«Раман Бандарэнка... Гэта як забілі майго сына», — знакамітая трэнэрка Натальля Наважылава пра мірны пратэст і ініцыятыву «Ўзросту няма»

Натальля Наважылава

Заснавальніца клюбу «Багіра», «першая лэдзі» беларускага фітнэсу, трэнэрка з 40 гадамі стажу Натальля Наважылава расказвае пра ўдзел у мірных маршах і ініцыятывах вольных спартоўцаў, пра ролю жанчын падчас пратэстаў.

Наважылава выступіла з ініцыятывай «Узросту няма» для жанчын 40, 50, 60+, каб на сваім прыкладзе паказаць, што пасьля мэнапаўзы — ня толькі «грады і ўнукі», а паўнавартаснае здаровае жыцьцё.


Глядзіце размову на youtube-канале Свабода Prеmium.

Асноўныя тэзісы Натальлі Наважылавай


Пра ўдзел у мірных маршах

— Я была ўдзельніцай абсалютна ўсіх мірных, свабодных маршаў. Спадар Азаронак (ня ведаю, хто яго маці) кажа, што там былі наркаманы, прастытуткі, здраднікі і ворагі, а я на маршах бачыла свайго 80-гадовага трэнэра, інтэлігентнага чалавека. Бачыла там архітэктараў, дызайнэраў, спартоўцаў, алімпійскіх чэмпіёнаў, дактароў, рэжысэраў, артыстаў, фітнэс-інструктараў (мы малайцы, у нас добрая пазыцыя, і мы шчыра пра гэта гаворым).

Прыгожа ісьці па вуліцы, сумленна дыхаць паветрам роднага гораду, ведаць, што ты жанчына, што ты маеш права і маеш слова, што табе гэта гарантавана Канстытуцыяй і ты нічога не парушаеш. Ты радуесься, выйшаўшы на вуліцу ў прыгожы летні дзень паказаць сваю мірную, спакойную пазыцыю з усьмешкай, думаючы пра тое, што цябе слухаюць і з табой будуць размаўляць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зоркі ў камандах кандыдатаў у прэзыдэнты: Шушкевіч, Статкевіч, Караткевіч

Пра дапамогу гандбольнай камандзе, якую пазбавілі памяшканьня за падтрымку Леўчанкі

— Каманда гандбольнага клюбу «Віцязь-Леон» адмовілася гуляць у нейкай гульні на знак пратэсту супраць арышту Алены Леўчанкі. Іх за гэта адразу пазбавілі трэніровак і месца дысьлякацыі. Ня ведаю, адкуль у Беларусі такая злосьць, нібы нас абсалютна розныя бацькі выхоўвалі. У гэты момант я, не задумваючыся, пазваніла і запрасіла іх займацца ў свой клюб. Дала ім зьніжку. Яны аплацілі заняткі, а потым людзі з ЖЭСу прыходзілі і правяралі нас з гэтай нагоды, забралі ўсе плацёжкі і чэкі. Спартоўцам трэба трэніравацца, спартоўцы без спартовай залі, без трэніровак — як рыбы без вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандбалістаў «Віцязя», якія заявілі пра салідарнасьць з арыштаванай баскетбалісткай, зьнялі з чэмпіянату і пазбавілі залі 

Пра сытуацыю ў краіне і гібель Рамана Бандарэнкі

— Мы зь сястрой вельмі перажываем за тое, што адбываецца ў краіне. А найбольшая патрыётка — наша мамачка Вера Міхайлаўна Шагойка. Калі сілавікі бегалі пад вокнамі яе кватэры на плошчы Перамогі, яна плакала і згадвала, як бегалі са зброяй фашысты. У яе ціск падымаўся праз гэта, мы хуткую выклікалі. Мы вельмі моцна перажываем з кожнай нагоды. Я не ўспрымаю, што мая хата з краю. Раман Бандарэнка... Гэта забілі майго сына. Калі кожны будзе разумець, што чужы сын — як твой сын... Магло так здарыцца, што я была б ад нараджэньня мамай Рамана... Мы зь сястрой успрымаем гэта вельмі блізка да сэрца. Ставім сьвечкі. Нядаўна былі на Паўднёвых могілках і пайшлі да магілы Рамана Бандарэнкі. Стаялі і проста плакалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дасылаюць аднатыпныя адмовы, як пляўкі ў твар». Сястра забітага Рамана Бандарэнкі пра паўгода сьледзтва. ВІДЭА

Пра ліст вольных спартоўцаў

— Я падпісала разам зь іншымі спартоўцамі ліст супраць гвалту. Як і кожны нармальны чалавек, я не хачу, каб майго сына білі, і не хачу, каб білі і забіралі сына маёй суседкі. Уся беларуская і расейская зямля палітая крывёй маіх продкаў, я не хачу, каб гэта сёньня паўтаралася і асацыявалася з ваенным становішчам. Калі мы са спартоўцамі падпісвалі гэты ліст, то спадзяваліся, што нас пачуюць і зразумеюць, але пабачылі, што гэта глухая сьцяна. Мы робім тое, што можам. Аб’ядналіся ў саюз свабодных спартоўцаў, вырашылі рабіць агульнанацыянальныя зарадкі. Зьнялі 8 праграмаў, у якіх узялі ўдзел 16 чалавек (Вольга Хіжынкова, алімпійскія прызэры, чэмпіёны сьвету). Гэта было ў рамках ініцыятывы Зборнай здаровага ладу жыцьця — мы заклікаем людзей да здаровага ладу жыцьця.

