Футбольны клюб «Крумкачы» атрымаў ліст за подпісам генэральнага сакратара Беларускай фэдэрацыі футболу Сяргея Жардзецкага, у якім клюб папярэджаны за паводзіны заўзятараў падчас выкананьня дзяржаўнага гімну перад матчамі.
Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Страна для жизни». Адміністрацыі не падабаецца, што заўзятары «ўстаюць сьпінай да чырвона-зялёнага сьцяга», калі грае гімн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цяперашняя палітыка вядзе ў тупік». Футбольны фанат аб рашэньні байкатаваць матчы чэмпіянату Беларусі- Сваю грамадзянскую пазыцыю заўзятары і футбалісты пачалі выказваць яшчэ да леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. На матчы ў Салігорску заўзятары 90 хвілін скандавалі «Жыве Беларусь!» на знак пратэсту супраць сарванай уладамі сустрэчы кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай з выбарнікамі.
- 23 жніўня гульцы каманды «Крумкачы» выйшлі на матч першай лігі супраць «Хіміка» у майках з прынтам «Мы з народам». Пасьля гэтага Беларуская фэдэрацыя футболу разаслала кіраўнікам футбольных клюбаў ліст, у якім папярэдзіла: футбол не павінен выкарыстоўвацца «як пляцоўка для палітычнай прапаганды».
- Раней Беларуская фэдэрацыя футболу неаднаразова выносіла папярэджаньні і пакараньні «Крумкачам» за публічныя праявы салідарнасьці з пацярпелымі ад міліцэйскага гвалту. Гульцоў каманды Паўла Расольку і Сяргея Казеку жорстка затрымалі і зьбілі падчас акцый пратэсту.
- Шмат якія футбалісты клюбу падпісалі ліст свабодных спартоўцаў супраць гвалту ў Беларусі.