За гэты час Ганну шмат разоў затрымлівалі і судзілі за пікетаваньне ў Курапатах, давалі вялікія штрафы, але не саджалі за краты. І вось летась, у апошні дзень кастрычніка, напярэдадні шэсьця ў Курапаты на Дзяды, затрыманьне для яе скончылася 15 суткамі арышту.
Сёлета ў канцы красавіка сытуацыя паўтарылася — зноў 15 сутак за несанкцыянаванае пікетаваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дашкевічу 20 «сутак», іншым ад 5 да 15-ці. У Менску асудзілі затрыманых удзельнікаў Курапацкай вартыПаводле актывісткі, удзел у курапацкім чыне цяпер асабліва небясьпечны, і паўстала пытаньне, ці варта яго працягваць у ранейшым выглядзе. Ганна згадвае пятніцу 23 красавіка. Зь яе словаў: было цалкам спакойнае шараговае дзяжурства, нават без бчб-сымболікі.
«Стаялі ўпяцёх, безь сьцягоў, проста раздавалі наведнікам аркушыкі з тэкстам пра Курапаты і тое, што пракуратура калісьці прызнала», — згадвае Ганна. — Як тут пад’яжджае бусік, і зь яго выскокваюць амапаўцы ў чорных шлемах, але нейкія дробныя, як падлеткі. Мужчын, што былі з намі, у тым ліку Зьмітра Дашкевіча, адразу зьбіваюць, мяне і непаўналетнюю дзяўчыну Марыю цягнуць у бус. Пад’яжджае другі аўтамабіль зь нейкім міліцэйскім начальствам, хутчэй за ўсё зь Менскай раённай міліцыі, і чую адтуль такія словы, што «ўсё, больш не дадзім вам тут стаяць, перашкаджаць працы людзей».
Ганна мяркуе, што калі раней міліцыя нібыта прытрымлівалася пазыцыі нэўтральнасьці, дык цяпер будуць затрымліваць за тое, «што стаіш і раздаеш наведнікам памятку пра Курапаты».
«Так і сталася, і таму пакуль варту спынілі», — тлумачыць Ганна Шапуцька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А цяпер — мы, БЕЛАРУСЫ». 10 важных фактаў пра Юлію ЧарняўскуюАктывістка прапануе іншы фармат абароны Курапат: прыходзіць да рэстарацыі паасобку, назіраць за падзеямі на тэрыторыі рэстарацыі і рэагаваць на парушэньні, якія там адбываюцца.
«Яны ж працягваюць парушаць закон: ладзяць блізу мэмарыялу шумныя вясельлі, карпаратывы, дзіцячыя сьвяты. Гэта ня толькі амаральна, але і незаконна. На гэта можна рэагаваць скаргамі і лістамі, закідаць іх такімі паперамі», — мяркуе Ганна Шапуцька.
Паводле яе назіраньняў, рэстарацыя «Поедем поедим» за 3 гады існаваньня так і не здабыла папулярнасьці сярод менчукоў.
«Палітычным стварылі невыносныя ўмовы на загад з МУС»
15 сутак, атрыманых у красавіку за «незаконнае пікетаваньне» рэстарацыі «Поедем поедим», Ганна адбывала ў ізалятары часовага ўтрыманьня № 20, што на вуліцы Францыска Скарыны.
«Раней бывала на Акрэсьціна, у Жодзіне, але ў ІЧУ на Скарыны яшчэ горш, бо там на загад пра асаблівае стаўленьне да палітычных накладаюцца надзвычай дрэнныя побытавыя ўмовы. Матрацы, пасьцельную бялізну, нават ручнік нам не выдавалі не з ініцыятывы мясцовых турэмшчыкаў, а паводле загаду з МУС. На кожным абходзе раніцай я патрабавала тое і тое, але мне адказвалі, што такі загад менавіта зь міністэрства. І пры гэтым мы чулі на калідоры пагрозы ахоўнікаў у бок камэр з хуліганамі, што і ў іх „адбяруць матрацы, як у палітычных“. Значыць, загад МУС распаўсюджваўся толькі на нас, палітычных», — мяркуе Ганна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маньякаў у зонах не катуюць так, як „палітычных“ на „сутках“», — Дашкевіч пасьля 20 дзён арышту. ВІДЭАПадыходзіў травень, ацяпленьне ў ІЧУ-20 ужо адключылі, і, паводле Ганны Шапуцькі, у камэрах было холадна, як на вуліцы.
«Ня тое што спаць, сядзець на жалезных ложках было немагчыма. Ды мы і ня спалі амаль зусім. Бо двойчы за ноч нас яшчэ дадаткова правяралі: трэба падыйсьці да акенца і сябе назваць. 15 сутак ператварыліся ў адзін доўгі дзень — ня ўсе гэта маглі вытрымаць», — прызнаецца спадарыня Шапуцька.
Актывістка згадвае трох сукамэрніц, зь якімі давялося дзяліць цесную двухмесную камэру. Паводле Ганны, усе тры яе «сяброўкі па палоне» сталі ахвярамі падману з боку супрацоўнікаў міліцыі. Першую сукамэрніцу затрымалі ў Новай Баравой падчас міліцэйскай аблавы.