Пра ініцыятыву онлайн-трэніровак для жанчын пэўнага ўзросту

— Я трэнэрка, якая працуе ўжывую. У клюбе ў мяне дастаткова шмат індывідуальных заняткаў для жанчын, у якіх наступіў пэрыяд мэнапаўзы і якія хочуць прывесьці сябе ў форму. Ня кожная жанчына ведае, як пройдзе гэты пэрыяд, ідзе сурʼёзны фізіялягічны працэс перабудовы жаночага арганізму. Невядомае заўсёды палохае. Таму жанчыны 40+ думаюць, разважаюць, шукаюць.

І цяпер я вырашыла працаваць і ў онлайн-прасторы, і адразу шмат прапановаў зьявілася. Справа ў тым, што знайсьці трэнэра для гэтага ўзросту — праблема. Многія трэнэры, якія вядуць заняткі онлайн, працуюць мэтанакіравана для пэўных узроставых групаў — 16, 18, 20, 25, 35 і да 40 гадоў. І вельмі цяжка знайсьці дагледжанага спартовага трэнэра з паўнавартасным жыцьцём у сваім узросьце, з добрай фігурай, нармальнай энэргетыкай, харызмай, досьведам і сурʼёзнай адукацыяй.

Я зрабіла маніторынг і сказала сабе: «Натальля, было калісьці тэлебачаньне ў 90-я гады, ты падняла ўсю Беларусь з канапаў, яны ўсталі і пачалі рухацца, танцавалі, усё гэта падабалася. А цяпер надышоў час інтэрнэт-прасторы». Гэта ня горш, а можа і лепей. Камэру я люблю, адлегласьць да чалавека адчуваю, таму для нашых беларускіх жанчын я выходжу зь цені жывых трэніровак і ўваходжу ў онлайн-прастору.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не бяруць на працу 20-гадовых, ня хочуць наймаць пасьля сарака. Асаблівасьці эйджызму ў Беларусі

Пра патэнцыйных удзельніц трэніровак

Натальля Наважылава

— Я думаю, што гэта магла б быць кожная жанчына, каб толькі інакш склаліся абставіны, бо наша беларуская жанчына абцяжараная столькімі абавязкамі... Наша грамадзтва цягнуць у асноўным жанчыны. Жанчыны бацькоў глядзяць, унукаў глядзяць, дачы будуюць. Кажуць, што ў нас сацыяльная дзяржава. Нічога падобнага. У нас жанчыне вельмі цяжка жывецца. І наша нармальная, прыгожая маладая жанчына пераўтвараецца з узростам у больш сталую жанчыну. І трапляючы ў пэрыяд клімаксу, ня можа займацца толькі сабой, бо калі яна ня будзе займацца ўсім «грузам», які цягне, усё рухне.

Я перакананая на 100%, што любая жанчына гатовая ў любы момант хай не на ўвесь курс, але хоць адзін урок пазаймацца. Бо ў душы кожная з нашых беларускіх жанчын — прыгажуня і разумніца. Гэта цэнтар грамадзтва, яна ўсё можа, толькі не ва ўсіх ёсьць магчымасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падыму бел-чырвона-белы сьцяг», — 61-гадовая Лілія Яноўская можа стаць першай беларускай на Эвэрэсьце

Чаму ня варта баяцца абмяркоўваць мэнапаўзу і ўсё зь ёй зьвязанае


— Павінна быць залатая сярэдзіна. Гэтая тэма заўсёды была інтымнай. Зь яе ня трэба рабіць тайны, але ня трэба пра яе і крычаць на кожным скрыжаваньні. У нас фарысэйская дзяржава, людзі закамплексаваныя, робяць з гэтага таямніцу, у выніку ўсё абрастае непатрэбнай інфармацыяй.

Давайце шчыра гаварыць. Мне 66 гадоў будзе празь некалькі месяцаў. Гэта не адразу адбываецца, але любая жанчына адчувае набліжэньне гэтага пэрыяду. І я магу сказаць, што ў 53 гады ў мяне пачаўся пункт адліку, калі я зразумела, што мая рэпрадукцыя як жанчыны заснула. Я выканала сваю функцыю на зямлі, у мяне нарадзіўся сын. Я квітнела, а цяпер у мяне пэрыяд прыгожага ўзроставага завяданьня. Ніхто ня будзе казаць, што ёсьць вечная маладосьць. Вечная маладосьць ёсьць у мяне ў сэрцы дакладна. Але фізіялёгія завядае паціху. І тут жанчыны баяцца ня столькі самога стану клімаксу, колькі наступстваў — гэтага завяданьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У гэтай рэвалюцыі жаночы твар». Як жанчыны зрабілі пратэст мірным