Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што пытаньне спыненьня дыктатарскіх рэжымаў — супольнае для заходніх краінаў. Палітыка цытуе партал Delfi.
«Устойлівасьць усіх дэмакратычных інстытутаў часткова залежыць ад нашай здольнасьці супрацьстаяць націску нашых усходніх суседзяў. Па-за межамі Літвы — нестабільная прастора, у якой парушаюцца фундамэнтальныя правы чалавека і правілы вольнага сьвету, у якім дыктатары, нагледзеўшыся баевікоў, прымяраюць ролю тэрарыстаў і захопліваюць пасажырскія самалёты, у якім бясьпека межаў і ядзерная бясьпека робяцца інструмэнтам шантажу».
Паводле яго слоў, пасьля інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair у Менску і арышту блогера Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыны Соф’і Сапегі «напружаньне ў адносінах Літвы і Беларусі ўзмацнілася». Наўседа адзначыў, што апошнім часам Літва фіксуе «значны рост патоку нелегальных мігрантаў зь беларускага боку», і выказаў падазрэньне, што «службовыя асобы гэтай краіны самі таму спрыяюць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі за панядзелак затрымалі тры групы мігрантаў, якія прыйшлі зь БеларусіЛітва, лічыць ён, «была б у большай бясьпецы, калі б па суседзтве было больш стабільных дэмакратычных краінаў». Важней за ўсё цяпер «разам з саюзьнікамі спыніць экспансію Расеі і пазьбегнуць яшчэ большай дэстабілізацыі ў рэгіёне».
Самае малое, што могуць зрабіць літоўцы зараз, — імкнуцца да таго, каб суседзі атрымалі магчымасьць «рабіць свабодны і дэмакратычны выбар адносна ўласнага жыцьця». Таму Літва дае прытулак жыхарам Беларусі, падтрымлівае яе грамадзянскую супольнасьць, а «гучны голас Літвы нагадвае Эўропе аб тым, што адбываецца ля яе межаў».
Прэзыдэнт Літвы таксама адзначыў, што ў балтыйскіх краінах варта ўмацоўваць баявыя групы, разгорнутыя ў рамках прысутнасьці NATO, а таксама місію па патруляваньні паветранай прасторы. Акрамя таго, варта распрацоўваць канкрэтныя пляны абароны, а ў справе актыўнага стрымліваньня патэнцыйнай агрэсіі з усходу для рэгіянальнай бясьпекі важная роля ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія актывісты часова перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай і Літвой. ФОТА і ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У NATO занепакоеныя ростам залежнасьці Беларусі ад Масквы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва плянуе ўзмацніць ахову мяжы зь Беларусьсю вайскоўцамі і памежнікамі Эўразьвязу