Такі адказ далі дзяржаўныя органы на калектыўную скаргу (пэтыцыю) грамадзянаў на катаваньні і бесчалавечнае абыходжаньне да тых, хто адбывае адміністрацыйны арышт. Адказ прыводзіць Праваабарончы цэнтар «Вясна».
17 сакавіка на сайце «Удобный город» была апублікаваная пэтыцыя «Аб спыненьні жорсткага абыходжаньня і катаваньняў у ізалятарах часовага ўтрыманьня і Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў».
У ёй былі адлюстраваныя толькі самыя асноўныя парушэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальны пазоў супраць Лукашэнкі ў Нямеччыне: гісторыі двух пацярпелых ад гвалту і катаваньняўПра што пісалі ў пэтыцыі
- нетлумачэньне правоў і абавязкаў;
- перапоўненасьць камэр і нястача ложкаў для кожнага арыштанта;
- нявыдача матрацаў, коўдраў, пасьцельнай бялізны і іншых неабходных прыладаў;
- адсутнасьць пітной вады, ежа нездавальняючай якасьці і недастатковай колькасьці;
- антысанітарнае становішча і нездавальняючая тэмпэратура ў камэрах,
- адсутнасьць мераў засьцярогі ад COVID-19;
- адсутнасьць прагулак, душа, кантактаў з навакольным сьветам (неатрыманьне і неадпраўка карэспандэнцыі);
- немагчымасьць абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў ІЧУ і рашэньне суду.
Адміністрацыйна затрыманыя і арыштаваныя пасьля вызваленьня масава заяўляюць аб наўмысным невыкананьні патрабаваньняў заканадаўства датычна ўмоваў іх ўтрыманьня ў ізалятарах Менску, Жодзіна і іншых гарадоў.
За тыдзень пэтыцыя сабрала 2012 подпісаў і была накіраваная ў шэсьць дзяржаўных органаў, у кожнага зь якіх ёсьць паўнамоцтвы рэагаваньня на падобныя парушэньні.
Каму паслалі пэтыцыю
- Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму,
- Міністэрства ўнутраных спраў,
- Пракуратуру гораду Менску,
- Пракуратуру Менскай вобласьці,
- ДУ «Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі»
- Дэпартамэнт фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь»,
- Жодзінскі ГАУС.
Заяўнікі патрабавалі ад дзяржаўных органаў:
- Аднавіць парушаныя невыкананьнем умоў утрыманьня правы людзей;
- Правесьці поўную, аб’ектыўную і ўсебаковую праверку;
- Ліквідаваць відавочныя і грубыя парушэньні ўмоў утрыманьня, а таксама парушэньні, якія маюць разавы або лякальны характар.
Што адказалі ўлады
Зь пяці атрыманых адказаў тры — апавяшчэньне аб перанакіраваньні звароту ў ніжэйшыя інстанцыі для разгляду па сутнасьці ў межах кампэтэнцый.
ГУУС Менскага гарвыканкаму далучыла пэтыцыю да зваротаў, вывучаных раней, і заявіла, што адпаведныя адказы ўжо былі дадзеныя.
Жодзінскі ГАУС адказаў, што не было ўстаноўлена дзеяньняў супрацоўнікаў ІЧУ, якія б закраналі інтарэсы заяўнікаў, а факты са скаргі на парадак і ўмовы ўтрыманьня не знайшлі свайго пацьверджаньня.
«Парушэньняў дзейнага заканадаўства з боку супрацоўнікаў АУС не ўстаноўлена», — адзначыў на заканчэньні начальнік Жодзінскага ГАУС Трацюк.
Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі дэпартамэнта фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь» правёў праверку з выездам спэцыялістаў на месца, па выніках якой «факты, выкладзеныя ў пэтыцыі, таксама не пацьвердзіліся».
Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць, што згодна з патрабаваньнямі заканадаўства, такія адказы дзяржорганаў нельга прызнаць належнымі, а калектыўны зварот — разгледжаным па сутнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 682 асуджана, амаль 1000 фігурантаў у справах аб «масавых беспарадках». Генпракуратура абяцае «не спыняцца»