18-гадовы Дзьмітры Стахоўскі скончыў жыцьцё самагубствам праз перасьлед сілавікоў за масавыя беспарадкі — гэтак ён напісаў у перадсьмяротным допісе ў сацыяльных сетках. Хлопец 25 траўня скінуўся з 16 паверху дома, піша «Вясна».
У каледжы лёгкай прамысловасьці і комплекснай лягістыкі, дзе вучыўся Дзьмітры, прадстаўнікі адміністрацыі зайшлі ў клясу, выбралі 10 вучняў, якіх прымусілі здаць тэлефоны і павезьлі на крэмацыю Стахоўскага. Пры гэтым пра крэмацыю яны даведаліся толькі на месцы, ня ведаючы, куды менавіта іх вязуць.
Больш ніхто патрапіць у крэматорый ня змог — ні знаёмым, ні сябрам дату, час і месца крэмацыі не паведамлялі. Што далей будзе з прахам Дзьмітрыя — невядома.
У Стахоўскага была прыёмная сям’я ў Італіі, куды ён прыяжджаў.
Удзень 25 траўня юнак быў на допыце ў Сьледчым камітэце, а ўвечары ўчыніў суіцыд. Перад гэтым Дзьмітры Стахоўскі пакінуў перадсьмяротны допіс, у якім патлумачыў свой радыкальны ўчынак крымінальным перасьледам праз удзел у мітынгах: «Віной таму стаў Сьледчы камітэт», — удакладніў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Занадта шмат бед абрынулася на яго». Што кажуць сябры пра загінулага 18-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі патрабуюць прыбраць кветкі і зьнічы ў Менску на месцы гібелі Дзьмітрыя Стахоўскага