Любоў Касьпяровіч рыхтавала матэрыял аб працэсе ў «справе студэнтаў» 14 траўня і была затрыманая міліцыяй ля менскага Дому правасудзьдзя.
Судзьдзя Сяргей Кацар адмовіўся вызваліць журналістку ў сувязі з тым, што прадугледжаныя законам на затрыманьне 72 гадзіны выйшлі.
Судзлілі Любоў Касьпяровіч праз скайп. У будынак не пусьцілі прадстаўнікоў незалежнай прэсы, спаслаўшыся на эпідэмічнае становішча.
Судзьдзя палічыў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаваньні і пакараў на 15 сутак арышту.
«Я не разумею пастанову. Як можна невінаватага чалавека прызнаць вінаватым», – заявіла Любоў Касьпяровіч пасьля вынясеньня прысуду.
Любоў Касьпяровіч у пачатку суду заявіла, што з пратаколам яе не азнаёмілі, таму яна ня ведае, за што яе затрымалі. Хоць у самім пратаколе запісана, што журналістка нібыта «адмовілася знаёміцца са справай».
Суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва журналісткі аб азнаямленьні са справай. Адзінае, судзьдзя дазволіў некалькі хвілін паразмаўляць праз скайп са сваім абаронцам у прысутнасьці сакратара суду.
Адвакат журналісткі заявіў хадайніцтва вызваліць журналістку, бо прадугледжаныя законам на затрыманьне 72 гадзіны выйшлі. Адміністрацыйнае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх выпадкаў, калі можна затрымліваць чалавека больш як на трое сутак, патлумачыў ён.
Суд у патрабаваньні адмовіў, пасьля чаго адвакат заявіў адвод суду, але і гэтае хадайніцтва не было выкананае.
Пасьля перапынку сьведка Іваноў І.І. (дадзеныя зьмененыя) заявіў, што Любоў Касьпяровіч была на пляцоўцы каля суду ў групе грамадзян, лёзунгі не выкрыквала, сьцягоў не мела. Але сьведка вырашыў, што журналістка ўдзельнічала ў пікетаваньні.
Пасьля аднаўленьня працэсу журналістка паведаміла, што знаходзіцца ў трохмеснай камэры, дзе сядзяць 10 чалавек. Ні матрацаў, ні бялізны няма.
Адвакат паўторна заявіў хадайніцтва пра вызваленьне Касьпяровіч з-пад варты, бо скончыўся 72-гадзінны тэрмін яе законнага ўтрыманьня. Суддзя Сяргей Кацар пасьля невялікай паўзы адмовіўся вызваліць журналістку.
Адвакат прасіў прадставіць відэа з камер назіраньня на будынку Дома правасуддзя, каб пацьвердзіць невінаватасьць журналісткі. Судзьдзя таксама адмовіў.
Любоў Касьпяровіч рыхтавала матэрыял аб працэсе ў «справе студэнтаў» 14 траўня і была затрыманая міліцыяй ля сталічнага Дому правасудзьдзя. Яе трымалі ў Маскоўскім РУУС, дзе не дазволілі прысутнічаць адвакату.
Пазьней журналістку адправілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Узяць цёплыя рэчы ў міліцыі адмовіліся. Усю працоўную суботу калегі чакалі судовага працэсу, але ён так і не адбыўся.
На гэты момант за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 16 прадстаўнікоў мэдыя, паведамляе БАЖ.