Ігара Банцэра, горадзенскага актывіста і музыку, асудзілі на 1,5 года «хіміі» за пратэсты. Адбываць пакараньне яго адпраўляюць у Віцебск — папраўчую ўстанову адкрытага тыпу N9, піша «Белсат».
Банцэр будзе знаходзіцца там ад 17 чэрвеня.
19 сакавіка суд Ленінскага раёну Горадні асудзіў Банцэра на 1,5 года абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве, бо «дэманстраваў палавыя органы». Банцэр летась у верасьні станчыў без штаноў перад машынай міліцыі.
Асуджаны сьцьвярджаў, што на ім былі стрынгі, да таго ж яго сьпераду прыкрывала паясная торбачка. Ён назваў свой учынак пэрформансам. Пацярпелы міліцыянт Сяргей Багдзевіч адразу ня сьцяміў, што гэта ня «п’яная выхадка», а «крымінальнае злачынства». Прэтэнзій да музыканта ён ня меў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я Банцэр, а не Чыкаціла». Хвораму на гепатыт С музыку, які трымаў «сухую» галадоўку, не зьмякчылі прысудуЛідэр аднаго з найвядомейшых беларускіх панк-гуртоў «Mister X» правёў за кратамі 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночнай камэры. Яго накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі, тая паказала, што музыкант адэкватны.
У пачатку суду ён абвясьціў сухую галадоўку і трымаў яе 16 дзён да прысуду, пакуль яму не прысудзілі «хімію» і ня выпусьцілі з-пад варты. Пасьля галадоўкі здароўе Банцэра пагоршылася. Ён рабіў абсьледаваньні ў шпіталі, і ў яго выявілі гепатыт С, пра які музыка ў сябе да зьняволеньня ня ведаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяпер тут ніхто ня будзе выступаць». Варашкевіч, Вольскі, Тарасенка пра тое, як жывецца музыкам, якія падтрымалі пратэсты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Музыкі, якія адбылі 15 сутак, прэзэнтавалі песьню пра бацькоў і дзяцей. ВІДЭА