Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Матыў авіясанкцыяў Захаду — страх прэцэдэнту


Не, пачуцьцё агіды, якое выклікаюць дзеяньні беларускага рэжыму, — таксама матыў. Па сукупнасьці заслугаў, так бы мовіць. Аднак пачуцьцё агіды наўрад ці было меншым да 23 траўня, да прызямленьня рэйсу Атэны-Вільня ў Менску і да захопу Рамана Пратасевіча.

Аднак гэты захоп стварыў вельмі небясьпечны прэцэдэнт.

Сьцісла

  • Многія аўтарытарныя ўладары хацелі б атрымаць эмігрантаў-«экстрэмістаў» у падвалы сваіх спэцслужбаў для задушэўнай размовы
  • Калегу Лукашэнку сышло з рук, дык, значыць, можна, значыць, дапушчальна, значыць, пашумяць на Захадзе, выкажуць «глыбокую занепакоенасьць» — і зьядуць
  • Лукашэнка «трапіў пад раздачу» паводле расейскага выслоўя — «чтобы неповадно было». Нікому, нідзе і ніколі
  • Калі б Рамана Пратасевіча адправілі ў Вільню тым жа ці іншым самалётам, інцыдэнт быў бы вычарпаны цалкам і адразу ж
  • Захад проста ня мог паступіць інакш, чым ён паступіў, бо заўтра нейкі самалёт гэтак жа могуць пасадзіць у Каіры, Рангуне ці Каракасе

Заходнія дзяржавы вядуць глябальную палітыку і глябальную эканоміку. Іх самалёты штогадзіны лятаюць у безьліч краінаў сьвету і над безьліччу краінаў сьвету, у тым ліку ў Азіі і Афрыцы. А там шмат дзе кіруюць, як і ў Беларусі, «ненахіляльныя бацькі». І, па дзіўным супадзеньні, у іх таксама шмат эмігрантаў-уцекачоў, якіх гэтыя правадыры лічаць экстрэмістамі. А заходні сьвет гэтых эмігрантаў такімі чамусьці ня лічыць.

Nexta Маркс

Як у свой час брытанскі ўрад не лічыў экстрэмістамі двух эмігрантаў, аднаго — падбухторшчыка, натхняльніка збройнага паўстаньня ў Нямеччыне (такога кшталту Пуцілы-Nexta, толькі крыху старэйшага), другога — беспасярэдняга ўдзельніка таго паўстаньня. Гэта я пра Маркса і Энгельса, калі што.

Дык вось, вяртаючыся ў наш час, многія аўтарытарныя ўладары хацелі б атрымаць эмігрантаў-«экстрэмістаў» у падвалы сваіх спэцслужбаў для задушэўнай размовы. Яны мо няздольныя знайсьці на мапе тую бясконца далёкую ад іх Belarus. Але яны выдатна адчуваюць, разумеюць, што ў сучасным сьвеце можна, а што нельга, і дзе праходзіць мяжа паміж гэтымі матэрыямі.

Калегу Лукашэнку сышло з рук, дык, значыць, можна, значыць, дапушчальна, значыць, пашумяць на Захадзе, выкажуць «глыбокую занепакоенасьць» — і зьядуць.

Але праблема «бацек» у Азіі і Афрыцы ў тым, што Захад, маючы зь імі справу дзесяцігодзьдзямі, таксама выдатна разумее гэты мэханізм прэцэдэнту.

Чтобы неповадно было

І таму Лукашэнка «трапіў пад раздачу» паводле расейскага выслоўя — «чтобы неповадно было». Нікому, нідзе і ніколі. Ці «нахіляць» менавіта яго санкцыі, якія ён за сваю выхадку атрымае, — гэта пытаньне.

Але калегі па дыктатарскім «цэху» на ўсіх кантынэнтах будуць ведаць, што мала за падобныя фокусы не падасца, што мяжа дазволенага (прынамсі пакуль) праходзіць вось так.

Дарэчы, цікавы аспэкт праблемы. Расейская прапаганда (а ўсьлед за ёй і беларуская, якая малпуе расейскую) таксама апэруе прэцэдэнтамі, аналізуючы беларускі казус. Маўляў, а ў 2016 годзе ўкраінцы павярнулі беларускі самалёт на Кіеў, каб затрымаць пасажыра, якога падазравалі ў датычнасьці да сэпаратысцкай дзейнасьці. Маўляў (як у старым анэкдоце), і гэтыя людзі забараняюць нам калупацца ў носе. Літаральна сёньня пра той інцыдэнт прыгадаў міністар замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў.

Украінскі (не)прэцэдэнт

Але насамрэч аналёгія недарэчная. І Лаўроў, і расейскія прапагандысты рахмана «забываюць», чым скончыўся той інцыдэнт ува Ўкраіне. А тым, што падазраванага дапыталі, абшукалі і... адпусьцілі. Ён паляцеў з Украіны ў Менск наступным рэйсавым самалётам. І ніякага «кіна» зь яго пакаяньнямі і прызнаньнямі ўкраінцы па тэлебачаньні не паказалі.

Ці то ўкраінскія ўлады да яго сур’ёзных прэтэнзіяў і ня мелі, ці то нейкія больш высокія (і больш разумныя) за спэцслужбістаў украінскія чыноўнікі прыйшлі да высновы, што ня варта ствараць неабарачальнага прэцэдэнта, што міжнародная бясьпека — пытаньне ня менш важнае, чым вайсковая бясьпека.

Калі б Рамана Пратасевіча, нават дапытаўшы, нават скрыгочучы зубамі, нават лічачы яго страшным злачынцам, адправілі ў Вільню тым жа ці іншым самалётам, інцыдэнт быў бы вычарпаны цалкам і адразу ж. Нават, можа, махнулі б рукой на раптоўную пасадку, на «ліст ад Хамаса» і на падняты ў паветра зьнішчальнік.

Мы ня ведаем, якія размовы і каго з кім вяліся за тыя гадзіны, што самалёт стаяў у аэрапорце. Можа, нейкія дыпляматы, можа, нават нейкія беларускія чыноўнікі даводзілі, што ня варта ствараць неабарачальнага прэцэдэнту, што адказ на яго будзе скрышальны.

Не пераканалі, «моему ндраву не препятствуй». Ну, не дык не. Але і Захад проста ня мог паступіць інакш, чым ён паступіў, бо заўтра нейкі самалёт гэтак жа могуць пасадзіць у Каіры, Рангуне ці Каракасе, адправіўшы ў катавальню некага з пасажыраў. А чаму не? У Менску ж пракаўтнулі.

Неразуменьне гэтага глябальнага мэханізму — такая ж праява правінцыялізму, як геапалітычная мэгаляманія наконт «фарпосту Эўразіі».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG