Ліст знакамітага навукоўца Альберта Эйнштэйна, які зьмяшчае адну з найбольш вядомых формулаў у фізыцы E = mc², прадалі на аўкцыёне ў Бостане за 1,2 мільёна даляраў. Пра гэта паведамляе ВВС.
Выніковая сума, якую пакупнік заплаціў за ліст, утрая перавысіла прагназаваную экспэртамі. Імя пакупніка арганізатары аўкцыёну не назвалі, абмежаваўшыся толькі інфармацыяй, што гэта калекцыянэр дакумэнтаў.
Ліст на нямецкай мове датуецца 26 кастрычніка 1946 году і адрасаваны фізыку Людвіку Зільбэрштэйну, які аспрэчваў некаторыя тэорыі Эйнштэйна. Ліст уваходзіў у архіў, які прадавалі сваякі Зільбэрштэйна.
Усяго ў сьвеце вядомыя толькі чатыры рукапісныя тэксты Альберта Эйнштэйна, у якіх зьмяшчаецца формула E = mc².
Формулу E = mc² Эйнштэйн вывеў у 1905 годзе. Яна паказвае прамую залежнасьць поўнай энэргіі фізычнага аб’екту ў стане спакою ад яго масы (эквівалентнасьць масы і энэргіі).
Адмысловая і агульная тэорыі адноснасьці, якія распрацаваў Эйнштэйн, неаднаразова былі падставай намінаваць яго на Нобэлеўскую прэмію. Аднак яе ў 1922 годзе фізыку далі не за іх, а за тэорыю фотаэфэкту. Аднак на традыцыйнай Нобэлеўскай прамове навуковец гаварыў усё-ткі пераважна пра тэорыю адноснасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зонд NASA падляцеў да Сонца на рэкордна блізкую адлегласьць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарнобыль нікуды не сышоў». Прафэсар Бандажэўскі пра новыя дасьледаваньні старой праблемы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітык пра мэдалі спартоўцаў на аўкцыёнах: Пасьля перамогі трэба перавыкупіць — і ў музэй