За салідарнасьць са зьняволенай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай гандбольны клюб «Віцязь» спачатку зьнялі з чэмпіянату Беларусі, а сьледам пазбавілі трэніровачнай залі, паведамляе прэс-служба каманды.
«Сябры, зьвяртаемся па дапамогу. Гандбольны клюб „Віцязь“ шукае трэніровачную залю. Бяда не прыходзіць адна — гэтым разам нас пазбавілі месца для трэніровак. Калі вы ўладальнік спартовай залі або ў вас ёсьць знаёмыя, гатовыя супрацоўнічаць з нашай камандай, адгукніцеся», — заклікае адміністрацыя каманды.
«Віцязь» адмовіўся выходзіць на матч супраць «Машэкі» праз затрыманьне баскетбалісткі Алены Леўчанкі і прысуджэньне ёй 15 сутак арышту за ўдзел у «несанкцыянаванай акцыі».
У клюбе патлумачылі, што арышт вядомай спартоўкі яны лічаць незаконным і пратэстуюць супраць ціску на грамадзян Беларусі.
Сьледам Беларуская фэдэрацыя гандболу, якой кіруе даўні паплечнік Аляксандра Лукашэнкі, экс-кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, выдала загад зьняць каманду з чэмпіянату Беларусі.