Ігар Банцэр падаў апэляцыйную скаргу, бо не прызнаў сябе вінаватым у тым, што танцаваў голым перад міліцыяй.
Апэляцыйную скаргу разглядала судовая камісія ў складзе Собалева, Зайца, Рачынскага. Абвінавачаньне падтрымліваў пракурор Корзун.
Банцэр заявіў хадайніцтва, каб яго апраўдалі, а калі гэта немагчыма, то прызначылі больш мяккае пакараньне з прычыны ягонай нядаўна выяўленай хваробы — гепатыту С.
«Я Банцэр, а не Чыкаціла... Ня толькі тварам можна перадаваць свой мэсыдж, але і іншымі часткамі цела... Што я буду рабіць на лесапілках са сваімі хваробамі?», — выказаўся Банцэр.
Сёлета 19 сакавіка суд Ленінскага раёну Горадні асудзіў Банцэра на паўтара года абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Яго прызналі вінаватым у хуліганстве, бо «дэманстраваў палавыя органы». Банцэр летась у верасьні станчыў без штаноў перад машынай міліцыі.
Асуджаны сьцьвярджаў, што на ім былі стрынгі, да таго ж яго сьпераду прыкрывала паясная торбачка. Ён назваў свой учынак пэрформансам.
Пацярпелы міліцыянт Сяргей Багдзевіч адразу ня сьцяміў, што гэта ня «п’яная выхадка», а крымінальнае злачынства. Прэтэнзій да музыканта ён ня меў.
Банцэр правёў за кратамі 5 месяцаў, амаль увесь час у адзіночнай камэры. Яго накіроўвалі на псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі, тая паказала, што музыкант адэкватны.
У пачатку суду ён абвясьціў сухую галадоўку і трымаў яе 16 дзён да прысуду, пакуль яму не далі «хіміі» і ня выпусьцілі з-пад варты.
Пасьля галадоўкі здароўе Банцэра пагоршылася. Ён рабіў абсьледаваньні ў шпіталі, і ў яго выявілі гепатыт С, пра які гарадзенец у сябе да зьняволеньня ня ведаў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.