Самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню, зрабіў незаплянаваную пасадку ў Менску ў нядзелю 23 траўня. Лайнэр і яго пасажыраў пратрымалі ў менскім аэрапорце каля сямі гадзін. Паводле беларускіх уладаў, самалёт мог быць замінаваны, і таму ягонаму экіпажу аддалі загад садзіцца ў Беларусі. Пасьля пасадкі як мінімум дваіх пасажыраў лайнэра затрымалі — блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку, грамадзянку Расеі Соф’ю Сапегу. Сапега цяпер на Акрэсьціна, дзе Пратасевіч — невядома.
Таксама ў Менску з самалёта сышлі і на борт больш не вярнуліся яшчэ чатыры невядомыя пасажыры. Кіраўніцтва авіякампаніі Ryanair ужо паведаміла, што ўсе яны маглі быць супрацоўнікамі беларускіх спэцслужбаў. Выбуховай прылады на борце самалёта так і не знайшлі, рэйс вылецеў у Вільню ўвечары 23 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Раман ПратасевічДыпляматычныя наступствы
Заявы з крытыкай дзеяньняў беларускіх уладаў прагучалі яшчэ ў нядзелю. У панядзелак 24 траўня інцыдэнт абмяркуюць на саміце краін Эўразьвязу, які акурат пачынаецца ў гэты дзень. Старшыня Рады Эўропы Шарль Мішэль ужо заявіў, што без наступстваў дзеяньні афіцыйнага Менску не застануцца. З крытычнай заявай таксама выступіў Дзярждэпартамэнт ЗША. Свае расьсьледаваньні пачалі ўлады Літвы, куды накіроўваўся авіярэйс, і Польшчы, дзе зарэгістраваны пасаджаны ў Менску самалёт.
Чакаецца, што аб прынятых у адказ на дзеяньні Менску захадах будзе абвешчана ў найбліжэйшыя дні. Сярод іх могуць быць забарона наведваць паветраную прастору Эўразьвязу для авіякампаніі «Белавія», адмова ад выкарыстаньня беларускай паветранай прасторы заходнімі авіякампаніямі, пэрсанальныя санкцыі супраць датычных да сытуацыі асобаў і іншыя крокі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 краін Эўразьвязу, Вялікая Брытанія і ЗША выступілі з супольнай заявай аб здарэньні з самалётам у МенскуЧым можа пагражаць Беларусі адмова ад выкарыстаньня яе паветранай прасторы?
Гэта ўжо пачало адбывацца.
Раніцай 24 траўня над Беларусьсю перасталі лятаць авіякампаніі Wizz Air і AirBaltic. Кіраўніцтва перавозчыка, які базуецца ў Рызе, зьмены ў маршрутах патлумачыла клопатам пра бясьпеку сваіх пасажыраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Авіякампаніі airBaltic, LOT, KLM, Lufthansa, Wizz Air, SAS і Avia Solutions пачалі абмінаць тэрыторыю Беларусі пасьля захопу ПратасевічаРанішнія рэйсы з Рыгі ў Адэсу і Тбілісі адбыліся без залёту самалётаў у паветраную прастору Беларусі. Пра магчымасьць адмены палётаў над Беларусьсю для авіякампаніі LOT таксама паведамілі ўлады Польшчы.
Іншыя перавозчыкі пакуль сытуацыю ніяк не камэнтуюць і працягваюць лятаць над Беларусьсю. У тым ліку авіякампаніі з краін Эўразьвязу. У першай палове дня 24 траўня гэта зрабіў, напрыклад, рэйс «Люфтганзы» з Франкфурту ў Маскву.
Працягваюць таксама лятаць турэцкія самалёты, лайнэры расейскіх авіякампаній і самалёты бізнэс-авіяцыі. У тым ліку з краін ЭЗ.
Агенцтва «Інтэрфакс» цытуе кіраўніка «Белаэранавігацыі» Валяр’яна Гродзя, які сказаў пра адсутнасьць вялікіх зьменаў у палётах: «Візуальна вялікіх зьменаў няма, асобныя кампаніі паляцелі ў абыход Беларусі, але гэта звычайная сытуацыя, кампаніі могуць самі мяняць маршруты на свой одум. У цэлым не магу сказаць, што Беларусь пачалі абыходзіць».
Чыноўнік пры гэтым прызнае, што цалкам карціна стане зразумелай толькі празь нейкі час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удар па міжнародным праве і ўласным авіяперавозчыку. Экспэрты па авіяцыі пра пасадку самалёта ў МенскуАдмены палётаў над тэрыторыяй Беларусі могуць прынесьці страты беларускаму бюджэту.
Да пандэміі над Беларусьсю штодня пралятала каля 600 самалётаў. Суправаджэньне кожнага зь іх каштуе ў сярэднім каля 40 эўра за кожныя 100 км маршруту. Паслугамі «Белаэранавігацыі», якая займаецца рэгуляваньнем руху на паветраных трасах, карысталіся амаль 100 розных авіякампаній. 2020 год колькасьць рэйсаў рэзка зьнізіў, аднак у 2021-м іх зноў стала больш. Як адрэагуюць перавозчыкі на інцыдэнт з самалётам Ryanair, можна толькі здагадвацца.
Ці былі падобныя выпадкі раней?
