Яўгена Бабака, які звольніўся, пратэстуючы супраць маўчаньня калег, 10 чэрвеня вывезьлі зь ягонай кватэры людзі ў масках. У кватэры правялі ператрус, параскідаўшы і паламаўшы рэчы.
Інфармацыя пра гэта зьявілася каля 17-й гадзіны 10 чэрвеня. Нейкі час было невядома, дзе знаходзіцца Бабак. Каля 19-й гадзіны пра Бабака напісалі тэлеграм-каналы прэс-сакратара МУС і «Азарёнок. СТВ».
МУС паведаміла, што Яўген Бабак «ня зьнік, ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў рамках адміністрацыйнага працэсу» за тое, што распаўсюджваў інфармацыю з «экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў».
Азаронак жа выклаў відэа, дзе Яўген Бабак дрыготкім голасам прызнаецца ва ўдзеле ў ByPol і пляне «Перамога» і раскайваецца ў гэтым.
У ByPol лічаць, што Бабака пабілі перад запісам: «Зьвярніце ўвагу на адбітыя вушы ў Яўгена».
Яны таксама называюць імя і пасаду супрацоўніка ГУБАЗіКу, які, як сьцьвярджае ByPol, кіраваў апэрацыяй, зьвязанай з затрыманьнем Бабака. Нібыта гэта начальнік аднаго з аддзелаў ГУБАЗіКу Ігар Л., у кабінэце якога і запісалі відэа.
Само відэа ў ByPol назвалі «псэўдараскаяньнем», заявы Бабака пра ўдзел у ByPol і пляне «Перамога» непраўдзівымі, а яго самога — закладнікам.
11 чэрвеня Яўгена Бабака асудзілі на 15 сутак за «пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня на бальконе бел-чырвона-белага сьцяга». На судзе ён сказаў, што ня бачыць сэнсу ў допыце сьведак-міліцыянтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Людзі ў цывільным вывезьлі былога пракурора і разграмілі яго кватэруЯўген Бабак пакінуў пасаду памочніка пракурора Першамайскага раёну Менску пасьля таго, як у пракуратуры праігнаравалі яго прадпісаньне аб правядзеньні праверкі па факце жорсткага пабіцьця байкераў людзьмі ў форме супрацоўнікаў ДАІ ў жніўні 2020 году.
Тады Бабак заявіў, што «ня можа працаваць ва ўмовах бязьдзеяньня юстыцыянальных органаў і маўчаньня ўсіх адказных асобаў у адказ на беззаконьне на вуліцах».
Апошнім часам колішні пракурор працаваў у ІТ-кампаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па матывах сумленьня». Рапарт аб звальненьні падаў пракурорскі работнік зь МенскуШто такое ініцыятыва BYPOL
У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».
У чэрвені 2023 году ByPol раскалоўся, удзельнікі нутранога канфлікту паспрачаліся паміж сабой, у выніку спатрэбілася ўрэгуляваньне пры дапамозе АПК. Пасьля перамоваў бакоў з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай ініцыятыва падзялілася на фонд ByPol і аб’яднаньне BelPol.
BelPol стаў праваўладальнікам «тэхнічных і інтэлектуальных магчымасьцяў і інструмэнтаў» першапачатковай арганізацыі. У сваю чаргу, фонд, які ўзначальвае Аляксандар Азараў, захаваў толькі юрыдычную назву ByPol і плян «Перамога».