«Я спытала: ці можна проста вярнуць мне грошы?»
Крысьціна мае сталы від на жыхарства ў Вялікай Брытаніі, выехала зь Беларусі 6 гадоў таму. Яна працуе адміністратарам у прыватнай бальніцы і вучыцца ва ўнівэрсытэце на судовага псыхоляга. У Менску ў яе жывуць бацькі і сябры. Звычайна прыяжджае ў Беларусь чатыры разы на год, але за апошнія паўтара года прыехала першы раз.
«Не прыяжджала хутчэй праз каранавірус, бо трэба было знаходзіцца ў самаізаляцыі. Я проста не магла ўзяць столькі адпачынку і сарвацца з вучобы. Узімку не прыяжджала ўжо якраз з прычыны сытуацыі ў краіне, бацькі настаялі і папрасілі пачакаць. Але ехаць не баялася, проста думала „будзь што будзе“ і спадзявалася, што пранясе».
Раней з прылётам у Менск ніколі не было праблем.
«Я часьцей лятала празь Вільню, бо выходзіць значна таньней. Гэтым разам давялося ляцець „Белавія“, бо ў Беларусі закрытая наземная мяжа, і я не магла выехаць зь Вільні сюды. Таму я прыляцела сюды, і ўсё было добра».
У Крысьціны быў зваротны квіток на 4 чэрвеня.
«Калі ўсё гэта пачалося, мне адразу прыйшло паведамленьне ад майго агенцтва, што ўсё закрылі, нельга вылецець, і мой прылёт быў адменены. Багаж я набывала празь «Белавія». Я паехала ў «Белавія» і правяла там у чарзе прыкладна гадзіну. Гэта было яшчэ ў самы першы дзень. Мне вярнулі грошы за багаж. Але таксама ўсё было неяк складана, бо мне прапанавалі напісаць электронны ліст, што са мной зьвяжуцца, праз 14 дзён мне патэлефануюць і вернуць грошы. Я спытала, ці можна проста вярнуць грошы? І тады толькі мне сказалі: «Добра, устаўляйце карту».
Але пакуль яшчэ ня вырашаныя пытаньні з брытанскім агенцтвам, празь якое браніравала квіток. Паводле Крысьціны, яно яе ігнаруе.
«Я ня ведаю, як яны будуць мне вяртаць грошы, як яны будуць гэта ўсе кампэнсаваць. Раніцай мне давядзецца вылецець у Пецярбург, пералёт цягнецца гадзіну. І толькі ў 9 гадзін вечара ў мяне будзе самалёт да Лёндану.То бок уся паездка займае цэлы дзень, і квіток каштаваў каля 300 даляраў, усё разам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта нарэшце рашучы крок Эўразьвязу, якога мы чакалі». Што кажуць пасажыры пра адмену рэйсаў празь Беларусь
«Згодная, што сытуацыя вельмі непрыемная. Але чаму цяпер усе павінны цярпець праз гэта?»
Першапачаткова квіткі туды і назад зь Лёндану ў Менск каштавалі для Крысьціны 350 даляраў. Цяпер толькі за адзін квіток назад яна заплаціць 300 даляраў. То бок даражэй прыкладна на 150 даляраў.
Квіток «Белавія» да Санкт-Пецярбургу каштаваў Крысьціне 480 рублёў.
«Прычым было дзіўна, бо квіткі былі спачатку за 606 рублёў, потым праз тры гадзіны сталі недзе 480 рублёў. Я забраніравала. Потым гэтыя ж квіткі былі ўжо 990 рублёў. Адкуль такія кошты бяруцца?»
Варыянт для паездкі ў Лёндан Крысьціна шукала сама. Брытанскае агенцтва абяцала зь ёю зьвязацца, але за чатыры апошнія дні так гэтага і не зрабіла.
«Ім давялося размаўляць з маім маладым чалавекам у Вялікай Брытаніі, які ім тэлефанаваў і сварыўся. Яму нахамілі. Ён сказаў, што выдаткі павялічыліся, бо мне давядзецца дзень правесьці ў Піцеры. У прынцыпе, гэта адзін суцэльны выдатак. Яны паабяцалі зьвязацца па электроннай пошце. Са мной ніхто не зьвязаўся, яны не ідуць на нармальны кантакт са мной. Таму давядзецца прасіць вяртаньня грошай і больш зь імі ня зьвязвацца, — кажа Крысьціна.
