Фрагмэнт кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая рыхтуецца да выхаду ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе».
Ліпень 1996, Вашынгтон. Цудам пазьбегнуўшы арышту на радзіме, Старшыня Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк і прэс-сакратар БНФ Сяргей Навумчык прыбылі ў ЗША на запросіны Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі.
Практычна ўсе амэрыканскія палітыкі пыталіся ў нас — а, магчыма, «дэмакратычная» Масква паўплывае на Лукашэнку, і з гэтай прычыны ці не выгадней было б Беларусі пайсьці на аб’яднаньне з Расеяй?
Пыталіся нават кіраўнікі Рэспубліканскай партыі, якія значна больш крытычна, чым дэмакраты, ставіліся да Масквы.
Мы ўжо не зьдзіўляліся спадзяваньням вашынгтонскіх палітыкаў на «дэмакратычную Расею» і «дэмакратычнага Ельцына» — калі ўжо чэхі прызабылі зусім яшчэ нядаўнюю гісторыю, што ўжо казаць пра амэрыканцаў, якія ніколі ня жылі «пад Масквой». Тым больш, што амэрыканцы схільныя давяраць партнэрам, і паняцьце «чэснага слова» — ва ўсялякім разе, у 96-м — значыла шмат што і ў бізнэсе, і ў палітыцы.
І калі атачэньне Ельцына (калі прасіла чарговы крэдыт) пераконвала, што Расея крочыць да дэмакратыі, якія падставы ня верыць?
Мы, канешне, прыводзілі адваротныя аргумэнты, але былі перакананыя, што неўзабаве само разьвіцьцё падзеяў пакажа нашым амэрыканскім суразмоўцам наіўнасьць іх спадзеваў на Расею як на «лякаматыў дэмакратыі». Пройдзе крыху часу, разважалі мы, і яны самі ўбачаць, што перамагчы камуніста Зюганава на выбарах — гэта яшчэ не азначае быць дэмакратам.
Адным з апошніх пунктаў нашай праграмы ў Вашынгтоне, перад адбыцьцём у Нью-Ёрк, была пазначана сустрэча ў офісе сэнатара — члена Міжнароднага камітэту Сэнату ЗША.
Прозьвішча ягонае тады мне нічога не сказала. Папраўдзе, я адразу на яго і забыўся (што псыхалягічна апраўдана на фоне таго, што мы пачулі на той сустрэчы). Значна пазьней, калі разьбіраў запісы тых дзён, гэтае імя мне ўжо казала шмат. Тое быў Джо Байдэн.
Байдэн справядліва лічыўся адным з найбольш уплывовых амэрыканскіх сэнатараў — ён быў старшынём сэнацкага камітэту ў справах юстыцыі (менавіта праз яго праходзяць кандыдатуры генэральнага пракурора ЗША, судзьдзяў, таксама камітэт выносіць вэрдыкт адносна законапраектаў). У нашым Вярхоўным Савеце яму адпавядала б камісія па заканадаўству, якую ўзначальваў Булахаў, у сьпісе пастаянных камісій яна заўсёды была на першым месцы.
Але ў нашым выпадку важным было ня толькі старшынёўства Байдэна ў гэтым Камітэце, але і яго праца ў Камітэце міжнародных адносінаў. Прычым на момант нашай сустрэчы Джон Байдэн уваходзіў у яго ўжо больш як 20 гадоў. Сэнацкія камітэты прыблізна ў роўнай прапорцыі складаюцца з прадстаўнікоў абедзьвюх партый, і Байдэн узначальваў групу дэмакратаў (старшынём камітэту быў рэспубліканец Джэсі Гэлмс, у 2001-м яго заменіць Байдэн).
Такім чынам, з аднаго боку, Байдэн прадстаўляў у сэнацкім камітэце, як мы казалі ў свой час у Беларусі, «дэпутацкую меншасьць» — але «меншасьць» гэтая належала да партыі, чый прадстаўнік быў гаспадаром Белага Дому. Дасьведчанасьць і ўплыў такога палітыка не падлягалі сумневам.
