Ці ёсьць палітычная подбіўка ў адстаўцы «апошняга магіканіна» каманды Лукашэнкі — Віктара Шэймана? Якую ролю ён адыгрываў у станаўленьні і разьвіцьці сучаснай сыстэмы ўлады ў Беларусі? Ці канчатковы яго цяперашні сыход?
Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Свабоды Юры Дракахруст і Сяргей Навумчык.
Сьцісла:
Дракахруст:
- Я ня ўпэўнены, што цяперашні сыход Шэймана — гэта канчатковы сыход.
- Лічыцца, што Лукашэнка прыбірае людзей неляяльных ці менш ляяльных, і прызначае больш ляяльных. У гэтым сэнсе Шэйман — 100%. Больш ляяльнага чалавека на белым сьвеце няма, хіба што сын Мікалай.
- Адносна Шэймана можна прыгадаць і словы Лукашэнкі, што калі ў свой час адстрэльвалі «злодзеяў у законе», буйных злачынцаў — кіраваў гэтым Шэйман. Датычнасьць да зьнікненьняў Ганчара, Захаранкі — гэта гіпотэза.
- Але не гіпотэза тое, што санкцыі Эўразьвязу з Шэймана ніколі не здымаліся, нават калі была «нармалізацыя» і з сотняў чыноўнікаў санкцыі былі зьнятыя. Шэйман быў пад санкцыямі ў сувязі зь вялікімі падазрэньнямі.
- Шэйман «сядзеў» на вэнэсуэльскіх зьдзелках. Гэта былі зусім няпростыя схемы і там былі велізарныя грошы, мільярды. Ня выключана, што такога кшталту функцыі за ім і застануцца.
- У свой час, калі Шэймана прызначалі на пасаду кіраўніка справамі прэзыдэнта, казалі, што гэта прыклад апрычніны — Іван Жахлівы таксама забраў пэўныя тэрыторыі, людзей, — маўляў, уся Расея мая, але вось гэта — «самая мая», мая асабістая.
- Літаральна днямі Лукашэнка сказаў, што раней адсунуў сына Віктара ад сілавых справаў, а зараз вяртае.
- Нельга выключаць, што праз нейкі час Шэйман будзе ізноў закліканы ў шыхт.
Навумчык:
- Бясспрэчна, што пачынаючы з 1994, Шэйман пра Лукашэнку ведае гэтулькі, колькі ня ведае ніхто.
- Шэйман займаў розныя пасады, але галоўная нават ня функцыя, а якасьць Шэймана — гэта цень. Цень Лукашэнкі. Ён зь ім ад самага лёзьненскага стрэлу (які насамрэч быў самастрэлам, імітацыяй), і які адыграў істотную ролю ў перамозе на выбарах 1994. Шэйман выконваў самыя далікатныя даручэньні Лукашэнкі. І я перакананы, што гэта за ім застанецца. Бо як у той казцы Андэрсана — калі зьнікае чалавек, зьнікае і цень, але правільна і іншае: калі няма ценю — значыць, яма і чалавека.
- На пасадзе кіраўніка справамі Лукашэнкі Шэйман кіраваў ценявой эканамічнай структурай, па сутнасьці, ценявой імпэрыяй, якая ўключае ў сябе самы шырокі спэктар прадпрыемстваў — ад гандлю рыбай да гандлю лесам (які цяпер масава вырубаецца на экспарт), ад гатэляў да фабрыкаў. Рэальны бюджэт упраўленьня справамі невядомы, па некаторых зьвестках ён супастаўляльны з бюджэтам асобнай вобласьці.
- З гэтага бюджэту ішло фінансаваньне, у тым ліку і ў капэртах, сілавых структураў, усіх гэтых «красаўцаў», якія зьбівалі і катавалі людзей.
- Калі ацэньваць адстаўку Шэймана ў кантэксьце перафарматаваньне ўлады — магчыма, старэйшы сын Лукашэнкі гэтым самым пазбавіўся ад апанэнта.
- Два гады таму я выказваў меркаваньне, што Лукашэнка будзе перарабляць Канстытуцыю пад Віктара — спачатку зробіць яго прэм’ерам, ці сьпікерам, ці віцэ-прэзыдэнтам (як было з Аліевым-малодшым), словам, выведзе яго ў цалкам адкрытую публічную прастору, «прывучыць» да яго насельніцтва — а потым пройдуць «выбары» з мэтай зрабіць Віктара прэзыдэнтам.
- У жніўні 2020 здавалася, што мадэль «Віктар-прэзыдэнт» зрабілася нерэальнай — самому Лукашэнку давалі некалькі месяцаў ва ўладзе. Але цяпер, калі масавыя пратэсты здушаныя і рэжым стаў беспрэцэдэнтна жорсткім, Лукашэнкі, магчыма, вярнуўся да гэтай ідэі.
- Ва ўсіх гэтых раскладах і вэрсіях, якія мы абмяркоўваем, няма месца галоўнай крыніцы ўлады — народу. Народ выведзены за межы палітыкі. Але вечна гэтак ня будзе.