Кіраўнік МЗС Літвы пра сьвята 17 верасьня: «Урад Беларусі ігнаруе злачынствы, учыненыя двума таталітарнымі рэжымамі»

Габрыелюс Ландсбергіс

Міністэрства замежных спраў Літвы выказала салідарнасьць з Польшчай, якая раней заявіла пратэст з нагоды рашэньня Лукашэнкі прызначыць 17 верасьня дзяржаўным сьвятам Беларусі.

«17 верасьня — адна з самых балючых дат у гісторыі Польшчы. Рашэньне Менску аб прызначэньні 17 верасьня „Днём народнага адзінства“ паказвае, што цяперашні ўрад Беларусі мае цынічнае і скажонае стаўленьне да гістарычнай памяці і ігнаруе злачынствы, учыненыя двума самымі жорсткімі таталітарнымі рэжымамі ХХ стагодзьдзя», — заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Міністэрства замежных спраў Літвы нагадвае, што 17 верасьня 1939 году Савецкі Саюз уварваўся ў суседнюю Польшчу і заняў тэрыторыю краіны, прызначаную яму пактам Молатава-Рыбэнтропа і сакрэтнымі да яго пратаколамі, нанёсшы другі ўдар па Польшчы ўсяго празь некалькі тыдняў пасьля ўварваньня нацысцкай Нямеччыны.

«Жыхары акупаваных Савецкім Саюзам тэрыторый, у тым ліку і самі беларусы, адразу зазналі жорсткія рэпрэсіі. Пакт Молатава-Рыбэнтропа падзяліў Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу на сфэры ўплыву і быў перадумовай для пачатку ІІ сусьветнай вайны. Падчас гэтай вайны Эўропа і, у прыватнасьці, беларуская нацыя панесла велізарныя страты і ахвяры», — гаворыцца ў заяве.

Такое рашэньне Лукашэнкі літоўскі бок разглядае як «цынічную спробу беларускага рэжыму пасеяць разлад сярод беларускага народу і яго суседзяў». Прызначэньне сьвята на 17 верасьня ў Літве лічаць «відавочнай фальсыфікацыяй гісторыі дзеля пэўных недальнабачных палітычных мэтаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы з абурэньнем успрыняў заснаваньне ў Беларусі «Дня народнага адзінства»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы пра сьвята 17 верасьня: «Дзень адзінства двух таталітарызмаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы: «прызнаньні» Пратасевіча сьведчаць пра нечалавечую жорсткасьць рэжыму Лукашэнкі