Аляксандр Лукашэнка 11 чэрвеня падпісаў указ № 214 «Аб Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь» і такім чынам зацьвердзіў новыя палажэньні аб ім і працоўным органе дзяржаўным сакратарыяце Савету бясьпекі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
- Сьцьвярджаецца, што дакумэнт «накіраваны на павышэньне яго ролі ў абароне незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу Беларусі, падтрыманьні грамадзянскага міру і згоды ў краіне, супрацьдзеяньні экстрэмізму і барацьбе з тэрарызмам».
- Адзначаецца, што ў новым палажэньні замацавалі нормы дэкрэта ад 9 траўня 2021 года № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».
- У новай рэдакцыі агучаны склад Савету бясьпекі. У лік яго сталых чальцоў дадаткова ўключаны старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю і генэральны пракурор.
Як паведамлялася, у падпісаным 9 траўня дэкрэце гаворыцца, што «у выпадку гібелі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у выніку замаху на яго жыцьцё, учыненьня акта тэрарызму, зьнешняй агрэсіі, з прычыны іншых дзеяньняў гвалтоўнага характару неадкладна на падставе рашэньня Савета бясьпекі ва ўстаноўленым парадку на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча; дзяржаўныя органы, іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Савета бясьпекі».