Ці была пасадка ў Менску самалёта Ryanair добраахвотнай ці прымусовай? Навошта ўладам Беларусі так спатрэбіўся Раман Пратасевіч? Якім будзе міжнароднае рэха інцыдэнту з самалётам і затрыманьня журналіста?
Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.
Онлайн-трансьляцыя Улады Беларусі пасадзілі самалёт Ryanair, затрымалі блогера Рамана Пратасевіча. Галоўнае
Карбалевіч
- Адна загадка — самалёт ад Ліды накіраваўся на поўдзень і толькі потым, зрабіўшы зыгзаг, паляцеў у Менск
- Другая загадка — калі мэтай уладаў Беларусі было затрымаць Пратасевіча, навошта была трымаць самалёт у Менскім аэрапорце 7 гадзінаў?
- Магчыма, была імітацыя пошуку бомбы.
- БЕЛТА піша, што самалёт прызямліўся ў Менску з прычыны паведамленьня пра бомбу.
- А хто прыслаў гэтае паведамленьне?
- Ryanair паведамляе, што інфармацыя пра бомбу паступіла ад дыспэтчараў менскага аэрапорту.
- Гэта вялікі скандал, заходнія палітыкі трактуюць сытуацыю адназначна — цывільны самалёт быў гвалтоўна прыземлены ў Менску пры дапамозе вайсковай сілы.
- Калі сапраўды была пагроза выбуху, то мэтазгодна было пасадзіць самалёт у найбліжэйшым аэрапорце. А такім быў Віленскі.
- Магчыма, самалёт трымалі 7 гадзінаў у Менску менавіта для таго, каб мы ніколі не пачулі поўнай аўдыёграмы перамоваў самалёта з дыспэтчарамі. Улады Беларусі разумелі, што ідуць на скандал, што магчымае ўзмацненьне санкцыяў.
- Пратасевіч для ўладаў Беларусі не ўяўляў небясьпекі.
- Улады Беларусі пашыраюць абшар сваіх дзеяньняў за межы краіны: то «змоўнікаў» затрымалі ў Маскве, то самалёт ірляндзкай кампаніі пасадзілі ў Менску.
- Лукашэнка сёньня пачуваецца імяніньнікам.
- Шмат якія авіякампаніі падумаюць, ці варта лётаць у Беларусь і празь Беларусь.
- Але ўлады Беларусі сёньня міжнароднай рэакцыяй не запужаеш.
- Дагэтуль рэжым дзейнічаў на сваёй тэрыторыі, для заходняй палітыкі гэта было пытаньне гуманітарнае, пытаньне правоў чалавека.
- Пасьля інцыдэнту з самалётам гэта робіцца пытаньнем міжнароднай бясьпекі.
Дракахруст
- БЕЛТА паведамляе, што Лукашэнка асабіста загадаў падняць у паветра зьнішчальнік.
- Калі на борце сапраўды была бомба, чым зьнішчальнік мог бы дапамагчы самалёту ў выпадку выбуху?
- Некалькі гадоў таму Ўкраіна падняла зьнішчальнікі, каб прымусіць беларускі самалёт, які ляцеў у Менск, вярнуцца ў Кіеў.
- Зьнішчальнік, які суправаджае цывільны самалёт, — гэта інструмэнт прымусу.
- Адзін з пасажыраў рэйсу расказаў, што ў аэрапорце ў Атэнах нейкі чалавек спрабаваў сфатаграфаваць дакумэнты Пратасевіча.
- Я спадзяюся, што будуць тэрмінова апублікаваныя перамовы экіпажу самалёта і менскай дыспэтчарскай.
- Падаецца больш імаверным, што інфармацыя сыходзіла ад дыспэтчараў і што менавіта яны прапанавалі, а можа і запатрабавалі, каб самалёт сеў у Менску.
- Калі беларускія прадстаўнікі забралі ад экіпажу запіс перамоваў з дыспэтчарскай — гэта будзе скандал найвышэйшага ўзроўню. Тады гэта напад на цывільны паветраны карабель.
- Справа пра «змову» нагадвала апэрацыі савецкіх спэцслужбаў «Трэст» і «Сындыкат-2».
- Захоп Пратасевіча нагадвае апэрацыі савецкіх спэцслужбаў для выкраданьня з Парыжу лідэраў белай эміграцыі генэралаў Куцепава і Мілера.
- Здаецца, у адным з інтэрвію Мікалая Карпянкова гучалі намёкі на тое, што ўлады Беларусі могуць захапіць і эмігрантаў.
- Пратасевіча захапілі дзеля прапаганды, яго могуць прымусіць расказаць (або ўкласьці яму ў вусны), як ствараўся канал NEXTA, хто яго натхняў і фінансаваў.
- Прыгадваецца аналёгія з самалётам, зьбітым над Данбасам у 2014 годзе.
- Гэта аналёгія, а ня тоеснасьць, тады загінулі сотні людзей, цяпер ніхто не загінуў пакуль.
- Але пэўнае падабенства ёсьць або можа быць.
- Той інцыдэнт стаў пунктам павароту.
- Жорсткія, маштабныя санкцыі супраць Расеі былі ўведзеныя менавіта пасьля зьнішчэньня малайзійскага лайнэра.
Што было раней
- Прыкладна пасьля 14:00 менскага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
- Паводле прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне, самалёт пасьпяхова прызямліўся.
- Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
- Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
- На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29.
- Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў NEXTA Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
- МЗС Грэцыі назваў пасадку самалёта Ryanair у Менску «актам дзяржаўнага авіяпірацтва». Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
- Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня (каля 20:17) самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.