моцнае ўзьдзеяньне), або сэлектыўныя інгібітары зваротнага захопу сэратаніну (гэта больш сучасная група прэпаратаў). Другая група мае перавагі — іх лягчэй пераносяць, прэпараты маюць невялікую колькасьць пабочных эфэктаў альбо «пабочкі» наагул няма, тлумачыць псыхіятар.
«Я наўмысна ня буду даваць назвы лекавых прэпаратаў. Часьцяком пацыенты начытаюцца ў інтэрнэце ці ў сацыяльных сетках пра пэўныя моцныя антыдэпрэсанты і патрабуюць выпісаць прэпарат і ім — маўляў, „знаёмаму дапамог, і мне дапаможа“. Звычайна антыдэпрэсанты адпускаюцца строга па рэцэптах, і гэта цалкам правільна.
Прызначыць антыдэпрэсанты можа толькі доктар. Бо антыдэпрэсанты ж маюць пабочныя эфэкты, доктар ведае, як іх адкарэктаваць, што на што зьмяніць. Адназначна прымаць гэтыя прэпараты трэба пад абавязковым кантролем лекара. Ён павінен расказаць, як, калі і ў якіх дозах іх прымаць. Доктар можа павялічыць дозу, бо ў кожнага прэпарата свая схема прыёму, дазіроўкі могуць зьмяняцца, да прыкладу, раз на тры дні ці раз на пяць дзён. Павінна быць граматная тэрапія», — пераконвае доктарка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выжываць пад ціскам і не нарабіць сабе бяды? Парады псыхоляга-суіцыдоляга
«Пры праходжаньні мэдкамісіі могуць быць дадатковыя пытаньні». Але правоў не пазбавяць
Аднак некаторыя людзі апасаюцца зьвяртацца ў спэцыялізаваныя псыханэўралягічныя лячэбныя ўстановы, бо іх нібыта паставяць на ўлік і потым могуць быць складанасьці пры праходжаньні мэдычнай камісіі, прафаглядаў, пры атрыманьні правоў кіроўцаў. Ці так гэта?
«Бясплатную псыхалягічную і псыхіятрычную дапамогу можна атрымаць у дзяржаўных псыханэўралягічных дыспансэрах, але на чалавека завядуць картку. Потым, калі чалавек будзе праходзіць якую-небудзь мэдкамісію, яму давядзецца не фармальна прайсьці аднаго доктара-адмыслоўца, які ставіць штамп, а будзе створана камісія спэцыялістаў, яны могуць задаваць дадатковыя пытаньні.
Я не хачу палохаць людзей — на ўлік ставяць пацыентаў з сур’ёзнымі псыхічнымі разладамі, кшталту шызафрэніі. Але, паўтаруся, калі трэба будзе праходзіць мэдкамісію, з боку псыханэўралягічнага дыспансэра зьявяцца пытаньні, могуць накіраваць да псыхоляга — выканаць пэўныя тэсты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі людзі дазваляюць „зьвярынаму“ выйсьці зь сябе». Размова з псыхолягам пра гвалт і агрэсію ў БеларусіАднак правы кіроўцы не адбяруць, дзеяздольнасьці не пазбавяць», — запэўнівае доктарка.
Калі ў чалавека ўсё ж такі застаюцца апасеньні, лекар-псыхіятар раіць зьвяртацца ва ўстановы, якія аказваюць ананімныя паслугі, у прыватныя цэнтры, дзе ўся інфармацыя канфідэнцыйная і зьяўляецца ўласнасьцю мэдцэнтру.
«Калі ў чалавека проста дэпрэсія, няма суіцыдальных думак, не абавязкова класьціся ў стацыянар. Можна пахадзіць да псыхатэрапэўта, які мае права выпісваць лекі, прызначаць прэпараты. Выбар за пацыентам, але пускаць на самацёк і чакаць, калі праблема ўлятучыцца, нельга», — папярэджвае псыхіятар.