А ў „Белавія“ тут наогул нічога не сказалі. Маўляў, зьвяртайцеся ў ваша агенцтва. Нічога не прапанавалі і, па сутнасьці нічога не зрабілі. Да таго ж ім не датэлефанавацца, давялося ехаць да іх самой».
Крысьціна спадзяецца, што ёй удасца вылецець 4 чэрвеня, хоць ні ў чым няма ўпэўненасьці.
«Я спадзяюся, што ўсё спрацуе з ПЛР-тэстамі і з усім астатнім. Я хацела ляцець праз Стамбул, але Турэччына знаходзіцца ў чырвоным лісьце ў Вялікай Брытаніі, і калі б я ляцела праз Стамбул, то мяне прымусілі б сядзець на карантыне ў дзяржаўным гатэлі 10 дзён за 1700 фунтаў. Гэты варыянт не падыходзіў. Таму Масква і Пецярбург — гэта адзін варыянт, каб адсюль зьехаць зь беларускім пашпартам».
Пасьля вяртаньня ў Лёндан Крысьціне давядзецца зрабіць ПЛР-тэсты на другі і восьмы дзень. Яна мусіць іх набыць да адлёту.
«Бяз гэтых купленых тэстаў мяне проста ня пусьцяць у Вялікую Брытанію. Таму цяпер у выніку за ўсю паездку ў мяне выходзіць каля паўтары тысячы даляраў. За такія грошы я зьлётала дахаты».
Крысьціна кажа, што разумее, чаму было ўведзена абмежаваньне на палёты.
«Я згодная, што сытуацыя вельмі непрыемная. Але я не разумею, чаму цяпер усе павінны цярпець праз гэта. Так, прынялі рашэньне, малайцы. Але я не разумею, чаму я не магу адляцець дадому? Перажываюць бацькі, і я перажываю. Давялося тузаць свайго хлопца, каб ён тэлефанаваў, разьбіраўся. Гэта куча патрачанага ўпустую часу. У мяне тут мама, і ёй трэба было класьціся на апэрацыю, то бок нам наогул не да гэтага цяпер. Замест таго каб быць з маці, падтрымліваць яе, мне давялося разьбірацца, як жа паляцець дахаты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як адрэагуе Захад на інцыдэнт з самалётам? Меркаваньні экспэртаў
Чаму абмежавалі палёты?
- Эўрапейскае агенцтва па бясьпецы палётаў (EASA) рэкамэндавала авіякампаніям Эўразьвязу, а таксама авіялініям, якія не адносяцца да краін ЭЗ, пракладаць маршруты ў абход паветранай прасторы Беларусі.
- Гэта адбылося з прычыны інцыдэнту з самалётам Ryanair «Атэны — Вільня», які зрабіў вымушаную пасадку ў Менску пасьля фальшывага паведамленьня пра бомбу на борце. Пасьля пасадкі, зрабіць якую пілётаў канчаткова пераканаў зьнішчальнік МіГ-29, былі затрыманыя блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Сафія Сапега.
- Многія авіякампаніі прынялі рашэньне ня лётаць больш у Беларусь або празь яе паветраную прастору. У сувязі з забаронай на выкананьне рэйсаў «Белавія» з 27 траўня па 30 кастрычніка 2021 году адмяніла палёты ў Варшаву, Мілян, Амстэрдам, Рым, Франкфурт, Бэрлін, Мюнхэн, Гановэр, Вену, Брусэль, Барсэлёну і Калінінград. Таксама адмененыя рэйсы ў Лёндан, Парыж, Прагу, Рыгу і іншыя гарады. Пра забарону на палёты заявіла і Ўкраіна.
- Для беларусаў і іншых пасажыраў авіяпадарожжы становяцца больш складанымі і дарагімі з прычыны паветранай блякады Беларусі.