Сьцісла:
- Да гісторыі з самалётам Беларусь перастала быць прыярытэтнай для Брусэлю.
- санкцыі супраць Беларусі прасоўваюць у асноўным усходнія дзяржавы-партнэры.
- Эўрапейская служба вонкавых сувязяў ЭЗ дэманструе стомленасьць ад Беларусі.
- Таму ня дзіўна, што Лукашэнка набраўся адвагі зрабіць тое, што ён зрабіў 23 траўня.
- У чым прыватна прызнаваліся розныя афіцыйныя асобы ЭЗ.
- Якіх захадаў можна чакаць ад ЭЗ цяпер.
Мноства праблем, якія стаялі перад асаджаным рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і народнай апазыцыяй яго праўленьню, проста перасталі быць прыярытэтнымі для Брусэлю з прычыны пандэміі COVID-19, пагаршэньня адносін з Расеяй і абвастрэньня ізраільска-палестынскага канфлікту. Так працягвалася да таго часу, пакуль рэжым Аляксандра Лукашэнкі не прымусіў зарэгістраваны ў ЭЗ авіялайнэр, які ляцеў паміж дзьвюма сталіцамі краін ЭЗ, прызямліцца ў Менску, каб арыштаваць журналіста Рамана Пратасевіча.
Раптам Беларусь зноў апынулася на першым месцы ў парадку дня ЭЗ. На загадзя заплянаванай сустрэчы ў Бруселі вечарам 24 траўня лідэры дзяржаў Эўрапейскага Зьвязу прыйшлі да ўзаемнай згоды аб пакеце санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. У прыватнасьці, уводзіцца забарона на выкарыстаньне беларускай авіяцыяй паветранай прасторы ўсіх краін ЭЗ. Напярэдадні сустрэчы звычайна вельмі стрыманая прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляйен напісала ў твітары аб тым, што «абуральныя і незаконныя паводзіны рэжыму Беларусі будуць мець наступствы». Яна дадала: «Вінаватыя ў згоне лайнэра Ryanair павінны быць пакараныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым можа пагражаць Беларусі пасадка самалёта Ryanair у МенскуЯкіх яшчэ захадаў можна было б чакаць ад Брусэлю? Закліку да расьсьледаваньня з боку Міжнароднай арганізацыі цывільнай авіяцыі (ICAO) — амаль напэўна. Таксама ідуць размовы аб забароне для самалётаў «Белавія», дзяржаўнай беларускай авіякампаніі, прызямляцца ў аэрапортах ЭЗ і спыненьні доступу ўсіх рэйсаў авіякампаній ЭЗ у паветраную прастору Беларусі. Ёсьць прыкметы таго, што такія захады могуць быць рэалізаваныя параўнальна хутка, але, вядома, яны будуць мець найбольшы эфэкт, калі да іх далучацца ўсе дзяржавы – сябры ЭЗ, а таксама іншыя заходнія краіны (праўда, для гэтага неабходная агульная каардынацыя дзеяньняў).
