«Плянавалі лавіць інтэрнэт ля польскай мяжы». Вялікае інтэрвію з галоўным рэдактарам Hrodna.life

Аляксей Шота

Галоўны рэдактар незалежнага горадзенскага парталу Hrodna.life Аляксей Шота расказаў, як рэдакцыя перажыла пратэсты і рэпрэсіі, ці плянуюць супрацоўнікі рэлякацыю і як апошнія выбары паўплывалі на журналісцкае жыцьцё ў горадзе.

Сьцісла:

  • «Хтосьці меўся ехаць да польскай мяжы і лавіць там інтэрнэт».
  • «У нашай рэдакцыі быў цэнтар усталёўваньня Psyphon».
  • Тэлеграм партала пасьля выбараў вырас з 1000 да 10 000.
  • «Мы думалі, усё скончыцца на наступны дзень».
  • «Шмат праглядаў набрала навіна пра мацёру, якая прынесла 22 парсючкі».
  • «Часам думаеш пра сябе: „Мы ж такія малыя, каму мы патрэбныя?“».
  • «Гэта яўная палітычная замова з мэтай нас прыдушыць».
  • Падтрымку чытачоў можна параўнаць з даходамі ад рэклямы.
  • «Зьехаць можна праз 15 хвілін. Гэта не праблема».
  • «Раней многія думалі, што Руслан — гэта і ёсьць уся рэдакцыя»

За апошні год у рэдакцыі Hrodna.life шмат што зьмянілася. Нехта сышоў, нехта зьехаў, многіх затрымлівалі, некаторых білі. Рэдакцыя перажыла ператрус, а аўдыторыя вырасла ў разы.

Партрэт Руслана Кулевіча ў рэдакцыі.

Цяпер у Hrodna.life працуе 9 чалавек. Пасьля жніўня 2020 году зьехаў за мяжу вядомы «журналіст на ровары» Руслан Кулевіч. Ён працягвае пісаць для сайта, але ўжо менш. Цяпер у Кулевіча ўласны відэапраект «Мы вернемся» — пра беларусаў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі.

«Многія думалі, што Руслан — гэта і ёсьць уся рэдакцыя. Яны былі зьдзіўленыя, што ёсьць іншыя журналісты. Руслан зрабіў зь сябе брэнд. Цяпер іншых нашых журналістаў таксама пазнаюць», — расказвае Аляксей Шота пра час пасьля выбараў.

Аляксей Шота ў офісе

Яшчэ адзін журналіст звольніўся з рэдакцыі з асабістых прычын, дызайнэрка зьехала за мяжу празь перасьлед. Чатырох чалавек падчас выбарчай кампаніі затрымлівалі. Апрача Кулевіча, гэта Алена Кавальчук, якая рэгулярна працавала ў «полі», рэдактарка Ірына Новік, якая лётала з дронам, калі ў горад прыяжджаў Лукашэнка, і відэаапэратар Андрэй Ломаў — ён адседзеў суткі і атрымаў штраф па артыкуле 23.34 КаАП.

У дачыненьні да Шоты праводзілі праверку за сьцяг у акне кватэры. У Ірыны Новік праводзілі ператрус як у сьведкі ў «справе аб карціне Алеся Пушкіна», забралі тэхніку. Мужа журналісткі Тацяны Сідлярэвіч звольнілі з МНС, як мяркуе Шота, ня толькі праз палітычныя погляды, але і праз тое, дзе працуе жонка.

«У людзей стралялі, а ў іхнай стужцы былі кветачкі»

Што да рэжыму працы, то зь мінулага траўня ў рэдакцыі яе паболела, са жніўня яна зрабілася больш небясьпечнай.

Працоўныя камізэлькі журналісты перасталі надзяваць дзеля бясьпекі

«Цябе ў любы момант могуць закрыць з надуманай прычыны. Няўжо раней газэты не выкідалі з падпісных каталёгаў? Ці не заводзілі справы на журналістаў? Раней улады стараліся падладжваць справу пад закон, цяпер яны не замарочваюцца доказамі», — мяркуе Шота.

На час выбараў Hrodna.life рыхтаваўся да поўнага адключэньня інтэрнэту. Паводле пляну, хтосьці меўся ехаць да польскай мяжы і лавіць там інтэрнэт на польскую сім-карту. Іншыя б падвозілі яму з «поля» флэшкі з фота, відэа. Аднак гэта не спатрэбілася, бо праз VPN інтэрнэт працаваў.

«Адзінае, чытачы не маглі чытаць сайт, таму мы так разьвілі сацсеткі. У нашай рэдакцыі быў цэнтар усталёўваньня праграмы Psyphon (дапамагае абыходзіць блякаваньне. — РС) на тэлефон. Людзі прыходзілі дзясяткамі: „Кажуць, у вас ведаюць, як уключыць інтэрнэт“», — успамінае суразмоўца.

Шота мяркуе, што яны не збаяліся падчас выбарчай кампаніі

Ён мяркуе, што партал годна перажыў асьвятленьне выбараў.

«Калі адбывалася ўся „жэсьць“, хто зь мясцовых мэдыя пісаў нешта талковае? У людзей стралялі, а ў іхнай стужцы былі кветачкі і выдатнае надвор’е. Мы былі адзіныя, хто не набраў у рот вады і не абас***ся. Мы тады набралі касьмічную колькасьць чытачоў», — эмацыйна разважае галоўны рэдактар.

Інстаграм парталу за апошні год вырас з 16 тысяч да 34 тысяч на піку, потым пайшоў спад. Тэлеграм раней амаль не разьвівалі. Пасьля выбараў канал узьляцеў з 1000 да 10 тысяч.

«Калі ёсьць ціск, значыць, мы ўсё робім добра»

«Калі касіркі ў краме або людзі ў аўтобусе абмяркоўваюць публікацыі Hrodna.Life, гэта посьпех. Пэўны час чытачоў у нас было больш, чым жыве людзей у горадзе», — цешыцца Шота.

Ён адзначае, што Hrodna.life прызнаюць розныя бакі.

Прызнаньне ёсьць ад калег, чытачоў, рэклямадаўцаў, уладаў

«Прыходзяць рэклямадаўцы, колькасьць чытачоў расьце. Ёсьць прызнаньне прафэсійнай супольнасьці: летась мы былі найлепшым рэгіянальным выданьнем, год таму — найлепшым рэгіянальным сайтам, у маніторынгу Media IQ у нас высокі рэйтынг», — пералічвае рэдактар.

Партал, на думку Шоты, прызнаюць і ўлады: у судах над актывістамі спасылаюцца на ягоныя матэрыялы. У рэдакцыі быў ператрус.

«Калі ёсьць ціск, значыць, мы як стрэмка ў задніцы, усё робім добра», — прызнае Шота.

«Усе на жнівень плянавалі адпачынкі»

Аляксей заўважае, што журналісты пасьля асьвятленьня пратэстаў «выпаліліся».

«Мы думалі, што ўсё скончыцца на наступны дзень. Усе на жнівень плянавалі адпачынкі. Ніхто з таго часу адпачынкаў ня браў. Мяне прыемна зьдзівіла, што былі спробы людзей у рэгіёнах адстаяць свой выбар. Бо звычайна тут паўжыцьцё-паўсьмерць», — расказвае рэдактар.

Цяпер журналісты збавілі тэмп.

«Я раней мог займацца сайтам круглыя суткі. Цяпер думаю — навошта? Каб раней за сябе адправіцца на Аўльс (там горадзенскія могілкі. — РС)? Раней было 10–15 публікацый на сайце, цяпер 3–5. Прагляды зьмяншаюцца, але гэта нармальна. Мы за год вырасьлі ў 4 разы, упалі ў 2 разы», — камэнтуе Аляксей.

«Ніхто са жніўня адпачынкаў ня браў»

Цяпер на сайт пішуць і студэнты горадзенскай Школы журналістыкі.

«Прыйшоў вельмі моцны набор. Гэта вынік апошніх падзей. Людзі ўбачылі, што журналісты — патрэбная прафэсія. Калі нам як рэдакцыі трэба будзе эвакуавацца за мяжу, то тут у нас застануцца талковыя „рукі-ногі“. Я асабіста зьяжджаць нікуды не зьбіраюся. Мая сям’я жыве тут паўтара стагодзьдзя. Былі Гітлеры, Сталіны — і мая сям’я ня зрушылася ні на мэтар адсюль», — кажа гарадзенец.