«Пазванілі ў дзьверы, нібыта нехта з балькона нешта выкрыкваў. Ці ня вы? Яна была ні пры чым, адчыніла дзьверы. Забралі. У доме застаўся хворы муж. У дзяўчыны былі панічныя атакі, гэтак перажывала за мужа, як ён. Пачала траціць прытомнасьць — забралі ў шпіталь», — кажа пра пакуты сукамэрніцы Ганна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца зь Вітольдам Ашуркам у Бярозаўцы. ФОТА, ВІДЭАНаступнай сукамэрніцай была жанчына, сына якой меліся забраць на апэрацыю. Калі затрымлівалі, жанчына казала пра гэта міліцыянтам, але яе не адпусьцілі, трымалі ў ізалятары тры дні і пагражалі крымінальнай справай за арганізацыю беспарадкаў.
«Узялі бязь цёплай адзежы, сказалі, што толькі падпіша паперы. Ну чаму было не папярэдзіць, што забяруць надоўга? Алена ўвесь час трэслася ад холаду, днямі плакала не перастаючы, — перажывала за сына. Хіба такое людзі даруюць?» — абураецца Ганна Шапуцька.
Яе трэцяй сукамэрніцай аказалася жонка былога алмазаўца. Затрымалі за бчб-малюнкі ў ліфце. Сукамэрніца, паводле Ганны, абуралася, што праўладнага журналіста Рыгора Азаронка ўзнагародзілі мэдалём за мужнасьць. «Казала, што яе муж такі ж мэдаль мае за сапраўдныя апэрацыі, дзе ён рызыкаваў жыцьцём, таму гэта як ганьба для ўсіх сілавікоў. Дарэчы, муж яе падтрымлівае, прыносіць перадачы. Там шмат у каго адбываецца пераасэнсаваньне каштоўнасьцяў», — мяркуе Ганна.
«Гатовых помсьціць з уласнай ініцыятывы таксама хапае»
Наконт міліцыянтаў, якія працуюць у ІЧУ на Скарыны, у Ганны такая думка: большасьць прыстасаваліся, церпяць, разумеюць, што выконваюць злачынныя загады, але ім усё ж сорамна. Некаторыя кажуць, што як скончыцца кантракт, сыдуць, бо больш няма як трываць. Насуперак загаду часам рызыкуюць і нават дапамагаюць.
Калі 8 траўня Ганна вызвалялася, ёй далі падпісаць паперу, што раскаялася, але яна адмовілася. Тады міліцыянт учыніў дадатковы агляд рэчаў і максымальна затрымаў яе выхад на волю, дзе пад дзьвярыма ізалятара яе чакалі муж, дачка і ўнукі.
«Такіх, гатовых помсьціць з уласнай ініцыятывы, там таксама хапае», — лічыць Ганна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я стаўлюся да гэтага як да псыхалягічнага ціску». У брата Натальлі Хершэ правялі ператрусУ прызначаны законам тэрмін Ганна Шапуцька не пасьпела абскардзіць адміністрацыйны арышт, бо ня мела адваката, а ў ізалятары палітычным зусім не выдавалі паперы, канвэртаў і асадак, лісты да іх таксама не прапускалі. Таму цяпер Ганна складае ліст у пракуратуру: будзе скардзіцца на дыскрымінацыю паводле палітычнай прыкметы, катаваньне холадам і дрэнныя побытавыя ўмовы для вязьняў жаночага полу.
«Прынамсі праверку мусяць зладзіць. Калі не — зьвярнуся вышэй, не адчаплюся», — запэўнівае Ганна Шапуцька.
Што паказаў досьвед змаганьня за правы людзей
Да падзей 2020 году Ганна шмат сілаў укладала ў кампанію салідарнасьці з палітвязьнямі. Яна ладзіла сходы, на якіх аб’ядноўвала праваабаронцаў, актывістаў і журналістаў, дапамагала складаць лісты падтрымкі і заявы да ўлад. У тым ліку шмат рабіла для дапамогі апошняму вязьню Плошчы-2010 Сьвятаславу Барановічу, выкладчыку і праваабаронцу Міхаілу Жамчужнаму, актывісту анархісцкага руху Зьмітру Паліенку. На сходы ў іх падтрымку, якія зьбірала Ганна Шапуцька, прыходзілі Павал Севярынец, Мікалай Аўтуховіч, Вольга Маёрава — тыя, каго цяпер, як кажа Ганна, «рэжым трымае як закладнікаў». Ці можна ім цяпер неяк дапамагчы?
Паводле Ганны Шапуцькі, усіх, каго затрымалі цягам апошніх палітычных падзей, варта прызнаць палітвязьнямі.
«У нас унікальная сытуацыя, яна патрабуе пашырэньня крытэраў прызнаньня палітычнага перасьледу», — мяркуе Ганна Шапуцька.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязьні робяць цяпер самую галоўную справу», — Вольга і Ганна Севярынец пра шчасьлівых за кратамі«Па-другое, — даводзіць яна, — трэба, каб кожны зь людзей добрай волі ўзяў на сябе апеку хаця б над адным палітвязьнем: лісты падтрымкі, перадачы, дапамога сваякам, скаргі ў судовыя інстанцыі. Такая праца магчымая нават у сёньняшніх умовах — гэта наш абавязак», — перакананая Ганна Шапуцька.
Сама Ганна лістуецца і кантактуе зь сем’ямі Вольгі Маёравай, Мікалая Аўтуховіча, журналіста Дзяніса Івашына ды іншымі вязьнямі. Актывістка прызнае, што ня ўсе зь яе спробаў удалыя. Прыкладам, зь Мікалаем Аўтуховічам сувязь зусім абарвалася. Але Ганна Шапуцька кажа, што ня мае намеру складаць рукі і спыняць сваю працу. Праваабаронца спасылаецца на свой досьвед:
«Кропля за кропляй, і дапамога становіцца такой вялікай, што наступае перамога», — кажа яна.