Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце польскага зьнешнепалітычнага ведамства.
У МЗС Польшчы лічаць «цалкам незразумелым» базаваньне беларускай палітыкі «на спадчыне пакту Сталіна і Гітлера».
«Гэта жэст, які зьяўляецца часткай дзеяньняў Расеі, накіраваных на пераасэнсаваньне надзвычай складанай гісторыі нашага рэгіёну, што сур’ёзна перашкодзіць Беларусі ў дыялёгу і ўзаемаразуменьні з суседнімі краінамі, а таксама з краінамі ўсёй Эўропы», — гаворыцца ў заяве.
«Вызначэньне Дня народнага адзінства, каб адзначаць уключэньне Беларусі ў СССР — гэта праслаўленьне савецкай спадчыны і спроба адрэзаць Беларусь ад яе сапраўдных каранёў. Гэта акт, які падрывае незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі», — азначыла МЗС Польшчы і вывела:
«Мы зь вялікім захапленьнем глядзім на актыўнасьць беларускага народу, які засноўвае сваю тоеснасьць на сапраўднай гістарычнай і культурнай спадчыне незалежнай Беларусі».
7 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 206, якім заснаваў у Беларусі новы дзяржаўнае сьвята — Дзень народнага адзінства. Ён будзе адзначацца 17 верасьня, але ня стане выходным днём.
Аргумэнтуючы выбар даты, у прэс-службе Лукашэнкі адзначылі, што гэты дзень «стаў актам гістарычнай справядлівасьці ў дачыненьні да беларускага народу, падзеленага супраць яго волі» і «назаўсёды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі».