Сустрэча адбылася ў магілёўскай турме пасьля працэсу, на якім актывіст «Эўрапейскай Беларусі» быў асуджаны на 7 год зьняволеньня па артыкуле аб «арганізацыі масавых беспарадкаў».
«Сказаў, каб не зьвяртала ўвагі на гэтую лічбу, 7 гадоў, бо для яго яна нічога ня вартая, — кажа Кацярына. — У яго не было ілюзій, што дадуць мала, як няма ілюзій, што гэта ўсё ў краіне хутка вырашыцца. Але ён перакананы, што выйдзе значна раней, чым яму адмераў суд».
Паводле жонкі, Яўген выглядае нармальна, не зламаўся маральна і фізычна, абвяшчэньне прысуду сустрэў мужна, як і ягоныя сябры па няволі.
Размова Кацярыны зь Яўгенам доўжылася каля 2 гадзін — яны размаўлялі праз двайное шкло па тэлефоне. У пакоі для сустрэч было 5 кабінак з такімі тэлефонамі, і ўсе былі занятыя. Кацярына перакананая, што размову праслухоўвалі. Спачатку яна старалася пазьбягаць палітычных тэмаў, бо апасалася, што сустрэчу перапыняць, але потым пачула, як вязень у суседняй кабінцы назваў імя Сьвятланы Ціханоўскай, і тады яны загаварылі і пра суд.
«Суд быў марудны і сумны»
«Яўген казаў, што працэс праходзіў марудна і сумна. У клетцы хто чым займаўся: Павал [Севярынец. — РС] нешта занатоўваў, можа, пісаў новую кнігу, Яўген думаў пра сваё, хлопцы пераглядаліся. Вясёлым Яўген назваў толькі час, калі зачытваліся матэрыялы праслухоўваньня нейкай кватэры. Дэталяў ня ведаю, але здагадваюся, што гэта спэцслужбы праслухоўвалі кватэру, дзе хтосьці зь іх быў, і потым выдавалі гэтыя матэрыялы за доказы. Вінаватым сябе ніхто не прызнаў. Усе, акрамя Паўла Севярынца, які ўвогуле маўчаў на працэсе, выступілі з апошнім словам. Паводле адвакатаў, прамовамі ўсіх падабаронных яны былі ўражаныя», — расказала Кацярына.
Жанчына расказала, як ехала на прысуд, які прагучаў 25 траўня, — зусім без спадзяваньня, што прапусьцяць у судовую залю, бо памяталі першы дзень суду, калі нават былі затрыманьні журналістаў.
«Але нас, сваякоў, усё ж пусьцілі, — кажа Кацярына. — А як заходзілі ў залю, дык хлопцы кожнага сваяка сустракалі авацыяй. І пасьля суду разам крычалі: „Верым, можам, пераможам!“. Карацей, вярталіся зусім у іншым настроі. Пабачылі, пэўна, што яны нават у няволі больш вольныя, чым у нас людзі на свабодзе. Атрымалі такі зарад энэргіі!»
Судзілі Яўгена Афнагеля ў Магілёўскім абласным судзе разам з Паўлам Севярынцам, Максімам Вінярскім, Андрэем Войнічам, Паўлам Юхневічам, Дзьмітрыем Казловым і Ірынай Шчаснай. Суд быў закрыты, судзіла актывістаў судзьдзя Ірына Ланчава. На гэтым тыдні, паводле абаронцы Яўгена Афнагеля, будзе пададзеная апэляцыйная скарга на яе прысуд.
«Усіх пераігрывае ў шахматы»
Кацярына асобна згадала расказы мужа пра час, які ён правеў у СІЗА на Валадарскага.
«Казаў, што там яму пашанцавала на добрых і цікавых людзей, разам зь якімі сядзеў. Вучыўся ад сукамэрнікаў малюнку і дызайну, ад некага вывучыў турэцкія словы, сам навучаў гісторыі і гульні ў шахматы. Ён вельмі добра гуляе і любіць шахматы. Згадваў, што ў камэры ўсіх абыграў. Цяпер у Магілёўскай турме зноў сядзіць у асноўным з палітычнымі, якіх там, дарэчы, усё больш. Прывозяць з „Валадаркі“ ды з Жодзіна. Яшчэ гэта вынікае з чэргаў на сустрэчы і перадачы», — заўважыла Кацярына Людвіг.
Яўгену Афнагелю 42 гады, ён па адукацыі настаўнік гісторыі і ангельскай мовы, да ад’езду зь Беларусі ў 2011 годзе працаваў настаўнікам. Пасьля Плошчы-2010 зьехаў, бо яму пагражалі рэпрэсіі. Да 2016-га яны з Кацярынай пажылі ў Вільні і Варшаве, але вярнуліся дадому.
«Вярнуліся сьвядома, разумеючы, што можа быць далей. Але гэта быў наш выбар — каб бачыць сваякоў, сяброў, быць там, дзе твае карані. І цяпер пра эміграцыю думаем, што яна магчымая, толькі ў скрайнім выпадку. На сустрэчы пра гэта таксама гаварылі, але рашэньня няма», — кажа Кацярына.
«Яўген перадаваў сябрам, каб здужалі, не разгубіліся, не спалохаліся. Яму ад сяброў патрэбны найперш лісты, бо падтрымку там называе самым галоўным. Казаў, што на ўсе лісты, якія атрымлівае, адказвае. Перадаў, каб верылі ў лепшае, як верыць ён», — сказала жонка Яўгена Афнагеля Кацярына Людвіг.