«(Уступленьне Ўкраіны ў NATO. — РС) залежыць ад таго, ці адпавядае яна крытэрам. Справа ў тым, што Ўкраіне яшчэ трэба будзе ліквідаваць карупцыю. Яна павінна адпавядаць іншым крытэрам, каб атрымаць Плян дзеяньняў адносна сяброўства», — заявіў Байдэн, адказваючы на пытаньне журналіста.
«Тым часам мы зробім усё магчымае, каб Украіна змагла і далей супраціўляцца агрэсіі Расеі. І ня толькі ад мяне будзе залежаць, ці мы робім выснову пра тое, што Ўкраіна можа стаць часткай NATO, а будзе залежаць ад альянсу і ад таго, як ён прагаласуе», — цытуе Байдэна «Голас Амэрыкі».
«Я ведаю, што іх (чальцоў альянсу. — РС) трэба пераканаць, а гэта няпроста. Шмат гадоў таму я выступаў у Вярхоўнай Радзе з прамовай, у якой сказаў, што ва Ўкраіны ёсьць магчымасьць зрабіць тое, чаго ніколі не было ў яе гісторыі: стварыць дэмакратычную, некарумпаваную — без удзелу алігархаў — нацыю. Я адзначыў падчас выступу, што яны ўвойдуць у гісторыю як бацькі-заснавальнікі Ўкраіны, калі на самай справе яны гэта зробяць. Мы зьбіраемся даць Украіне магчымасьць падтрымліваць сваю бясьпеку», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў «Твітэры» напісаў, што «лідэры NATO пацьвердзілі, што Украіна стане чальцом альянсу, а Плян дзеяньняў зьяўляецца неад’емным складнікам працэсу атрыманьня сяброўства».
У 2008 годзе пры прэзыдэнце Віктары Юшчанку, Кіеў накіраваў у Брусэль афіцыйную заяву на Плян дзеяньняў адносна сяброўства ў NATO. У 2010 прэзыдэнт Віктар Януковіч адмовіўся ад ўступленьня ў альянс. У 2017 прэзыдэнт Пятро Парашэнка заявіў, што Ўкраіна будзе дамагацца перамоваў наконт Пляну дзеяньняў.