«Часта ў топе тэксты маладых журналістаў»

Апошнім часам на гарадзкім партале зьмяняецца тэматыка. Аўдыторыя стамілася ад палітыкі.

Цяпер людзі ахвотна глядзяць праект «Мая кватэра ў Горадні» пра жытло. Шмат праглядаў нядаўна набрала навіна, якую можна ўбачыць хутчэй у раённай газэце — пра мацёру, якая прынесла 22 парсючкі. Заўжды актуальнай застаецца тэма мяжы: як выжывае Кальварыйскі рынак у Беластоку безь беларусаў, або як беларусы ў эміграцыі ствараюць свой бізнэс.

«Часта ў топе тэксты маладых журналістаў, бо зь імі працуе добрая рэдактарка Ірына Новік. Яна даводзіць набор словаў да ладу. Мне б не хапіла цярпеньня», — прызнаецца Шота.

Партал перайшоў выключна на ўласныя матэрыялы

Рэдакцыя апошнім часам амаль цалкам адмовілася ад чужога кантэнту, усе матэрыялы ўласныя або добра перапрацаваныя. Hrodna.life стаў найлепшым мясцовым недзяржаўным выданьнем (тут і тут).

«Заходзіш на сайт Media IQ, там ёсьць крытэры добрага выданьня, арыентуесься на іх, і ўсё», — коратка тлумачыць Аляксей.

Журналісты езьдзяць на ўсе даступныя курсы, назіраюць за працай калег. Перадусім узорам працы быў Tut.by, досьвед пераймалі і ў сяброў зь менскага гарадзкога сайта Citydog. Шота чытае рассылкі пра мэдыя на расейскай і ангельскай мовах, падтрымлівае стасункі з калегамі па ўсім сьвеце, цікавіцца іркуцкім выданьнем «Верблюд в огне» і справамі ў журналістаў зь Мінэсоты.

Hrodna.life прызналі найлепшым рэгіянальным выданьнем

«У каго заўгодна можна знайсьці экстрэмізм»

У студзені ў рэдакцыю прыйшоў зь ператрусам АМАП. Прычынай стаў «экстрэмізм» на сайце, а менавіта некалькі спасылак на тэлеграм-канал, які забаранілі чытаць беларускія ўлады. У партала забралі чатыры фотаапараты, дрон, ноўтбук, флэшкі, грошы. Суд прызначыў Аляксею Шоту заплаціць больш за 12 тысяч рублёў штрафу.

«У каго заўгодна можна знайсьці экстрэмізм. Гэта яўная палітычная замова з мэтай нас прыдушыць», — камэнтуе прысуд Шота.

Ён узгадвае, што год таму, пасьля затрыманьня Ціханоўскага, яго выклікалі ў гарвыканкам і далі папярэджаньне за парушэньне закону аб рэкляме.

«Цяпер стаўкі вышэйшыя», — кажа ён.

«Мы чакалі ператрусу ў жніўні-верасьні»

Галоўны рэдактар прызнаецца, што да ператрусу яны былі не гатовыя.

«Былі сыгналы, што намі могуць зацікавіцца, казалі пра „рассаднік бчб-фашызму“, але я думаў, што прыйдуць да суседзяў па офісах», — кажа суразмоўца.

У Горадні па адным адрасе месьцяцца рэдакцыя Hrodna.Life, крама тавараў зь беларускімі сымбалямі «Адметнасьць», этнакрама «Цудоўня», культурная пляцоўка «Цэнтар гарадзкога жыцьця», крама настольных гульняў «Кубік».

«Мы чакалі ператрусу ў жніўні-верасьні. У студзені амаль нічога не адбывалася. Мы зноў прывезьлі тэхніку ў рэдакцыю. Аказалася, дарма. Расслабляесься, калі цябе часта ня б’юць. Часам думаеш пра сябе: «Мы ж такія малыя, каму мы патрэбныя?», — дадае Аляксей.

«Варта перажыць тыдзень і супакоіцца»

Ператрус не спыніў працу рэдакцыі. Псыхалягічнае аднаўленьне заняло ў журналістаў тыдзень.

«Варта падыхаць, паглядзець добры фільм, схадзіць прагуляцца, адкрыць добрую бутэльку, якую захоўваў да лепшых часоў. Перажыць тыдзень і супакоіцца», — пералічвае ён спосабы вярнуцца да працы.

