Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен пракамэнтаваў здарэньне зь лайнэрам Атэны — Вільня 23 траўня, які прымусова з прымяненьнем вайсковага зьнішчальніка пасадзілі ў Менску, каб затрымаць журналіста Рамана Пратасевіча.
«Мы моцна асуджаем нахабныя і шакавальныя дзеяньні рэжыму Лукашэнкі для перанакіраваньня камэрцыйнага палёту і арышту журналіста. Патрабуем міжнароднага расьсьледаваньня і ўзгадняем з нашымі партнэрамі наступныя крокі. Злучаныя Штаты разам з народам Беларусі», — паведаміў Блінкен у твітэры.
Разам з Раманам затрымалі і ягоную дзяўчыну, якая таксама ляцела гэтым рэйсам. Дагэтуль нічога не вядома, у якім яны стане і дзе іх утрымліваюць улады. Бацька Пратасевіча, вайсковец у адстаўцы, зыходзячы са свайго досьведу, выказаў упэўненасьць, што спэцслужбы Беларусі дзейнічалі не адны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька Пратасевіча: «Як вайсковец скажу, што спэцслужбы Беларусі былі не адны»Падзеі 23 траўня ў Беларусі выклікалі моцную міжнародную рэакцыю. Беларускія палітыкі — праціўнікі Лукашэнкі Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская запатрабавалі ад міжнароднай супольнасьці пераходу ад словаў занепакоенасьці да канкрэтных дзеяньняў.
У Менску ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» пазаплянава сеў самалёт Атэны — Вільня, пілёты падалі аварыйны сыгнал, бо ім паступіла паведамленьне пра бомбу на борце. На распараджэньне Лукашэнкі дзеля суправаджэньня гэтага самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі пасадзілі самалёт Ryanair, затрымалі блогера Рамана Пратасевіча. ГалоўнаеУ час атрыманьня паведамленьня самалёт быў ля самай мяжы зь Літвой, аэрапорт прызначэньня быў для яго найбліжэйшым пунктам пасадкі, аднак замест гэтага ён скіраваўся ў Менск. Экіпаж пры гэтым нічога не патлумачыў пасажырам. Пазьней стала вядома, што паведамленьне экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспэтчараў.
Шэраг палітычных дзеячоў назваў дзеяньні рэжыму Лукашэнкі «міжнародным тэрактам» і патрабуе пакараць яго за парушэньне ўсіх прынцыпаў ажыцьцяўленьня і забесьпячэньня палётаў грамадзянскай авіяцыі. Генэральная пракуратура і паліцыя Літвы пачалі захады ў сувязі зь інцыдэнтам з самалётам Ryanair, старт далі двум дасудовым расьсьледаваньням: у сувязі з захопам самалёта і з прымусовай пасадкай.
Раману Пратасевічу 26 гадоў. Як журналіст ён некалькі гадоў супрацоўнічаў зь беларускімі выданьнямі. Пазьней далучыўся да тэлеграм-каналу Nexta, быў там галоўным рэдактарам. На момант затрыманьня працаваў у камандзе тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», які раней адміністраваў блогер Ігар Лосік.
Рамана Пратасевіча, як і заснавальніка NEXTA Сьцяпана Пуцілу, рэжым Лукашэнкі абвясьціў у міждзяржаўны вышук. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, — арт. 293, арт. 342, а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Іх унесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў», які афіцыйна называецца «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Раман Пратасевіч ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія пасажыры прымусова пасаджанага самалёта цытуюць апошнія словы Пратасевіча: «Мяне чакае сьмяротнае пакараньне» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія, Украіна і Эстонія запатрабавалі неадкладнага вызваленьня Пратасевіча