Выведная служба міністэрства абароны ЗША апублікавала штогадовы даклад з ацэнкай таго, што можа прадстаўляць найбольшую пагрозу для Злучаных Штатаў. У сьпісе пагрозаў Расея заслужыла адмысловага згадваньня. «Расейскія ўзброеныя сілы ўяўляюць экзыстэнцыйную пагрозу Злучаным Штатам», — напісана ў дакуменце.
Беларусь у дакладзе прыгаданая толькі аднойчы, прычым як прыклад пэўнай стрыманасьці Масквы ў вайскова-палітычнай сфэры: рашэньне Масквы пазьбегнуць наўпроставага ўмяшаньня ў вайну ў Нагорным Карабаху і стрыманы адказ на пратэсты ў Беларусі паказваюць, што Крэмль мяняе сваю тактыку захаваньня кантролю на постсавецкай прасторы ў адказ на рост спробаў атрымаць уплыў у рэгіёне з боку Кітаю, Захаду і Турэччыны.
Свабода папрасіла пракамэнтаваць даклад вайсковай выведкі ЗША амэрыканскіх вайсковых экспэртаў — былога высокапастаўленага супрацоўніка Пэнтагону Дэніэла Гурэ і вайсковага аналітыка, супрацоўнікам карпарацыі CNA Міхаіла Кофмана.
Гурэ і Кофман распавялі, якія пагрозы міжнароднай бясьпецы з боку Расеі могуць быць зьвязаныя зь Беларусьсю.
Гурэ:
Калі Пуцін вырашыць атакаваць, скажам, Украіну, зайсьці глыбей на яе тэрыторыю, калі Расея вырашыць, напрыклад, паглынуць Беларусь, ці пойдзе Захад на рызыку ядзернага канфлікту з Расеяй? У аналітыкаў ёсьць сумневы нават наконт таго, як NATO адкажа на расейскую пагрозу ў дачыненьні да краінаў Балтыі.
Але прыгадаем прыклад часоў Другой сусьветнай вайны. Немцы пралічыліся, будучы ўпэўненымі, што Англія ня ўступіць у вайну на баку Польшчы. У такой сытуацыі мы можам вельмі непрыемна зьдзівіць Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дакладзе вайсковай выведкі ЗША пра пагрозы бясьпецы Беларусь згадваецца адзін раз
Кофман:
Пытаньне ня ў тым, ці чакаюць адкрытай вайны ад Пуціна, а ў тым, ці выстаіць сыстэма бясьпекі ў Эўропе. Таму што самая вялікая вайсковая дзяржава ў Эўропе, выключаючы Злучаныя Штаты, гэта Расея. Расея не бярэ ўдзел у сыстэме бясьпекі Эўропы, яна ня лічыць, што гэтая сыстэма ў ейных інтарэсах. З гэтай прычыны любы крызіс, які ўключае жыцьцёвыя інтарэсы і Расеі, і іншых эўрапейскіх краінаў, скажам, у Беларусі, можа скончыцца ўмяшаньнем узброеных сіл Расеі.
Я ня думаю, што тут усур’ёз чакаюць нейкага ўварваньня Пуціна ў Польшчу. Больш рэалістычна пытаньне можна паставіць так: што будзе, калі палітычны крызіс у Беларусі скончыцца поўным каляпсам рэжыму Лукашэнкі і ўварваньнем узброеных сілаў Расеі? Як на гэта будуць рэагаваць чальцы NATO, як на гэта будуць рэагаваць суседзі Беларусі? Чаго яны будуць чакаць ад Злучаных Штатаў?
Расейскія вайскоўцы, мяркуючы па іх заявах, зыходзяць з пасылу аб уварваньні краінаў NATO ў Беларусь
Калі мы паглядзім на базавыя сцэнары камандна-штабных вучэньняў «Захад», якія павінныя прайсьці ў верасьні, то асноўны сцэнар — гэта разьвіцьцё крызісу ў Беларусі, які пацягне ўварваньне ў краіну кааліцыі чальцоў NATO. Вядучыя краіны ў гэтай кааліцыі — гэта Літва і Польшча. Узброеныя сілы Расеі спачатку праводзяць там нейкі абарончы манэўр, а потым пераходзяць у контрнаступ. Гэта ўсё сканчаецца эскаляцыяй з выкарыстаньнем у Эўропе розных высокадакладных узбраеньняў вялікай далёкасьці, канвэнцыйных узбраеньняў, а можа нават і ядзерных Гэты сцэнар вучэньняў паўтараўся ў 2013 годзе, у 2017 годзе, цяпер, хутчэй за ўсё, будзе зноў найбольш буйнамаштабнае паўтарэньне на вучэньнях у верасьні.
Цалкам абмеркаваньне аналітыкамі Дакладу амэрыканскай вайсковай выведкі можна прачытаць тут.