Таксама прапаноўвалася прыпыніць увесь транзыт, уключаючы наземны, на тэрыторыю ЭЗ, хоць яшчэ трэба будзе пабачыць, ці пагодзяцца з гэтым сумежныя зь Беларусьсю дзяржавы, такія як Польшча, улічваючы патэнцыйныя эканамічныя наступствы для Варшавы. Узьнікае, вядома, і іншае пытаньне: ці будуць краіны – сябры ЭЗ блякаваць выплаты зь Міжнароднага валютнага фонду, на якія Менск мае права ў рамках намаганьняў у барацьбе з наступствамі пандэміі COVID-19?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што можа страціць прыбытковая некалі «Белавія» ад забароны палётаў?Акрамя таго, існуюць традыцыйныя санкцыі супраць юрыдычных і фізычных асобаў, адказных за выкраданьне паветранага судна, а таксама магчымыя эканамічныя наступствы супраць краіны ў цэлым. Пасьля разгону дэманстрантаў, які наступіў за фальсыфікаванымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў жніўні, ЭЗ замарозіў фінансавыя актывы і забараніў выдачу візаў агулам 88 фізычным і 7 юрыдычным асобам, уключна з Лукашэнкам. Новы пакет санкцый знаходзіцца ў распрацоўцы і мусіў быць абнародаваны да або на пасяджэньні Рады ЭЗ у замежных справах 21 чэрвеня. Аднак праца над гэтымі мерамі выдатна ілюструе згаданую вышэй «стомленасьць ад Беларусі» ў Бруселі. Праца мусіла пачацца ў лютым, але ішла вельмі павольна. Дыпляматычнае ведамства ЭЗ, Эўрапейская служба замежных сувязяў (EEAS) да гэтага часу праяўляе нежаданьне ініцыяваць пакет санкцый, сьцьвярджаючы, што гэта звычайна робяць дзяржавы-члены.
Літва, як асабліва ўважлівая ў гэтым пытаньні краіна, даўно сьцьвярджала, што ня Вільня ці іншыя «ўсходнія» краіны – сябры ЭЗ павінны запускаць падобныя ініцыятывы; не, іншыя таксама маглі б узяць на сябе адказнасьць. У выніку некалькі тыдняў таму 9 краін прадставілі сьпісы, якія зьмяшчаюць дадзеныя аб 70 фізычных асобах і арганізацыях, у асноўным зьвязаных з судовай сыстэмай Беларусі. Але зноў жа, прасоўвалі гэта ў асноўным «ўсходнія» дзяржавы ЭЗ. І зноў, як паведамляецца, сьпіс быў скарочаны, паколькі адпаведныя працоўныя групы ў Бруселі выкрасьлілі зь яго некаторыя арганізацыі, якія маюць гандлёвыя сувязі з рознымі краінамі ЭЗ. У сьпісе, хутчэй за ўсё, застануцца чыноўнікі і судзьдзі, у якіх наўрад ці ёсьць банкаўскія рахункі ў ЭЗ, якія ў любым выпадку не паедуць адпачываць на грэцкія астравы або на Блакітны бераг — прыклады гэтага мы ўжо назіралі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка ня мог дзейнічаць бяз санкцыі Пуціна». Што сусьветныя СМІ пішуць пра БеларусьТаму ня дзіўна, што Лукашэнка набраўся адвагі зрабіць тое, што ён зрабіў 23 траўня. Пасьля леташніх фальсыфікаваных выбараў ён працягваў закручваць гайкі практычна безь якой-хаця рэакцыі з боку ЭЗ. Лукашэнка, напэўна, з задавальненьнем заўважыў, што сёлета сытуацыя ў яго краіне не фігуравала ў парадку дня ў якасьці сур’ёзнай тэмы для абмеркаваньня на Радзе замежных справаў ЭЗ. Пра Беларусь не гаварылі б і на саміце ЭЗ 24 траўня, калі б не інцыдэнт з Ryanair.
У прыватным парадку розныя афіцыйныя асобы ЭЗ прызнаваліся мне ў тым, што яны зьмірыліся зь «перамогай» Лукашэнкі: ён застанецца на чале краіны, нягледзячы на тое, што ЭЗ афіцыйна не прызнае яго ўладу. Было адчуваньне, што Беларусь павольна, але дакладна адправяць у звычайны стан «камфортнай заходняй пагарды», а лідэр апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская стане яшчэ адным славутым, але выгнаным беларускім лідэрам. Аднак яшчэ застаецца шанец зьмяніць сытуацыю — калі ЭЗ і Захад у цэлым сапраўды гэтага захочуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выехаць за мяжу стане немагчыма? Што рабіць беларусам пасьля рашэньня ЭЗ аб спыненьні палётаў у БеларусьРыкард Юзьвяк — эўрапейскі аглядальнік мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.