Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа паведаміў на брыфінгу ў Вільні, што, апрача Рамана Пратасевіча, зь Менску ня вылецела ягонай сяброўка:
«Я не хацеў бы камэнтаваць інфармацыю, яшчэ не пацьверджаную. Ясна толькі адно, што спадара Пратасевіча і яго сяброўкі больш няма ў самалёце», — сказаў прэзыдэнт Наўседа, якога цытуе delfi.lt.
Тое, што разам з Раманам Пратасевічам была затрыманая і яго сяброўка, пацьвердзілі карэспандэнтцы delfi.lt пасажыры, якія ляцелі гэтым рэйсам. Падчас праверкі дакумэнтаў у Менску — ужо пасьля затрыманьня Рамана — па яе прыйшлі асобна і вывелі з памяшканьня.
У эфіры першага каналу БТ паведамілі, што разам з Раманам была затрыманая дзяўчына, грамадзянка Расеі, нібыта супрацоўніца тэлеканалу «Белсат».
«Паводле заканадаўства, Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце ілжывага мінаваньня самалёту Ryanair. Сапраўдная драма разыгралася ўжо сярод пасажыраў. Усе яны пасьля пасадкі прайшлі памежны і мытны кантроль. Ні да кога зь іх прэтэнзіяў ня ўзьнікла. Аднак у гэты ж час экстрэмісцкі тэлеграм-канал, які належыць зьбегламу блогеру-экстрэмісту Матольку, публікуе інфармацыю, што гэтым самалётам ляцеў ягоны калега, адміністратар іншага экстрэмісцкага тэлеграм-каналу, адзін са стваральнікаў Nexta, Раман Пратасевіч.
Кажуць, зь ім была дзяўчына, якая мае грамадзянства Расеі, дарэчы, супрацоўніца «Белсату». Яна і зрабіла фота, паслала яго Матольку, той апублікаваў, чым і выклікаў цікавасьць праваахоўнікаў. Пратасевіча затрымалі. Хоць, нагадаем, яго няма ў базе асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь», — паведаміў тэлеканал «Беларусь-1».
«Дзяўчына Рамана Пратасевіча ня ёсьць супрацоўніцай Белсату», — паведаміў намесьнік дырэктара каналу Аляксей Дзікавіцкі.