Супрацоўнікі офісу Байдэна (іх было чалавекі чатыры), якія прысутнічалі на сустрэчы, таксама стваралі ўражаньне людзей, якія грунтоўна разьбіраюцца ў міжнароднай палітыцы. Ва ўсялякім разе, на іх тварах не ўзьнікала грымасы недаверу, калі мы казалі, што з пераабраньнем Ельцына Масква ня спыніць свае імпэрскія, экспансіянісцкія намеры да Беларусі.
Ну і паколькі пераконваць у гэтым нашых суразмоўцаў, як нам падавалася, не было патрэбы, мы выказалі пажаданьне, каб Злучаныя Штаты далі нейкія важкія гарантыі незалежнасьці Беларусі і паслалі недвухсэнсоўны сыгнал Маскве, што Вашынгтон ня зьмірыцца з паглынаньнем Беларусі Расеяй.
Гаварыў пра геапалітыку пераважна Пазьняк, я, здаецца, спыніўся толькі на некаторых асаблівасьцях характару Лукашэнкі і ягонага стаўленьня да незалежнасьці.
Нас уважліва выслухалі, а потым адзін з субяседнікаў заўважыў:
— Расея можа не пагадзіцца з далучэньнем Літвы, Латвіі, Эстоніі ды краінаў Усходняй Эўропы ў NATO і ствараць нам на гэтым шляху вялікія праблемы.
Разумець гэта трэба было так, што калі Ельцын паставіць умову — пашырэньне NATO узамен на замацаваньне сфэры ўплыву Масквы (ці нават аб’яднаньне Беларусі і Расеі), Вашынгтон будзе вымушаны зрабіць выбар не на нашу карысьць.
Мы, канечне, ведалі, што Беларусь — не прыярытэт для Вашынгтону.
Дазволю сабе гістарычную рэтраспэктыву.
Трэба прызнаць, што палітыкі ЗША ніяк не дапамагалі нам у барацьбе за незалежнасьць у 1990-91 гадах. Спрыяла беларуская дыяспара, вакном у сьвет было Радыё Свабода, але Белы дом, Дзярждэп, сэнатары, кангрэсмэны — ніколі не выказвалі ні слова падтрымкі.
Мы чыталі пра візыты амэрыканскіх палітыкаў у Вільню, Рыгу, Талін, пра іх ціск на Маскву з патрабаваньнем адпусьціць прыбалтыйскія савецкія рэспублікі на свабоду (ЗША, увогуле Захад ніколі не прызнавалі іх анэксію) — але ў Менск кангрэсмэны і сэнатары не прыяжджалі, ні слова падтрымкі ідэі незалежнасьці, якой дамагаўся БНФ, мы ня чулі. Праўда, да нас часам даходзілі праклямацыі некаторых кангрэсмэнаў да 25 Сакавіка — але мы разумелі, што гэта была даніна гісторыі, выкліканая, у значнай ступені, актыўнай дзейнасьцю Рады БНР і наяўнасьцю этнічных беларусаў у выбарчых акругах гэтых кангрэсмэнаў.
Такія адносіны былі ня толькі да ідэі беларускай незалежнасьці — ясны і недвухсэнсоўны сыгнал быў пасланы прэзыдэнтам ЗША Бушам у Кіеве ў ліпені 1991-га, калі, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе, ён перасьцярог дэпутатаў ад абвяшчэньня палітычнай самастойнасьці. У дачыненьні да рэспублік Савецкага Саюзу (акрамя прыбалтыйскіх) заходнія, у тым ліку і амэрыканскія палітыкі, кіраваліся прагматычным разьлікам, у падставе якога быў страх, што распад СССР прывядзе да вайны на абшарах «адной шостай часткі сушы», як тады называлі савецкую імпэрыю.
25 жніўня 1991 Беларусь абвясьціла незалежнасьць, праз некалькі дзён яе прызналі Польшча, потым Турэччына, Швэцыя — але ня Злучаныя Штаты. Вашынгтон падтрымліваў Гарбачова, баючыся, што ядзерны арсэнал СССР выйдзе з-пад адзінага кантролю.
