24 лютага ўрад апублікаваў пастанову, паводле якой замарозіў цэны на 62 значныя тавары. У сьпіс увайшлі найбольш хадавыя прадукты: ад хлеба і мяса да запалак. Глядзім, як зьмяніліся цэны на гэтыя прадукты паводле афіцыйнай статыстыкі.
Мяса
У лютым бяскосткавая сьвініна каштавала 10 рублёў 49 капеек за кіляграм, паводле замераў Белстат. У траўні, па тых жа замерах, ужо 11 рублёў 9 капеек, то бок плюс 5% у цане. У лютым цэны нельга было павышаць зусім, а з наступнага месяца — ня больш як на 0,2%. То бок за тры месяцы цана мусіла падняцца ня больш як на 0,6%.
Бяскосткавая ялавічына ў лютым каштавала ў сярэднім 14 рублёў 89 капеек за кілё, а ў траўні ўжо 15 рублёў 28 капеек. Плюс 39 капеек, або 2,5%.
Курыца ў лютым у сярэднім каштавала 4 рублі 52 капейкі, а ў траўні ўжо 4 рублі 65 капеек. Плюс амаль 3%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі пашырыў кантроль за цэнамі на «сацыяльна-значныя» харчыХлеб
Батон (з мукі першага гатунку), паводле афіцыйнай статыстыкі, у лютым каштаваў у сярэднім 1,89 рубля. У траўні кошт павысіўся да 1,97 рубля. Плюс 4% за тры месяцы.
Батон з мукі вышэйшага гатунку пры гэтым падаражэў на 2%. Хлеб з аржаной мукі падаражэў зь лютага па травень на 2%.
Малако і малочныя прадукты
Цана на малако за гэты час зьмянілася нязначна — з 1,59 да 1,60 рубля за літар, або плюс 0,6%. Сьмятана ў лютым каштавала 5,63 рубля за літар, у траўні ўжо 5,66 рубля — плюс 0,5%. Сыры, паводле афіцыйнай статыстыкі, нават патаньнелі на некалькі капеек зь лютага.
Гародніна
У параўнаньні зь лютым патаньнелі гуркі (амаль удвая) і памідоры (на 40 капеек) — гэта тлумачыцца сэзоннасьцю. А вось часнык падаражэў з 8,33 да 8,86 рубля. Гэта плюс больш як 6%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сталі набываць менш прадуктаў і тавараўБакалея
Цукар зь лютага, паводле афіцыйнай статыстыкі, не зьмяніўся ў цане — 1,71 рубля за кіляграм. Кава падаражэла на 39 капеек, або на 1,1%. Соль — на 3,3%.
Як афіцыйная статыстыка суадносіцца з рэальнымі цэнамі
Шыйная частка сьвініны ў сэрвісе е-дастаўка каштуе 12 рублёў 69 капеек за кіляграм (паводле афіцыйнай статыстыкі, бяскосткавая сьвініна каштуе менш — 11 рублёў 9 капеек). Бяскосткавая ялавічына ў сэрвісе е-дастаўка каштуе 13 рублёў 99 капеек (па афіцыйнай статыстыцы — больш за 15 рублёў).
Батон і хлеб каштуюць прыкладна столькі, колькі дае афіцыйная статыстыка.
Гуркі каштуюць на 30 капеек менш у краме, чым дае афіцыйная статыстыка, а памідоры там таньнейшыя прыкладна на рубель.
1 чэрвеня Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю прыняло пастанову «Аб рэгуляваньні цэнаў на сацыяльна-значныя тавары». Гэтая пастанова павінна «стабілізаваць цэны на прадукты першай неабходнасьці, у сувязі з сусьветным ростам цэнаў».