Цяжка прыгадаць нагэтулькі дэталёвую заяву амэрыканскага прэзыдэнта, цалкам прысьвечаную падзеям у Беларусі. Хіба што ў Буша-малодшага, які да ўсяго некалькі разоў сустракаўся з актывістамі беларускай грамадзянскай супольнасьці і нават прымаў ў Авальным кабінэце прадстаўнікоў апазыцыі (у тым ліку і Паўла Севярынца). Абама і Трамп тэму Беларусі падрабязна ў сваёй публічнай дзейнасьці не фіксавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ЗША заклікаў вызваліць Пратасевіча і іншых палітвязьняўУ цяперашняй заяве гаспадара Белага дому, выкліканай перахопам авіярэйсу Ryanair і затрыманьнем журналіста Рамана Пратасевіча, улічана нават самая апошняя падзея — запісанае ў турме відэа з Пратасевічам, словы якога Байдэн ацаніў як сказаныя пад прымусам. Выказана патрабаваньне вызваліць Пратасевіча і «зьняволеных рэжымам Лукашэнкі» палітычных вязьняў.
Заяве Байдэна папярэднічала размова ягонага дарадцы ў справах нацыянальнай бясьпекі Джэйка Салівана са Сьвятланай Ціханоўскай.
Усё гэта сьведчыць пра тое, што рэжым Лукашэнкі апынуўся пад такой пільнай увагай кіраўніцтва самай магутнай краіны сьвету, якой ён не адчуваў ужо многія гады.
Але размова зь Ціханоўскай была не адзінай тэлефоннай гутаркай Салівана ў справе Беларусі. Ён паразмаўляў з сакратаром Савету бясьпекі РФ Мікалаем Патрушавым і выказаў «вялікую занепакоенасьць дзеяньнямі кіраўніцтва Беларусі» (цытата з паведамленьня прэс-сакратаркі Белага дому).
На мой погляд, апошняя інфармацыя дае падставаў для аналізу (і вэрсій, як бязь іх) ня менш, чым сама заява прэзыдэнта.
Яна адназначна сьведчыць пра тое, што Белы дом усьведамляе ступень уплыву Масквы на дзеяньні Лукашэнкі. Адкрытым, аднак, застаецца пытаньне, ці разглядае ён варыянт, што дзеяньні гэтыя могуць быць непасрэдна інсьпіраваныя Крамлём.
Гаворка нават не пра інцыдэнт з Ryanair, хаця ўчорашні дзень паказаў, што заходнія палітыкі гэты варыянт абмяркоўваюць (у брытанскім парлямэнце выказана меркаваньне, што роля Масквы ў апэрацыі спэцслужбаў можа быць істотнай; канцлер Аўстрыі, наадварот, лічыць, што падставаў так думаць няма. Нагадаем, што з борту лайнэра ў Менску сышлі і не паляцелі далей у Вільню чацьвёра грамадзянаў РФ; хто яны, нам пакуль невядома).
Наіўным было б меркаваць, што такі варыянт не аналізуецца і не ацэньваецца ў Вашынгтоне. Ніякіх сыгналаў пра гэта ў публічных заявах кіраўнікоў ЗША, аднак, няма.
Пасьля падзеяў у небе над Беларусьсю і захопу Пратасевіча відавочна, што беларуская тэма будзе ўзьнятая Байдэнам на сустрэчы з Пуціным.
Няясна, аднак, якую пазыцыю зойме гаспадар Белага дому.
І тут ёсьць два варыянты. Першы: Байдэн прапануе Пуціну вырашыць «праблему Лукашэнкі». Калі спрошчана — паспрыяць як найхутчэйшай ягонай замене на кіраўніка, пры якім ня будзе палітвязьняў, катаваньняў, задушэньняў канстытуцыйных правоў грамадзянаў на масавыя шэсьці, мітынгі і пікеты. Гэта цалкам у магчымасьцях Крамля, працэдура зойме месяц, калі ня дні. Але ня выключана, што пры гэтым Вашынгтон пагодзіцца на канчатковае (у агляднай пэрспэктыве) уключэньне Беларусі ў зону інтарэсаў Масквы. З «саюзнай дзяржавай», АДКБ, мытным зьвязам, агульнай сыстэмай супрацьпаветранай абароны і гэтак далей.
У аўтара гэтых радкоў была магчымасьць непасрэдна пазнаёміцца з такім падыходам, калі ў ліпені 1996 мы зь Зянонам Пазьняком былі ў офісе тагачаснага сэнатара і старшыні сэнацкага камітэту Байдэна і нам было сказана, што калі Вашынгтон будзе патрабаваць ад Ельцына не падтрымліваць Лукашэнку — Крэмль не дазволіць Захаду далучыць краіны Усходняй Эўропы да NATO.
Другі варыянт — даць зразумець гаспадару Расеі, што Беларусь мае права самастойна выбіраць шлях разьвіцьця, і адна з гарантыяў такога выбару — неўмяшаньне ў яе ўнутраныя справы з боку Масквы.
Бо некаторыя аналітыкі выказваюць думку, што калі б не падтрымка Пуціным Лукашэнкі ў жніўні 2020 году, масавыя мірныя пратэсты ў Беларусі зрабілі б апошняга пэрсанажам перагорнутай старонкі беларускай гісторыі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.