Пасьля ператрусу абмеркавалі варыянты разьвіцьця падзей.

«У Беларусі цябе паўсюль знойдуць. Важна было паказаць уладам, што ўсё добра, мы працуем», — кажа рэдактар.

Супрацоўнікі зьвярнуліся да чытачоў з просьбай падтрымаць іх пасьля сплаты штрафу, бо на яго рэдакцыя аддасьць апошнія запасы. Аляксей кажа, што падтрымка чытачоў — адчувальная, яе можна параўнаць з даходамі ад рэклямы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пройдзе час, і ў любога дзеяньня ёсьць сьведкі», — брат памерлага палітзьняволенага Вітольда Ашурка

Аляксей Шота разважае, што манэтызаваць сайт — асобная задача.

«Мая мара заўжды была рабіць мэдыя без навін: інтэрвію, партрэты, тлумачэньні. Але ў Беларусі мы так вельмі хутка збанкрутуем... Ёсьць сайты, якія ня грэбуюць даваць рэкляму пра „моцны горадзенскі хрэн у роце“, мы не гатовыя», — кажа ён.

Яны разглядаюць досьвед славацкага Denník N, які паставіў краўдфандынг на паток, а таксама брытанскае выданьне The Bristol Cable, якім валодаюць каля 2 тысяч акцыянэраў — яны і вызначаюць палітыку рэсурсу.

Партал перадусім існуе за кошт рэклямы, продажу кантэнту і дарэньняў чытачоў.

«Працуем далей»

Галоўны рэдактар Hrodna.life кажа, што будучыня ў партала «цудоўная». Сёлета яны плянавалі ўпершыню ўручаць уласную прэмію за ўнёсак у разьвіцьцё гораду, але вырашылі перанесьці яе на спакайнейшыя часы.

Таксама ў будучыя пляны ўваходзіць бясплатны гарадзкі папяровы часопіс. Адзін нумар выйшаў у лістападзе і быў прысьвечаны жнівеньскім падзеям у Горадні. Праўда, калі яго плянавалі ў ліпені, тэматыкай была адукацыя і школа. Пакуль часопіс выдаваць ня будуць.

Партал спадзяецца вярнуцца да офлайн-актыўнасьцяў: экскурсій, сустрэчаў з чытачамі, прагляду фільмаў.

Hrodna.life працягне выдаваць кнігі. Неўзабаве выйдзе іхны альбом пра агратрэш-архітэктуру «50 адценьняў парасячага». Рыхтуецца кніга гістарычных эсэ краязнаўцы Яўгена Аснарэўскага, якога ніхто ня бачыў, і гістарычны даведнік «Горадзенская азбука».

«Варта перажыць тыдзень і супакоіцца»

«Зьехаць можна праз 15 хвілін. Гэта не праблема. І там жыць не праблема. Я б не хацеў нікуды зьяжджаць. Як можна працаваць з-за мяжы? У мяне вялікі скепсіс да журналісцкіх праектаў, якія робяцца з-за мяжы. Ты губляеш сувязь з рэальнасьцю», — кажа рэдактар.

Ён мяркуе, што пытаньне рэлякацыі стаяла перад усімі беларускімі незалежнымі рэдакцыямі з 29 траўня мінулага году, калі затрымалі Ціханоўскага.

«Пасьля вобшуку ў студзені быў самы блізкі момант, калі здавалася, што нам давядзецца зьехаць. Але тыдзень адпачыць — і ўсё нармальна. Працуем далей», — кажа Аляксей Шота.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я Банцэр, а не Чыкаціла». Хвораму на гепатыт С музыку, які трымаў «сухую» галадоўку, не зьмякчылі прысуду

Горадзенскі інтэрнэт-партал Hrodna.life працуе з 2016 году. Ён паўстаў на базе папярэдняга сайта «Твой стыль» (2007–2015), дзе публікавалі матэрыялы навучэнцаў Школы журналістыкі. У 2015–2016 гадах партал прайшоў поўны рэбрэндынг.

Аляксею Шоту 32 гады. Ён скончыў магістратуру ў Ягелёнскім унівэрсытэце ў Кракаве па палітычных навуках у 2011 годзе. Вучыўся ў Школе мэдыямэнэджмэнту, Школе маладых мэнэджараў публічнай адміністрацыі. Разьведзены, мае двое дзяцей.