Дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія паведамляе ў сацсетках, што яе маці дагэтуль ня выйшла на сувязь. «Са шпіталя яе выпісалі. Але мама ня дома. Мама не ў шпіталі. А дзе яна ад 11 раніцы?» — піша дачка.
Сувязь з удавой заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юліяй Чарняўскай зьнікла каля 12-й гадзіны, яе мабільны тэлефон у той момант быў адключаны. Адначасова да некалькіх рэдактараў Tut.bу дадому прыйшлі сілавікі, пачаліся ператрусы і затрыманьні.
Пазьней праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што Чарняўская знаходзіцца пад канвоем міліцыянтаў у гарадзкой лякарні № 1 Менску, у яе праблемы з сэрцам. Пазьней высьветлілася, што яна перанесла гіпэртанічны крыз.
Юлія Чарняўская — вядомы беларускі культуроляг і пісьменьніца. У 2020 годзе яна звольнілася з Унівэрсытэту культуры і мастацтваў, у якім выкладала чвэрць стагодзьдзя.
Напярэдадні падзеяў 18 траўня быў якраз год, як Юры Зісер памёр.