Ці вызначаюць парадак дня заўтрашняй сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і РФ рашэньні ўчорашняга саміту NATO? Ці могуць Байдэн і Пуцін дамовіцца аб рамках, у якіх будзе адбывацца канфрантацыя? Наколькі імаверная амэрыкана-расейская ўгода наконт Беларусі?
На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Барыса Нямцова ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.
Марозаў
- Сустрэча Байдэна з Пуціным — гэта апошняя кропка ў паездцы прэзыдэнта ЗША ў Эўропу.
- Гэта не азнаямляльная паездка, гэта вялікі крок у стратэгіі аднаўленьня атлянтычнай еднасьці.
- Байдэн выпрацаваў салідарную пазыцыю з максымальна шырокім колам лідэраў дзяржаваў.
- Байдэн выкладзе Пуціну пазыцыю, сфармуляваную ў камюніке саміту NATO.
- У 2008 годзе была ўпершыню агучаная пэрспэктыва далучэньня Ўкраіны і Грузіі да Паўночна-Атлянтычнага альянсу.
- У прыгаданым камюніке падзеі ва Ўкраіне ў 2014 годзе кваліфікуюцца як расейская агрэсія.
- Пасьля 2014 году назапасіліся фактары, якія разбурылі дыялёг паміж Масквой і Захадам.
- Адбылося шмат крокаў Расеі, якія нельга інтэрпрэтаваць інакш, чым цынічныя, недружалюбныя дзеяньні.
- Значная частка эўрапейскага істэблішмэнту ўспрымала адпаведныя крокі як асобныя інцыдэнты, эксцэсы выканаўцаў, вынік цяжкасьцяў дэмакратычнага шляху.
- Да 2021 году гэта прывяло да пунктаў учорашняга рашэньня NATO.
- NATO ня будзе лічыцца з пазыцыяй РФ наконт супрацьракетнай абароны ў Эўропе.
- NATO падтрымала Чэхію ў яе канфлікце з Расеяй наконт дывэрсіі на вайсковых складах у 2014 годзе.
- Альянс вырашыў, што цяпер гібрыдныя дзеяньні будуць разглядацца як агрэсія, а альянс будзе адказваць на іх як на агрэсію.
- Грузія і Ўкраіна атрымаюць пляны ўступленьня ў NATO.
- У Крамлі гэтыя фармулёўкі будуць прачытаныя як вельмі жорсткія.
- Чакаецца дамоўленасьць з удзелам начальніка генэральнага штабу ўзброеных сілаў РФ Валерыя Герасімава наконт лініі сувязі паміж Белым домам і Крамлём і паміж вайскоўцамі дзьвюх дзяржаваў.
- Гэта на выпадак узьнікненьня выпадковага вайсковага канфлікту, які неабходна спыніць імгненна.
- Магчымы таксама абмен расейскага збройнага барона Віктара Бута, які сядзіць у амэрыканскай турме, на амэрыканскага афіцэра, які сядзіць у расейскай турме па абвінавачваньні ў шпіянажы
- Аналёгіі цяперашняга часу з часамі «халоднай вайны» недарэчныя.
- Тады да моманту перамоваў аб абмежаваньні ўзбраеньняў быў пэрыяд 30-гадовай канфрантацыі, якая абвастралася. І пры гэтым быў дасягнуты вайсковы парытэт.
- Зараз нічога гэтага няма. У Расеі няма хаўрусьнікаў, Расея — небясьпечная, але самотная краіна.
- Але яна не ўяўляе такой пагрозы, як СССР.
- Мэта Байдэна — цьвёрда сказаць, што Крэмль у сябе ў Расеі можа рабіць што хоча, але вонкавыя цынічныя дзеяньні мусіць спыніць.
- Але Пуцін не гатовы адступаць, ён абярэ канфрантацыю.
- Што будзе, калі Крэмль пойдзе на крок, яшчэ больш рызыкоўны, чым тое, што ён зрабіў ва Ўкраіне ў 2014 годзе?
- Зараз мы ня можам адказаць на гэтае пытаньне.
- Грузія ў 2008 годзе паказала: калі няправільна зразумець абяцаньні, то вынік можа быць вельмі кепскім.
- У Зяленскага зараз добрая сытуацыя, ён добра прасунуўся на дыпляматычным полі.
- Але калі ў яго сарвецца рука, як у Саакашвілі ў 2008 годзе, усе яго посьпехі будуць перакрэсьленыя.
- Росквіт крамлёўскай палітыкі экспансіі, прасоўваньня «русского мира» ўжо ў мінулым.
- Хоць Беларусь можа стаць апошняй ахвярай гэтай палітыкі.
- Ці будзе Захад ваяваць? Будзе.
- З улікам цяперашніх адносінаў Масквы і Вашынгтону ўявіць сабе іх угоду наконт Беларусі немагчыма, нават яе абмеркаваньне.
- Калі Байдэн падыме беларускае пытаньне, загаворыць пра яго палітычнае разьвязаньне, Пуцін адкажа: ня вам нам расказваць, як нам вырашаць праблемы Беларусі.
- Пазыцыя Крамля ўжо сфармаваная: ён не прымае ніякіх заходніх парадаў і прапановаў ня толькі наконт унутранай расейскай палітыкі, але і наконт памежных з Расеяй краінаў.
- Адказам будзе, як некалі сказаў Лаўроў, — а давайце мы вам дамо параду, як вам вырашыць праблему Вэнэсуэлы.
- Але хутчэй за ўсё ня будзе і гэтага.
- Наяўны ўзровень узаемнага даверу выключае якую б ні было амэрыканска-расейскую ўгоду наконт Беларусі.
- Лукашэнка давярае тым дадзеным, якія яму прыносяць, паводле якіх яго хочуць скінуць усе — беларускі народ, ЗША, Эўразьвяз, Польшча, Расея.
Што было раней і што будзе далей
- Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн узяў удзел у саміце NATO.
- На саміце сфармуляваныя ўмовы прыёму ў альянс Грузіі і Ўкраіны.
- Альянс прыняў рашэньне супрацьдзейнічаць ня толькі простым вайсковым, але і гібрыдным пагрозам.
- 16 чэрвеня ў Жэнэве адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Джо Байдэна і Ўладзіміра Пуціна.