У Расеі дабрачынная арганізацыя дапамогі ўцекачам «Грамадзянскае садзейнічаньне» разам з Маскоўскай Хэльсынскай групай апублікавалі онлайн-пэтыцыю з патрабаваньнем «увесьці мараторый на экстрадыцыю і выправаджэньне беларускіх грамадзян да таго часу, пакуль ня будзе дастатковых падстаў меркаваць, што палітычна матываваны гвалт у Беларусі спыніўся і што прававыя інстытуты перасталі быць прыладай рэпрэсій».
Першая судовая скарга на экстрадыцыю
Маскоўскі гарадзкі суд адхіліў скаргу на экстрадыцыю з Расеі грамадзяніна Беларусі Андрэя Казімірава. На радзіме яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Берасьці з пагромамі і ўжываньнем гвалту падчас пратэстаў у жніўні 2020 году. Яму пагражаюць катаваньні і зьдзекі, асьцерагаюцца праваабаронцы.
Справа Казімірава — першая ў шэрагу падобных скаргаў на экстрадыцыю грамадзян Беларусі, якіх афіцыйны Менск перасьледуе за мірны пратэст і якія спрабуюць атрымаць у Расеі прытулак.
Андрэя Казімірава арыштавалі ў Маскве 14 студзеня. Амаль паўгода яго трымаюць у сьледчым ізалятары «паводле падазрэньня ў злачынстве»: яшчэ ў лістападзе 2020 беларускія ўлады абвясьцілі яго ў міжнародны вышук за ўдзел у масавых беспарадках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква выдасьць Менску яшчэ аднаго беларуса, які шукаў там прытулкуСьлед ад кулі сілавікоў — «асаблівая прыкмета»
Казіміраў не адмаўляе, што выходзіў на акцыю пратэсту па выніках прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Падчас аднаго зь мітынгаў ён, паводле яго, перасунуў сьмецьцевы кантэйнэр як заслон ад гумовых куляў міліцыі. Гэта трапіла на камэры назіраньня, і Казімірава пазьней абвінавацілі ва ўдзеле ў беспарадках. Пры тым ён вымушаны быў пакінуць месца, дзе праходзіла акцыя пратэсту, бо быў паранены ў нагу гумовай куляй. У арыенціроўцы, якая паступіла расейскім праваахоўным органам зь Беларусі, раненьне пазначана як адмысловая прыкмета, маўляў, на назе ёсьць сьлед ад кулі, — расказалі Радыё Свабода ў дабрачыннай арганізацыі «Грамадзянскае садзейнічаньне».
Празь некалькі дзён Казімірава разам зь сябрам затрымалі ў краме: супрацоўнік у цывільным, які стаяў у чарзе, пачуў, як яго сябар гучна абмяркоўваў сытуацыю ў краіне, кажа адвакат Іларыён Васільеў. Казімірава білі, пакуль везьлі ў аддзел міліцыі, білі ў аддзяленьні, прымушалі стаяць на каленях, патрабавалі назваць тых, хто плаціць пратэстоўцам за ўдзел у акцыях, пагражалі, што ён ніколі адсюль ня выйдзе, а праз два дні ўзялі пісьмовую заяву, што ён ня мае прэтэнзіяў да супрацоўнікаў міліцыі, і адпусьцілі. У верасьні Казіміраў пакінуў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы ў Расеі страйковец зь «Беларуськалію» падаў заяву аб прызнаньні яго ўцекачомПросьба аб прытулку ў Расеі як часовае выйсьце
Аб экстрадыцыі ў Беларусь Генпракуратура Расеі інфармавала яго 29 красавіка. «Калі б не падалі скаргу, то 10 траўня Казіміраў мог бы быць ужо ў Беларусі. Цяпер Казіміраў знаходзіцца ў працэдуры абскарджаньня адмовы ў прадстаўленьні яму часовага прытулку, у законнай працэдуры», — кажа адвакат Іларыён Васільеў.
Часовы прытулак у Расеі Казіміраў можа атрымаць з прычыны пагроз катаваньняў, жорсткага абыходжаньня і несправядлівага суду.
Надзея на Эўрапейскі суд у правах чалавека
Па словах Васільева, рашэньне Масгарсуду будзе аспрэчанае, і будзе скарга ў Эўрапейскі суд у правах чалавека: у надзеі на прымяненьне правіла, якое ўводзіцца ў выпадку рэальнай пагрозы жыцьцю.
«Паводле Канвэнцыі аб уцекачах 1951 году Казіміраў — асоба, якая шукае прытулку. Таму ён ня можа быць выдадзены ў дзяржаву, якая патрабуе яго выдачы, да таго часу, пакуль ня будзе прынятае канчатковае рашэньне — даваць яму часовы прытулак ці не даваць», — кажа Дзіна Мусіна, кіраўнік праекту дапамогі беларускім уцекачам арганізацыі «Грамадзянскае садзейнічаньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Браў спэцназ ФСБ». Віталь Гуркоў расказаў, як у Маскве затрымлівалі Аляксея КудзінаБеларускія ўлады дамагаюцца прымусовай дэпартацыі
Да праваабаронцаў па дапамогу, акрамя Казімірава, зьвярнуліся яшчэ шэсьць грамадзян Беларусі з падобнай сытуацыяй. 31 траўня Маскоўскі гарадзкі суд разглядае скаргу на экстрадыцыю з Расеі беларускага спартоўца Аляксея Кудзіна, чэмпіёна сьвету па кікбоксінгу. У Беларусі яго абвінавацілі ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў пасьля акцыі пратэсту ў горадзе Маладэчне.
Дзіна Мусіна кажа пра пасьпяховую абарону ў справе грамадзяніна Беларусі Мікалая Давідчыка, адміністратара апазыцыйнага тэлеграм-чата «Лида для жизни». У сакавіку яго затрымалі ў Маскве паводле падазрэньня ў закліках да ўдзелу ў беспарадках. Адвакатам «Грамадзянскага садзейнічаньня» удалося дамагчыся, каб Генпракуратура РФ адмовіла ў выдачы Давідчыка ў Беларусь. Праўда, актывіста затрымалі неўзабаве пасьля вызваленьня цяпер ужо па адміністрацыйным артыкуле расейскага кодэксу, абвінаваціўшы ў адсутнасьці рэгістрацыі:
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве затрымалі пратэстоўца зь Беларусі— Матэрыялы справы, зь якімі мы ўжо азнаёміліся, кажуць пра тое, што беларускія органы накіроўваюць запыты расейскаму боку з просьбай у выпадку адмовы ў экстрадыцыі прымусова дэпартаваць чалавека. Гэта значыць, ім ужо ўсё роўна. Гэта абсалютна супярэчыць усім нормам права, тым больш міжнароднага права — Эўрапейскай канвэнцыі, — кажа Дзіна Мусіна.
Грамадзян Беларусі, якія перасьледуюцца з палітычных матываў, на тэрыторыі Расеі можа быць значна больш. Проста яны не ў міжнародным вышуку, таму іх не шукаюць расейскія праваахоўныя органы, тлумачаць праваабаронцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі арыштавалі 7 беларусаў, якія шукалі там прытулку. ВІДЭА