Хатні арышт на час сьледзтва абіраецца ў Беларусі надзвычай рэдка. У 2011-м паўгода пад хатнім арыштам прабыў экс-кандыдат на прэзыдэнта вядомы беларускі паэт Уладзімер Някляеў, якога пры затрыманьні ў дзень выбараў 19 сьнежня 2010 году моцна зьбілі. Уладзімер Някляеў мяркуе, што якраз траўма хрыбетніка, якую яму нанесьлі пры затрыманьні, спрычынілася да таго, што яму далі такую палёгку, як хатні арышт.
«Хаця гэта толькі на словах выглядае палёгка, а насамрэч тая ж турма, толькі ва ўласным доме. І псыхалягічна гэта яшчэ цяжэй», — мяркуе Ўладзімер Някляеў.
Пад хатнім арыштам палітык адбыў паўгода. Калі згадвае абмежаваньні, якія ён зазнаў за гэты час, дагэтуль хвалюецца.
«Калі ў Юліі Чарняўскай такі ж хатні арышт, як у мяне, дык гэта нічым ня лепш за турму. А псыхалягічна нават і цяжэй, бо ў турме ты як бы цалкам разумееш, што з табой адбываецца. Вось краты, жалезныя замкнёныя дзьверы, нары — ну, турма. А дома ты ўсё ж настроены на тое, што гэта твая прастора і ты тут гаспадар, а аказваецца — не. Аказваецца, ты нічога ня можаш, апроч як сядзець на сваім ложку і есьці сваю ежу».
Уладзімер Някляеў пералічыў абмежаваньні, якія зазнаў пад хатнім арыштам. Яму цалкам забаранілі пісаць і атрымліваць лісты, карыстацца тэлефонам і кампутарам, інтэрнэтам, ён не атрымліваў газэт і часопісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Месяц у хатняй турме«Уявіце, спачатку нават тэлевізар глядзець забаранялі, толькі потым дазволілі, але выключна дзяржаўныя каналы на БТ».
Таксама палітыку былі забароненыя прагулкі і выхад на вуліцу.
«У турме гадзіна адводзіцца на прагулкі ў турэмным дворыку, а тут нічога. Прычым нават да акна падыйсьці і паглядзець, што на вуліцы, не дазвалялі», — згадвае Ўладзімер Някляеў.
Пакутай для Някляева, па ягоных словах, была забарона кантактаваць зь людзьмі звонку, нават сваякамі. Выключэньне зрабілі толькі для жонкі Вольгі, зь якой яны жывуць у адной кватэры.
«Прыйсьці да цябе ў госьці ніхто ня можа. Да мяне прыяжджала дачка, дык стаяла пад дзьвярыма і прасіла, каб пусьцілі мяне пабачыць, але так і не пусьцілі. „Не дазволена“, і ўсё», — згадаў Уладзімер Някляеў.
«Вы што, здурнелі? — Інструкцыя такая»
Уладзімер Някляеў заўважае, што ў эўрапейскіх краінах на арыштанта, якому дазволена адбываць абмежаваньне волі дома, надзяюць адмысловы электронны бранзалет, які кантралюе ягоныя перасоўваньні. Чаму гэта нельга арганізаваць у Беларусі, Уладзімер Някляеў не ўяўляе.
Былы кандыдат на прэзыдэнта вылучыў самае непрыемнае падчас хатняга арышту — гэта трывалая прысутнасьць побач ахоўнікаў. «Увесь час два ўзброеныя чалавекі ў тваім доме. Паводле інструкцыі ты мусіш заўсёды, удзень і ўначы, быць у полі іх увагі. У выніку мы клаліся з жонкай на ложак спаць, а яны садзіліся перад адчыненымі дзьвярыма ў суседнім пакоі. Першы раз я абурыўся. „Што, зусім здурнелі?“ Кажуць: гэта па інструкцыі, мы мусім за вамі ўвесь час назіраць, бо вы можаце там з кімсьці паразмаўляць ці кінуцца з гаўбца. Карацей, псыхалягічна гэта вельмі цяжка, калі турма ў тваім доме».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хатні арышт або Філязофія пакараньня па-беларускуПаводле Ўладзімера Някляева, адносіны з ахоўнікамі часам складаліся напружаныя, асабліва калі замест «адэкватных» супрацоўнікаў на дзяжурства заступалі «служакі».
«Даходзіла да таго, што казаў на допытах, каб забіралі зноў у турму, бо няма цярпеньня, хопіць. Бо розныя былі людзі. Адны ставяцца ўсё ж па-чалавечы, з разуменьнем, а другім толькі б выслужыцца. Да вокнаў забаранялі падыходзіць, нельга на вуліцу паглядзець. А раптам табе хто які сыгнал ці знак дашле!» — згадвае паэт.
Адзіным чалавекам у атачэньні Ўладзімера Някляева, каму дазвалялі кантактаваць зь ім і выходзіць на вуліцу, была жонка Вольга. Яна працягвала весьці хатнюю гаспадарку, прыносіла з крамы прадукты, гатавала ежу. Хто цяпер зможа ўзяць на сябе клопаты па гаспадарцы для Юліі Чарняўскай, Ўладзімер Някляеў не ўяўляе.
«Што ёй магу параіць? Нэрвы па драбязе не паліць. Неяк прыстасоўвацца. Але і не даваць ахоўнікам занадта разьняволіцца, адчуваць сябе вялікімі гаспадарамі ў чужой кватэры. Неяк трэба даць ім зразумець, што яны тут непажаданыя госьці. А так усім нам можна пажадаць толькі аднаго — сілы і трываньня».
Сытуацыю з завядзеньнем справы супраць Tut.by Уладзімер Някляеў назваў «запалохваньнем усіх, хто можа аказаць уплыў на грамадзкую думку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юлія Чарняўская пад хатнім арыштам. Дачка: «Поўная ізаляцыя»
«Чарняўская перачытвае кнігі з уласнай бібліятэкі»
Людзі, якія, як і Ўладзімер Някляеў, пабывалі пад хатнім арыштам, згодныя, што гэтае становішча фактычна пазбаўляе чалавека шмат якіх іншых правоў, пра якія звычайна людзі не задумваюцца. Вось што дадала крыніца, якая ў мэтах бясьпекі прасіла яе не называць.
«Там атрымліваецца, што здароўе — твая ўласная праблема, якую тэрмінова вырашыць немагчыма. Бо да доктара цябе не пускаюць, а зносіны праз ахоўнікаў — вельмі доўгі працэс. Увесь побыт — таксама твая праблема. Але ня меней балючая там праблема — інфармацыйная блякада. Таму, асабіста ведаючы Юлію Чарняўскую, магу ўявіць, на каго яна зможа разьлічваць у хатнім арышце: на кнігі ва ўласнай бібліятэцы. Але новых кніг ёй не прынясуць — замаўляць кнігі забаронена», — згадала крыніца, якая мае досьвед хатняга арышту.
У канцы 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя пад хатнім арыштам пасьля затрыманьня аказалася былая старшыня Нацыянальнага банку Тамара Віньнікава. Паводле зьвестак, спадарыню Віньнікаву ахоўвалі супрацоўнікі КДБ, з-пад увагі якіх ёй неяк удалося вызваліцца і ўцячы. Пазьней Тамара Віньнікава аб’явілася ў Вялікай Брытаніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакату Ільлю Салею незаконна падоўжылі тэрмін хатняга арыштуПасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году пад хатнім арыштам да суду ўтрымлівалі экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева і жонку экс-кандыдата Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пасьля затрыманьня супрацоўнікамі КБД пад хатнім арыштам апынуліся адвакат Ільля Салей, паліттэхноляг Віталь Шкляраў і мэдыятар Лілія Ўласава. Цяпер мера стрыманьня для іх зьмененая, а Віталь Шкляраў пакінуў Беларусь. Акрамя Юліі Чарняўскай, пад хатнім арыштам цяпер актывіст руху за правы інвалідаў Сяргей Драздоўскі.
У праваабарончым цэнтры «Вясна» заяўляюць, што знаходжаньне пад хатнім арыштам пакідае падставы для захаваньня статусу палітычнага вязьня.
«Бо ў Беларусі гэтая мера стрыманьня настолькі сур’ёзна пазбаўляе чалавека правоў, асабліва права на волю і камунікацыю», — патлумачыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Абмежаваньні, якія накладаюцца паводле хатняга арышту, рэгулююцца Крымінальна-працэсуальным кодэксам Беларусі і ведамаснымі інструкцыямі.