Ці атрымаў Лукашэнка ў Сочы падтрымку ад Пуціна? Ці не здасьць Лукашэнку Пуцін на перамовах з Байдэнам? Што атрымаў расейскі бок аб беларускага госьця?
Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітолягі: кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі і дырэктар па дасьледаваньнях Цэнтру новых ідэяў, Кіраўнік праграмы па Беларусі брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня.
Астапеня
- Менавіта Лукашэнка ўзьняў тэмы самалёта Ryanair і ціску Захаду
- Пуцін традыцыйна казаў пра рост таваразварота
- Да жніўня 2020 году Лукашэнка не казаў, што Беларусь плячо да пляча з Расеяй супрацьстаяць Захаду
- Калі зьявілася інфармацыя, што Расея не пусьціла да сябе францускі самалёт, які абляцеў Беларусь, у Лукашэнкі зьявілася ўяўленьне, што сытуацыю яшчэ можна «адкруціць»
- Расея зараз не сьпяшаецца. Хоча Лукашэнка грошай? Хай нешта сур’ёзнае прапануе наўзамен. Няма прапановы — тады прычым тут грошы?
- Лукашэнка вельмі хвалюецца, каб Байдэн і Пуцін не дамовіліся наконт Беларусі за яго сьпіной
- Мы ня бачым індыкатараў таго, што Расея гатовая на ўгоду з Захадам наконт Беларусі і Лукашэнкі
- Мы ня бачым у Беларусі ніякіх прарасейскіх сілаў. Калі рабіць транзыт, то рабіць куды?
- Як усе старыя аўтарытарныя рэжымы, расейскі рэжым працуе на захаваньне status quo
- Калі Пуцін зараз увяжацца ў нейкія ўгоды з Захадам наконт Беларусі і ў выніку яна пяройдзе на бок Захаду, то гэта з расейскага гледзішча будзе сумны вынік
- Навошта Пуціну ісьці на такую рызыку?
- Для расейцаў Лукашэнка таксычны, але цяпер ён ад Расеі нікуды не падзенецца
- Лёгіка пакараньня за захоп самалёту і Пратасевіча насамрэч не зьвязаная з Беларусьсю, трэба, каб гэта не паўтаралася
- Захад сыходзіць з прынцыпу — як выйдзе, так і выйдзе
- Каштоўнасьць Беларусі для Захаду ня надта высокая, Лукашэнка ўсё роўна схіляецца да Расеі, ён усё роўна па грошы будзе зьвяртацца туды, ужо зараз ідзе паглыбленьне інтэграцыі ў вайсковай сфэры
- Выйгрыш Расеі ад санкцыяў асабліва відавочны ў калійнай сфэры, «Уралкалій» выціскае з рынку «Беларуськалій»
- Захад падымае для Расеі цану падтрымкі Беларусі. І ў Маскве можа ўзьнікнуць думка — а навошта нам гэта трэба?
- Адзіную валюту ўвесьці Захад не дазволіць
Сівіцкі
- Як і падчас папярэдняй сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна не плянаваўся падыход да прэсы
- Гэта сьведчыць пра тое, што будзе абмяркоўвацца далікатная тэма — вырашэньне беларускага палітычнага крызісу з дапамогай канстытуцыйнай рэформы, што застаецца ў парадку дня Крамля
- У Крамля зараз няма ніякіх рацыянальных прычынаў, каб падтрымліваць Лукашэнку і ўплішчвацца ў новую канфрантацыю з Захадам з-за яго дзеяньняў
- Неўзабаве саміт Пуцін-Байдэн
- Расейцы дасылаюць сыгнал заходнім партнэрам, што яны гатовыя абмяркоўваць беларускі крызіс і шукаць выйсьця зь яго разам
- Гісторыя з францускімі самалётамі, якія не дапусьцілі ў расейскую паветраную прастору — гэта і ёсьць сыгнал заходнім партнэрам, што меры адносна Беларусі трэба абмяркоўваць з Расеяй
- Сёньня былі дадзеныя дазволы эўрапейскім авіякампаніям ляцець у Расею, абмінаючы Беларусь
- Ёсьць расейская дзяжурная рыторыка наконт падтрымкі Лукашэнкі
- Але калі паглядзець на дзеяньні расейскай улады і бізнэсу, то бачна, што беларуская ўлада робіцца для іх усё больш таксычнай
- Заходнія санкцыі адносна Беларусі могуць уключаць і другасныя санкцыі і расейцы могуць трапляць у зону рызыкі з-за вельмі шчыльнай сувязі беларускай і расейскай эканомік
- Расея будзе выкарыстоўваць заходнія санкцыі, каб яшчэ мацней ціснуць на Лукашэнку
- Мы гэта ўжо бачылі з адмовай пастаўляць нафту на «Нафтан» і яшчэ ўбачым з беларускімі дзяржаўнымі аблігацыямі на маскоўскай біржы
- У ЭЗ абмяркоўваюцца санкцыі адносна беларускага калійнага сэктару і супраць транзыту энэрганосьбітаў
- Гэтыя санкцыі цалкам адпавядаюць расейскім інтарэсам
- Наколькі я ведаю, «Уралхім» і «Уралкалій» вядуць працу з эўрапейскімі і амэрыканскімі партнэрамі, каб санкцыі супраць «Беларуськалія» былі ўведзеныя
- Санкцыі супраць беларускага экспарту энэрганосьбітаў актуалізуюць расейскія праекты — «Паўночны паток-2» і Балтыйская трубаправодная сыстэма, якія ў свой час праэктаваліся Расеяй, каб пазьбегнуць Беларусі і Ўкраіны ў пытаньнях транзыту
- Галоўным бэнэфіцыярам заходніх санкцыяў будзе Расея
- Крэмль будзе ўзмацняць ціск на Лукашэнку і зьмяншаць фінансавую дапамогу, спасылаючыся на рызыку другасных санкцыяў, якія распаўсюдзяцца і на іх
- Плян Масквы — запрасіць Захад на перамовы наконт Беларусі, вызначыць кансэнсусны сцэнар, каб не ўзмацніўся санкцыйны ціск на Расею
Што было раней
- 28 траўня Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Сочы на перамовы з расейскім кіраўніком Уладзімірам Пуціным. Перамовы сам-насам зацягнуліся да позьняй начы, гаварылі больш як 5 гадзінаў.
- Лукашэнка паскардзіўся, што ягоныя праціўнікі спрабуюць разгойдаць сытуацыю ў Беларусі да ўзроўню жніўня 2020 году.
- Лукашэнка сказаў Пуціну, што прывёз і пакажа яму дакумэнты, зьвязаныя з інцыдэнтам з самалётам Ryanair, які выклікаў міжнародны рэзананс.
- Пуцін адзначыў, што такіх пратэстаў не было, калі самалёт з прэзыдэнтам Балівіі быў вымушаны прызямліцца на Захадзе ў 2013 годзе
- Сустрэча адбывалася на тле салідарнай пазыцыі Захаду наконт увядзеньня сэктаральных эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Непасрэднай нагодай стала прымусовая пасадка авіялайнэра Ryanair у Менску, што многія краіны ўспрынялі як «акт дзяржаўнага тэрарызму».
- Апошні візыт Лукашэнкі ў Расею – трэці з пачатку году, 22 лютага ён сустракаўся з Пуціным у Сочы, а 22 красавіка — у Маскве.