Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч перадала на дабрачынны аўкцыён кнігу «Час сэканд-хэнд», якую яна падпіша для пераможцы.
Усе сродкі, атрыманыя ад продажу, пойдуць на арганізацыю арт-рэзыдэнцый для рэпрэсаваных беларускіх культурных дзеячоў.
«Нам усім патрэбнае адчуваньне салідарнасьці. Шмат хто цяпер праходзіць праз выпрабаваньні ў адзіноце, у розных гарадах, часам не знаходзіць паразуменьня нават у сваёй сям’і, таму так важна падстаўляць плячо адно аднаму», — цытуюць Сьвятлану Алексіевіч на сайце аўкцыёну, які праводзіцца Беларускім фондам культурнай салідарнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітык пра мэдалі спартоўцаў на аўкцыёнах: Пасьля перамогі трэба перавыкупіць — і ў музэйРаней шэраг вядомых спартоўцаў прадавалі свае мэдалі, каб дапамагчы Беларускаму фонду спартовай салідарнасьці:
- Прызэр Алімпіяды, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка выставіў на аўкцыён свой залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы
- Вядомая беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская выставіла на дабрачынны аўкцыён залаты мэдаль Унівэрсіяды-2019, якая прайшла ў Краснаярску
- Баскетбалістка Кацярына Сныціна, былы капітан жаночай зборнай Беларусі ў баскетболе, выставіла на дабрачынны аўкцыён бронзавы мэдаль Эўрабаскету-2007
- Чэмпіёнка сьвету і Эўропы ў штурханьні ядра Надзея Астапчук выставіла залаты мэдаль чэмпіянату Эўропы 2005 году ў лёгкай атлетыцы
- Алімпійская прызэрка, плыўчыха Аляксандра Герасіменя выставіла на аўкцыён свой залаты мэдаль з чэмпіянату сьвету 2012 году.