18 траўня сілавікі прыйшлі і ў цэнтральны і рэгіянальныя офісы кампаніі Tut.bу, а таксама ў афіляваныя зь ёй Hoster.by і av.by. Ператрусы праводзяцца таксама і ў кватэрах журналістаў. Кіраўнікоў кампаній забралі на допыты ў крымінальнай спрвае, а сам сайт сёньня ж быў заблякаваны.
Гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў выклікалі рэакцыю ў Беларусі і за мяжой.
Бабарыка: «Гэта скачок у Сярэднявечча»
Пра адключэньне Tut.by даведаўся і палітвязень Віктар Бабарыка, які ўжо 11 месяцаў знаходзіцца за кратамі праз палітычна матываванае абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, піша афіцыйны канал Бабарыкі. Ён лічыць перасьлед кіраўніцтва і журналістаў парталу і блякаваньне доступу да яго ўдарам па магчымасьці і праве кожнага чалавека сфармаваць сваю думку.
«Гэта крок ня проста ў эпоху „да інтэрнэту“. Гэта скачок у Сярэднявечча. Пытаньне пастаўлена аб пазбаўленьні нас друкаванага слова. Альтэрнатыўная думка проста перастае існаваць, ліквідуецца іншы пункт гледжаньня. Гэта ўжо тычыцца кожнага беларуса, незалежна ад палітычных перакананьняў. Бо ў такіх умовах немагчымыя нічые бясьпека і дабрабыт».
Ціханоўская: «Гэта акупацыя»
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай запатрабаваў неадкладнай рэакцыі Эўразьвязу на падзеі вакол незалежнага парталу Tut.by.
«Сёньня мы ўсе — сьведкі наўмыснага забойства парталу Tut.by, — заявіла ў адмысловым відэазвароце Сьвятлана Ціханоўская. — 20 гадоў рэсурс паведамляў беларусам сумленныя навіны і быў узорам незалежнай прэсы. Многія асьцерагаліся, што так і адбудзецца, але гэта зусім іншае пачуцьцё, калі глядзіш на пасьлядоўнае зьнішчэньне свабоды на ўласныя вочы. Зборышча людзей, якія трымаюць уладу ў Беларусі, — гэта і ёсьць сапраўдны акупацыйны рэжым. Яны забіваюць СМІ, забіваюць партыі і суполкі, забіваюць нас — на вуліцах і ў турмах»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта акупацыя». Сьвятлана Ціханоўская пра атаку на Tut.by. ВІДЭАБАЖ: «Улады нас не пачулі»
У Беларускай асацыяцыі журналістаў заявілі, што ўлады так і не пачулі сэнсу заявы прадстаўнікоў мэдыясэктару.
«Сёньняшнія дзеяньні ў дачыненьні найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу зьяўляюцца працягам мэтакіраванай палітыкі ўладаў у абмежаваньні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне», — гаворыцца ў заяве БАЖ.
«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі заблякаваныя дзясяткі грамадзка-палітычных сайтаў і сайтаў мэдыя, шэраг друкаваных выданьняў вымушаныя былі спыніць выхад. На раніцу 18 траўня за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 16 журналістаў і мэдыяспэцыялістаў, 11 зь іх — у крымінальных справах».
Тыдзень таму прадстаўнікі мэдыясэктару падпісалі адкрыты супольны зварот «Спыніць паляваньне на ведзьмаў!». Дзеяньні супраць Tut.by, Av.by, Rabota.by паказваюць, што гэты заклік пакуль не пачуты, лічаць у БАЖ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БАЖ патрабуе спыненьня перасьледу Tut.byПрадстаўніца АБСЭ заклікала ўлады Беларусі «пераламаць нэгатыўную тэндэнцыю»
Прадстаўніца АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ Тэрэза Рыбэйру асудзіла перасьлед журналістаў у Беларусі. У яе заяве згадваецца затрыманьне фотакарэспандэнткі Тацяны Капітонавай, якую арыштавалі на 10 сутак, журналісткі Tut.by Любові Касьпяровіч, якой напярэдадні прысудзілі 15 сутак-, магілёўскіх журналістаў Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча, кожны зь якіх атрымаў па 20 сутак арышту.