8 сьнежня 1991 былі падпісаныя Белавескія пагадненьні аб спыненьні існаваньня СССР «як геапалітычнай рэальнасьці», іх ратыфікавалі Вярхоўныя Саветы, але і гэта не было падставай для прызнаньня Злучанымі Штатамі беларускай незалежнасьці.
І толькі пасьля таго, як 25 сьнежня Гарбачоў падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта СССР, і над Крамлём чырвоны сьцяг СССР быў заменены на расейскі трыкалёр, толькі пасьля гэтага, перад самым Новым годам, Белы Дом заявіў аб прызнаньні незалежнасьці былых савецкіх рэспублік і ўсталяваньні дыпляматычных адносінаў; Беларусь уваходзіла ў гэты пакет.
У першыя гады ЗША выступалі за дэмакратычныя і эканамічныя рэформы ў Беларусі, падтрымлівалі намаганьні ў гэтых справах БНФ, але галоўнае, што цікавіла Вашынгтон — гэта адмова ад ядзернай зброі і вывад яе з тэрыторыі Беларусі.
Куды? Ясна, у Расею, дзе, на думку амэрыканскіх палітыкаў, будавалася дэмакратыя.
Вярхоўны Савет прагаласаваў за вывад ядзернай зброі — прычым вывад без усялякіх умоваў.
Узамен вываду ядзернай зброі падпісаны ў 1994 годзе Будапэшцкі мэмарандум даваў Беларусі, Украіне і Казахстану абяцаньні «паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існуючыя межы» з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і Расеі. Цана гэтых абяцаньняў зрабілася зразумелай украінцам у 2014-м, калі Расея анэксавала Крым.
Тады, у 96-м, нам хацелася верыць, што палітыкі, асабліва заходнія палітыкі, будуць трымаць сваё слова. Але месца веры ўсё больш займала трывога.
«Нас падзялілі — хто? Чужаніцы, цёмных дарог махляры» — 75 гадоў таму пісаў Якуб Колас, пісаў пра зусім іншае, пра Рыскі мір 1921-га, у выніку якога заходняя частка Беларусі была далучаная да Польшчы. Тады Рада БНР зьвярталася ў Парыжы да заходніх палітыкаў, але безвынікова. Польшча як важная структурная частка Вэрсальскай сыстэмы цікавіла Амэрыку і краіны-пераможцы заходнія і куды болей, чым цэласнасьць нейкай незразумелай для іх Беларусі.
Цяпер мы бачылі, што намер пашырыць NATO (цалкам апраўданы, мы і самі ў Празе выказаліся за ўваходжаньне Беларусі ў альянс) — можа быць рэалізаваны коштам саступак Маскве, прычым роля разьменнай карты выпадала Беларусі.
Гісторыя магла паўтарыцца.
Верагоднасьць такога сцэнару мы ацанілі як вельмі сур’ёзную: міжнародны сэнацкі камітэт, ды яшчэ офіс аднаго з самых уплывовых палітыкаў — ня тое месца, дзе будуць жартаваць у такіх геапалітычных фарматах. Празь некалькі гадоў, чытаючы мэмуары тагачаснага намесьніка дзяржсакратара ЗША Строўба Тэлбата, які быў «адказны» за былы СССР і, што яшчэ больш важна, належаў да асабістых сяброў Біла Клінтана яшчэ са студэнцкіх гадоў, — я даведаўся, што у тым самым 96-м другім «галаўным болем» ЗША на постсавецкай прасторы, пасьля выбараў у Расеі, было — як бы ўгаварыць Расею пагадзіцца на пашырэньне НАТО.
Незалежнасьць Беларусі магла быць ахвяраваная без асаблівых ваганьняў, і гэта стала нам зразумела ў той сьпякотны дзень у Вашынгтоне.
Мы павінны былі шукаць нейкі крок, які б, калі і не перашкодзіў, дык зблытаў бы карты ў гэтай геапалітычнай гульні.
Сытуацыя ўскладнялася і нявызначанасьцю нашага з Пазьняком уласнага становішча.