Над Беларусьсю такога яшчэ не здаралася, а вось іншыя краіны беларускі самалёт ужо вярталі ў аэрапорт вылету.
У кастрычніку 2016 году ўкраінская СБУ вярнула ў кіеўскія «Жуляны» самалёт «Белавія» праз тое, што на яго борце мог знаходзіцца замежны грамадзянін, які нясе пагрозу для нацыянальнай бясьпекі. Вяртаньнем самалёта тады займалася арганізацыя «Украэрарух» — украінскі адпаведнік «Белаэранавігацыі». Пасьля пасадкі ў кіеўскім аэрапорце «Жуляны» з самалёта вывелі аднаго пасажыра, грамадзяніна Армэніі. Самалёт паўторна вылецеў у Менск і пасьпяхова прызямліўся.
У СМІ тады таксама трапіла інфармацыя, што краінскія дыспэтчары папярэдзілі беларускіх пілётаў пра магчымасьць падняць у паветра зьнішчальнікі ў выпадку адмовы вяртацца ў Кіеў. У выніку ўкраінскія баявыя самалёты засталіся на зямлі. А вось лайнэр Ryanair у Менску садзіўся ў суправаджэньні МіГ-29 Вайскова-паветраных сілаў Беларусі, узброенага ракетамі клясы «паветра — паветра», прызначанымі для зьбіваньня іншых самалётаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна-Беларусь: інцыдэнт з вяртаньнем самалёту «Белавія» вычарпаны, бакі не маюць узаемных прэтэнзійДля Ўкраіны гісторыя з прымусовай пасадкай самалёта «Белавія» наступстваў ня мела, ніякіх штрафных санкцый з боку міжнародных авіяцыйных арганізацый не было. Самалёты працягвалі палёты над Украінай, у тым ліку лайнэры «Белавія».
Ці могуць забараніць палёты «Белавія» ў Эўразьвяз?
Эўрапейскія авіяцыйныя ўлады пэрыядычна забараняюць палёты над сваёй тэрыторыяй розным авіякампаніям. Прычынамі для гэтага амаль заўсёды становяцца парушэньні правілаў бясьпекі з боку перавозчыка. Займаецца кантролем Эўрапейскае авіяцыйнае агенцтва, пад забарону часьцей за ўсё трапляюць авіякампаніі краін Афрыкі альбо Азіі. Забаронена лятаць над Эўропай таксама старым савецкім самалётам, якія не адпавядаюць нормам экалягічнасьці і шуму. У тым ліку праз гэта «Белавія» ў свой час адмовілася ад выкарыстаньня савецкіх мадэляў і цалкам перайшла на лайнэры, зробленыя ў ЗША і Бразыліі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што мяняе для афіцыйнага Менску скандал з самалётам?У выпадку забароны выконваць рэйсы ў краіны Эўразьвязу і нават, тэарэтычна, у Грузію і ва Ўкраіну, лятаць беларускі перавозчык зможа толькі ў Расею і Казахстан. Пры гэтым міжнародныя авіяцыйныя ўлады могуць забараніць выконваць рэйсы нават у расейскія аэрапорты. Такая сытуацыя склалася, напрыклад, з аэрапортам у Сымферопалі — туды лятаюць толькі самалёты расейскіх авіякампаній, для якіх рэйсы ў Крым лічацца ўнутранымі.
Мінулы год Белавія скончыла з чыстымі стратамі ў 92 мільёны рублёў, 2019 год даў прыбытак у 68,2 мільёна.
Такім чынам, на «Белавіі» адбіліся каранавірусныя абмежаваньні. Калі ЭЗ забароніць «Белавіі» пасадкі ў сваіх аэрапортах, гэта можа быць «крытычна для авіякампаніі». Такую думку выказаў спэцыяліст, блізкі да цывільнай авіяцыі, на ўмовах ананімнасьці:
«Відавочна, забарона на палёты ў ЭЗ (калі такое рашэньне будзе прынята) створыць для „Белавія“ эканамічныя складанасьці, з улікам іх стратэгіі (цалкам пасьпяховай) па разьвіцьці трансфэру Эўропа-СНД зь перасадкай у Менску. „Белавія“ ўжо мае вялікія страты, бо з прычыны каранавірусу палётаў стала менш. Дадатковыя абмежаваньні будуць крытычнымі», — мяркуе спэцыяліст.
Аднак ён зважае, што «Белавія» — дзяржаўная авіякампанія, і ўсе страты «заўсёды пакрываліся зь бюджэту», то бок яны будуць пагашацца «за кошт падаткаплатнікаў».
Акрамя «Белавія», у Беларусі ёсьць і іншыя авіякампаніі. У прыватнасьці, транспартная «Трансавіяэкспарт». Яна мае хаб у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а самалёты «Трансавіяэкспарту» неаднойчы ўдзельнічалі ў розных інцыдэнтах на тэрыторыі афрыканскіх гарачых пунктаў. Пра магчымую забарону выкананьня палётаў для гэтай авіякампаніі пакуль гаворкі няма.
Інцыдэнт з самалётам Ryanair і затрыманьне блогера Пратасевіча. Сьцісла
- 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
- Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
- У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
- Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
- Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
- Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
- 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
- Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
- Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
- 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
- Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
- Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
- 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
- Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
- Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
- 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
- У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
- 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
- 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
- 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
- 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
- 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
- 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
- Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
- «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
- 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
- Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
- Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
- 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
- У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.