Рыбэйру заклікала ўлады Беларусі «пераламаць нэгатыўную тэндэнцыю» і выконваць свае абавязкі ў межах АБСЭ.
Эўразьвяз: «Свабода СМІ мусіць быць забясьпечаная»
Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі таксама адрэагавала на падзеі.
«Беларускі партал Tut.by — флягман беларускай журналістыкі на працягу 20 гадоў, яго чытае і шануе большасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў краіне і многія за яе межамі, у тым ліку і дыпляматы, якія працуюць зь Беларусьсю. Свабода СМІ мусіць быць забясьпечаная».
МЗС Літвы: «Разам пераможам тыранію»
Міністар замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс напісаў у Твітары:
«Сумна бачыць рэпрэсіі незаконнага рэжыму Лукашэнкі ў дачыненьні да аднаго з апошніх незалежных беларускіх сайтаў навінаў @tutby і яго журналістаў. Літва гатовая прапанаваць усім тым, хто шукаюць прытулку, дом удалечыні ад дома. Разам мы пераможам тыранію і хлусьню!»
МХЗ Латвіі: «Гэта недапушчальна і супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі»
«Я асуджаю блякаваньне незалежнага беларускага СМІ Tut.by і рэпрэсіі супраць ягоных супрацоўнікаў. Гэта недапушчальна і супярэчыць міжнародным абавязкам Беларусі. Заклікаю ўлады Менску аднавіць працу сайту і спыніць перасьлед журналістаў», — напісаў у Твітары кіраўнік замежных спраў Латвіі Эдвардс Рынкевічс.
МЗС Эстоніі: Рашуча асуджаем рэпрэсіі супраць Tut.by
«Голас народу Беларусі ня можа і ня будзе задушаны! Мы будзем сачыць за разьвіцьцём падзей, асабліва непакоячыся пра бясьпеку журналістаў, у тым ліку Марыны Золатавай. Мы ў Эстоніі салідарныя зь Беларусьсю і выступаем за свабоду СМІ», — напісала МЗС у Твітары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы Tut.by прысудзілі 15 сутак арышту. Яе схапілі перад судом студэнтаўПэтыцыя і зварот у абарону Tut.by
На сайце «Зручны горад» зьявілася пэтыцыя з заклікам разблякаваць Tut.by. У дакумэнце нагадваюць, што на працягу апошняга году партал пастаянна сутыкаўся з ціскам дзяржавы і быў пазбаўлены статутсу сродка масавай інфармацыі.
Акрамя таго, зьявіўся і зварот у абарону мэдыяпарталу, які можна накіраваць у Міністэрства інфармацыі і Генэральную пракуратуру.
Прадстаўніца Amnesty International: «Баязьлівы крок ураду»
З заклікам да беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць незалежных мэдыяў і адмяніць блякаваньне парталу Tut.by выступіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International («Міжнародная амністыя»).
Аіша Джанг, кіраўніца кампаній Amnesty International у адносінах да Беларусі назвала блякаваньне «баязьлівым крокам з боку ўраду, які баіцца праўды і зьвяртаецца да жорсткасьці для падаўленьня правоў чалавека».
«Рэпартэры бязь межаў»: Перасьлед Tut.by — гэта новая спроба прымусіць маўчаць самыя вядомыя незалежныя СМІ ў Беларусі
Старшыня арганізацыі заклікаў ААН і АБСЭ дамагчыся павагі да свабоды інфармацыі ў Беларусі, напісаў старшыня арганізацыі Крыстоф Дэлюар у «Твітэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Створаныя пэтыцыя і зварот з патрабаваньнем спыніць перасьлед і неадкладна разблякаваць Tut.by ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаную журналістку Tut.by Барысевіч перавялі ў гомельскую калёнію за некалькі дзён да вызваленьня