Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкі, якія адбылі 15 сутак, прэзэнтавалі песьню пра бацькоў і дзяцей. ВІДЭА


Паэт Віталь Рыжкоў з муралам «Мама...» у Магілёве
Паэт Віталь Рыжкоў з муралам «Мама...» у Магілёве

Маладыя беларускія выканаўцы Ўладзь Лепяшынскі і Валерыя Суравіцкая (LEAR) выдалі новую песьню пад назвай «Арэлі». Зьмест актуальны — стасункі бацькоў і дзяцей.

Верш на словы паэта Віталя Рыжкова ў выглядзе муралу ўжо некалькі гадоў упрыгожвае сьцяну ў цэнтры Магілёва. Цяпер яго паклалі на музыку.

«Даволі шмат хто думаў зрабіць зь верша Віталя „Мама, прыйдзе час...“ песьню. Але так атрымалася, што менавіта мая мэлёдыя натхніла яго вярнуцца да радкоў, якія ён напісаў 15 гадоў таму, і адаптаваць словы для куплетаў», — расказвае Валерыя Суравіцкая.


«Для мяне гэты трэк — важная гісторыя ў жыцьці, таму вельмі спадзяюся, што твор знойдзе свайго слухача, які пазнае сябе ў сюжэце трэка», — дадае Ўладзь Лепяшынскі.

Верш «Мама! Прыйдзе час...» Віталь Рыжкоў напісаў, калі яму было 20 гадоў.

«Ёсьць нейкая сусьветная лёгіка ў тым, што іншыя 20-гадовыя далі майму вершу новае жыцьцё, — кажа паэт. — Трэба было толькі дапісаць куплеты, і я спадзяюся, што галоўны пасыл гэтай песьні будзе зразумелы слухачам».

Сюжэт песьні раскрываецца з дапамогай малюнкаў мастачкі Крысьціны Тарасевіч. Яны ствараліся, можна сказаць, у рэальным часе: 6 гадзін працы ператварыліся ў 4 хвіліны відэа.

Сьпявачка Валерыя Суравіцкая (LEAR)
Сьпявачка Валерыя Суравіцкая (LEAR)

Валерыя Суравіцкая і Ўладзь Лепяшынскі прайшлі праз адміністрацыйныя арышты. 13 лютага на базе адпачынку ў Смалявіцкім раёне амапаўцы затрымалі ўдзельнікаў і гледачоў канцэрту, на якім выступаў гурт «Разьбітае сэрца пацана».

За ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве» яны адседзелі па 15 сутак у Жодзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG