Расейскія наёмнікі ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы гвалцілі і забівалі цывільнае насельніцтва, якое мусілі абараняць. У некаторых выпадках яны маглі ўступаць для гэтага ў змовы з паўстанцамі, супраць якіх фармальна ваююць. Сьведчаньні публікуе VICE World News.
У ЦАР працуе група расейскіх вайсковых спэцыялістаў, большую частку якой, паводле паведамленьняў, складаюць удзельнікі так званай Прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Паводле афіцыйнай вэрсіі, яны выступаюць у ролі вайсковых інструктараў для ўрадавых войскаў і ня ўдзельнічаюць у баявых дзеяньях. Аднак шматлікія сьведчаньні паказваюць, што яны ўдзельнічаюць у грамадзянскай вайне ў краіне — нароўні зь іншымі прыватнымі вайсковымі кампаніямі, нанятымі цэнтральным урадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: RFI апублікавала сьведчаньні зьверстваў расейскіх наёмнікаў у АфрыцыVICE прыводзіць словы дзьвюх жыхарак кантраляваных урадам тэрыторый, якія зазналі сэксуальны гвалт з боку расейцаў. У адным выпадку пасьля групавога згвалтаваньня наёмнікамі яе гвалтавалі вайскоўцы ЦАР. Гэта здарылася пасьля таго, як яна ўцякла ад нападу паўстанцаў.
Выданьне прыводзіць таксама сьведчаньні брата забітага вулічнага гандляра з гораду Бамбары, дзе разьмешчаная адна з базаў расейскіх наёмнікаў. Расейцы арыштавалі яго на ўзбочыне дарогі і завезьлі на базу, дзе яго тры дні катавалі, у прыватнасьці адрэзаўшы яму палец. Ён паскардзіўся на гэта мясцовым палітыкам і неўзабаве быў забіты паўстанцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскіх журналістаў у Афрыцы завабілі ў пастку і забілі, — незалежнае расьсьледаваньнеБацька забітага гандляра сустрэўся зь лідэрамі мясцовай узброенай групоўкі, якая ўчыніла забойства. Яны сказалі яму, што за злачынства ім заплацілі расейцы, якія фармальна зь імі ваююць.
Расейскія наёмнікі ў ЦАР неаднаразова абвінавачваліся ў злачынствах супраць цывільнага насельніцтва. Дзеля таго, што расейцы лічацца на афіцыйнай службе ўраду краіны, іх дзеяньні можна кваліфікаваць як ваенныя злачынствы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўстанцы афрыканскай краіны паставілі ўльтыматум «расейскім наймітам»У сакавіку занепакоенасьць паведамленьнямі пра зьверствы выказала рабочая група ААН. Брытанская газэта The Guardian тады расказала пра некалькі канкрэтных эпізодаў злачынстваў супраць мірнага насельніцтва, у якіх былі западозраныя расейцы. У прыватнасьці, гаворка ішла пра напад на мячэць у Бамбары. Расейскія афіцыйныя асобы ўсё абвінавачаньні адмаўляюць або ігнаруюць.
- Грамадзянская вайна ў ЦАР пачалася ў 2012 годзе як канфлікт паміж мусульманскім і хрысьціянскім насельніцтвам краіны, але амаль за 9 гадоў ператварыўся ў вайну ваенізаваных груповак за кантроль над багатымі рэсурсамі тэрыторыямі. У краіне разьмешчаны кантынгент міратворцаў ААН, аднак у студзені антыўрадавыя сілы ледзь не занялі сталіцу Бангі.